Зямля выціскае жалеза на паверхню

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Сапёры на мяжы вайны і міру ў стужцы "Беларусьфільма"
На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” стартавалі здымкі новай 8-серыйнай стужкі пад рабочай назвай “Полымя пад попелам” аўтараў Юліі Ляшко і Людмілы Перагудавай. У цэнтры яе — перапляценне дзвюх гісторый: пасляваеннага 1945 года і сучаснасці, якая нечакана становіцца рэхам пасляваенных падзей. На натурнай пляцоўцы кінастудыі гадзіна за гадзінай абжываецца беларуская вёска, дзе будзе разгортвацца частка пасляваенных падзей. І пакуль дамы напаўняюцца мэбляй, а суседняе поле ператвараецца ў міннае, мы размаўляем з рэжысёрам Іванам Паўлавым пра тое, чым прыцягнула яго ўвагу гэтая кінематаграфічная гісторыя.

/i/content/pi/cult/857/18203/024.jpg— Вялікая колькасць сучасных фільмаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, — адзначае рэжысёр, — прывучыла сучасных гледачоў к падачы таго, што адбывалася ў 1945 годзе, з пазіцый “вайны і міру”: маўляў, адваявалі, перамаглі фашызм, а потым пачалі будаваць светлую будучыню. Рэальнасць жа аказалася куды як іншай. Нашы героі ў 1945 годзе — зусім маладыя дзяўчаты і хлопцы, тыя, хто па ўзросце не трапіў у армію. Але пасля таго як Беларусь у 1944 годзе была вызваленая і пачало наладжвацца мірнае жыццё, яны запісаліся дабравольцамі ў атрады ОСОАВИАХИМа для таго, каб ужо ў мірны для іх час асвоіць сапёрныя навыкі і прыняць удзел у размініраванні Мінска і рэгіёнаў. Гэта рэальны факт: калі пры вызваленні рэспублікі галоўныя гарадскія аб’екты размініравалі вайсковыя сапёры, то пасля таго, як фронт рушыў на захад, справу ўзялі на сябе маладыя дабравольцы. І асабіста мне было важна падкрэсліць: нягледзячы на тое, што тагачасная моладзь так хацела хутчэй акунуцца ў нармальнае жыццё, яны свядома абралі для сябе размінёрскую дзейнасць. Але не з-за нейкай “ідэалагічнай апрацоўкі”, як магло б здавацца, а таму, што адраджэнне нармальнага, мірнага існавання сваёй краіны кожны з іх успрымаў як уласную задачу.

Яшчэ на этапе падрыхтоўкі да здымак да праекта актыўна далучылася Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Нагодай для супрацоўніцтва стала тое, што галоўны герой сучаснай сюжэтнай лініі — сучасны армейскі сапёр, які служыць у Супрацьмінным цэнтры.

— Асабіста мяне, — кажа Іван Паўлаў, — надзвычай уразіла тое, што сёння, у XXI стагоддзі, армейскія сапёры па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі. За год ім даводзіцца ладзіць да пяцісот выездаў на выклікі, і гэта не забытыя ў метро сумкі “падазронага выгляду”, а сапраўднае гуманітарнае размініраванне — ліквідацыя выбухованебяспечных прадметаў, якія застаюцца ў зямлі з часоў вайны. Толькі ўявіце сабе: з вясны 1944 года, як толькі тэрыторыі Беларусі вызваляліся ад фашыстаў, дабравольцы пачыналі размініраваць іх, і працы гэтай застаецца яшчэ і сучасным прафесіянальным ваенным.

Да нашай размовы далучаецца аператар фільма Вячаслаў Дунаеў:

— Яшчэ да пачатку здымак мы дамовіліся з ваеннымі і паехалі разам з імі ў Докшыцкі раён — туды, дзе акурат зараз праводзяцца рэальныя работы па размініраванні. Нам важна было ўбачыць на ўласныя вочы, як сёння выглядае дзейнасць сапёраў. Так, у параўнанні з пасляваенным часам яны маюць у сваім арсенале не толькі шчупы з металадэтэктарамі, але і найноўшую тэхніку, адпаведную амуніцыю… Але ж усё роўна яны штодня сутыкаюцца з тым, што з часу вайны не страціла сваёй небяспечнасці. Пры нас на полі, дзе да гэтага шмат дзесяцігоддзяў пасвіліся каровы, яны літаральна за пару-тройку гадзін сабралі некалькі дзясяткаў мін, склалі іх у вялікую яміну і падарвалі. Натуральна, з пазіцый тэхнікі бяспекі нам дазволілі назіраць за самім падрывам з даволі вялікай, бяспечнай адлегласці. Аднак для адпаведнага ўражання хапіла таго, як нашу машыну, што знаходзілася ці не ў паўкіламетры ад месца падрыву, падкінула выбуховай хваляй. Зрэшты, акурат пасля гэтай “рэаліці-экскурсіі” мы з рэжысёрам канчаткова ўпэўніліся ў тым, што жадаем уключыць у будучы фільм не толькі мастацка-пастановачныя, але і рэальныя, дакументальныя здымкі таго, што ж сабой уяўляе рэальны выбух міны. Каб ніхто не думаў, што сёння гэта ўжо не небяспечная зброя, а ўсяго толькі ржавыя жалязячкі, якія валяюцца ў зямлі.

Дарэчы, адной з важных, праведзеных праз увесь фільм тэм з’яўляецца тэма людскога нядбальства ў дачыненні да той вайны. Здаецца, прайшло шмат дзесяцігоддзяў і можна жыць, не задумваючыся пра падзеі “даўно мінулых дзён”. Аднак гісторыя даводзіць іншае, дастаткова толькі паглядзець выпускі навін. Так, мы рэгулярна бачым сюжэты з Сірыі, Нагорнага Карабаху,
у якіх журналісты распавядаюць пра факты гуманітарнага размініравання тэрыторый для таго, каб людзі маглі нармальна жыць і не баяцца за будучыню ўласных сем’яў.
І пры гэтым мы часта не ведаем пра тое, што з аналагічнымі сітуацыямі і ў наш час сутыкаюцца, прыкладам, айчынныя фермеры, якія раптам на ўласных палях сустракаюцца са старымі мінамі і боепрыпасамі.

— Ваенныя кажуць, што гэта цалкам натуральны факт: зямля выціскае схаванае ў ёй жалеза на паверхню, і гэтым тлумачыцца тое, што выбухованебяспечны “ўраджай” не атрымліваецца сабраць раз і назаўсёды. Мы ж, прывычныя да жыцця ў мірны час, ставімся да розных перасцярог часта вельмі скептычна, маўляў, мяне гэта не датычыць. Акурат да гэтай тэмы мы звяртаемся ў сучаснай лініі фільма, — кажа рэжысёр.

На здымачнай пляцоўцы — маладыя беларускія акцёры, якія будуць занятыя ў галоўных ролях. І заўважна, што для іх праца ў “По-
лымі пад попелам” з’яўляецца ўваходам не толькі ў прафесію, але і ў гісторыю ўласнай краіны. Яны шмат размаўляюць з рэжысёрам пра тое, што ж рухала іх раўналеткамі ў 1945 годзе, і пра тое, што акурат на такіх рысах, як самаадданасць, шчырасць, апантанасць, і замешаны беларускі характар. Але фільм, паводле сваёй задумкі, разлічаны на аўдыторыю ўсёй постсавецкай прасторы. Менавіта таму адну з роляў у ім сыграе народны артыст Расіі Ігар Ясуловіч. Яго герой — акурат адзін з тых маладых размінёраў, хто не загінуў у 1945 годзе і чый унук — Аляксей Акуліч у выкананні Максіма Паніматчанкі — працягвае сёння справу, распачатую 75 гадоў таму.

— Бадай, адной з самых складаных задач для сучасных беларускіх кінематаграфістаў з’яўляюцца пошукі адпаведнай натуры для таго, каб паказаць пасляваенную краіну. Безумоўна, сучасныя тэхналогіі дазваляюць за кошт выкарыстання камп’ютарнай графікі стварыць практычна любую карцінку. Але дзеля таго, каб у фільме гэта не выглядала штучна, яна ўсё роўна павінна быць “жывой”. Тое, чым краіна можа ганарыцца, для нас выклік — ці не адзінае месца ў Беларусі, дзе сёння можна здымаць разбураны пасляваенны Мінск, мы знайшлі… у Бабруйску, на руінах старога зачыненага завода. А жыццё сучасных ваенных здымалі на тэрыторыі рэальнага Супрацьміннага цэнтра — дзе ж яшчэ найлепшым чынам можна адчуць усю спецыфіку сапёрнай службы, як ні ў яе эпіцэнтры, — распавядае Іван Паўлаў.

Здымачны перыяд “Полымя пад попелам” працягнецца да канца лета, а сам фільм убачыць свет на пачатку будучага года. І, як зазначаюць яго стваральнікі, ён мусіць стаць данінай памяці ўсім тым юнакам і дзяўчатам, хто ў 1944 — 1946 гадах не стаў спасылацца на “мірны час” і дабравольна аддаваў свае сілы, энергію, а часам і жыцці дзеля таго, каб надалей было як мага меней выбухованебяспечных нагод узгадваць ваеннае ліхалецце.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА

Фота аўтара.