Інакш кажучы, работнік культуры — месія, ад якога залежыць вельмі многае. Праўда, не кожны хоча гэта ўсвядоміць. Між тым чарговы беларускі рэнесанс вымагае не статыстаў, а тых, хто правільныя кніжкі ў дзяцінстве чытаў.
А цяпер паглядзім, чым жыве на сёння рэгіянальная культура нашай краіны. Як і заўжды, глабальныя праблемы бярэцца вырашаць Палац мастацтваў Бабруйска. Загадчык культурна-масавага сектара Кацярына Каваленка піша: “17 чэрвеня ў аздараўленчым летніку сярэдняй школы № 16 Бабруйска работнікі палаца правялі акцыю “Экалогія: трывогі і спадзяванні”, якая ў чарговы раз нагадала, што нашай планеце пагражае небяспека, але ў нашых сілах выратаваць Зямлю. Пагаварылі аб адходах, пра тое, як правільна іх збіраць і перапрацоўваць. Таксама прысутныя даведаліся, што можна вырабіць з другаснай сыравіны”. Задача акцыі, неаспрэчна, высакародная. Але да тэорыі няблага было і трошкі практыкі далучыць. Да прыкладу, прызначыць дзень барацьбы з пластыкавымі бутэлькамі, якія сёння ці не пад нагамі валяюцца, сабраць іх і на перапрацоўку накіраваць. А мо так яно насамрэч і было? Тады даруйце. Тады жыццё наша сапраўды мяняецца.
Чарговае мерапрыемства Бабруйскага палаца, па словах усё той жа Кацярыны Каваленка, — свята спорту і здароўя для навучэцаў. Вось тут недахопу ў практыцы яўна не было: майстар-клас з элементамі фітнесу вяла кіраўнік аматарскага аб’яднання Наталля Чорная.
Рэха ўспаміну пра пачатак вайны. “У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня, у нашай установе прайшло мерапрыемства “Мы памятаем…”, — піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондам Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Алена Огер, — падчас якога адбылася прэзентацыя кнігі жыхара Вялікай Бераставіцы, публіцыста Міхаіла Маскальчука “Каб памяталі…”. Міхаіл Васільевіч — аўтар нарысаў і публікацый пра апошнюю вайну, эсэ пра лёсы людскія, гумарыстычных апавяданняў. Кніга “Каб памяталі…” — зборнік апавяданняў, інтэрв’ю розных гадоў пра падзеі ваеннага ліхалецця. Кніга выдадзена пра падтрымцы і актыўным удзеле супрацоўнікаў аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай раённай бібліятэкі”.
Супрацьваенны расповед даслала загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. Гаворка ў лісце — пра дзейнасць патрыятычнага чытай-дворыка. Дзеля гэта працуе і вулічны тэатр кнігі “Вайна вачыма дзяцей”.
80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны — тэма ліста загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Наталлі Гурскай. Яна распавядае, што аддзел абслугоўвання і інфармацыі ўстановы падрыхтаваў гадзіну паэзіі “І горкі дым вайны”. На мерапрыемства запрасілі ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост”, што дзейнічае пры бібліятэцы. Лёсы піянераў-герояў згадалі дзеці з прышкольнага летніка “Брыганціна”. А ў філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна” прайшла вахта памяці. Тут была наладжана віртуальная вандроўка па слонімскіх вуліцах, названых у гонар герояў, што вызвалялі горад ад фашыстаў.
“22 чэрвеня на Аўгустоўскім канале (шлюз Дамброўка) па маршруце культурна-патрыятычнага круізу працавала “франтавая” бібліятэка. Стварылі яе работнікі інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра і Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра турызму і краязнаўства. Быў тут і Куток партызанскага побыту, дзе экспанаваліся салдацкія пісьмы, плакаты тых часін, асабістыя рэчы байцоў”, — паведаміла галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Карына Ошва.
У Зэльвенскай раённай бібліятэцы правялі круглы стол “Першыя дні вайны: падзеі на Зэльвеншчыне”. Гаворка ішла пра малавядомы Зэльвенскі прарыў 1941 года. Стратэгічнае шасэ Беласток-Ваўкавыск-Слонім аказалася да такой ступені забітае нашымі войскамі, што фашысцкія самалёты амаль беспакарана знішчалі тысячы салдат. І ўсё ж вялікай крывавай цаной “мяшок” быў прарваны. Мы толькі вучыліся тады ваяваць…
Карына Грыгарук з Ашмянаў распавяла пра мясцовы хор ветэранаў вайны і працы. Калектыў, створаны ў 1986 годзе, надзвычай актыўны. Нават у Белдзяржфілармоніі выступаў. Народным хорам сёння кіруюць выкладчыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Асмольская і Юрый Брашко. Народны ансамбль ДШМ “Карусель” акампаніруе хору. У складзе яго — 24 удзельнікі. Усе таленавітыя, выконваюць беларускія народныя песні, песні ваенных гадоў, творы грамадзянскай тэматыкі.
25-27 чэрвеня прайшоў XXVII Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Як распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама Людміла Дударава, сёлета ў свяце бралі ўдзел 20 калектываў з Беларусі і Украіны. Нягледзячы на эпідэмічныя абставіны, фэст над Дняпром хоць і згубіў на час прадстаўніцтва, але, хачу верыць, захаваў сваю “салаўіную” спеўную адметнасць.
Працягваюцца святы касцоў. Не стала выключэннем і Вензаўка Дзятлаўскага раёна. А пачаўся конкурс са старажытнага абраду: вясковая прыгажуня напаіла самага сталага работніка квасам, а той аддзячыў за клопат, павязаўшы ёй хустку. Першае месца за хуткасць і якасць прысуджана касцу Уладзіміру Зінкевічу. Перад удзельнікамі конкурсу і гасцямі выступілі вакальна-інструментальны гурт і народны тэатр-студыя з Дзятлаўшчыны, народны ансамбль песні Казлоўшчынскага дома культуры. Паведаміла пра прыгожае свята загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец.
Вы каштавалі смажанага ў смятане карася? Калі не, я спачуваю ад душы. Майце на ўвазе, што ў аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна гэтым займаюцца кожнае лета, а свята “Вярэйкаўскі карась” даўно стала раённым брэндам. Вось і сёлета ў Вярэйках было клёва. Пра гэта напісала загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры Ларыса Ланіна.
Сяргей Чыгрын не толькі наш актыўна пазаштатны аўтар, ён яшчэ і цікавы паэт, літаратура— і краязнаўца, гісторык, перакладчык, публіцыст. Бібліятэкар Інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Сялявічы Слонімскага раёна Ірына Каранец піша: “Сяргей Чыгрын больш вядомы як аўтар гісторыка-краязнаўчых кніг. Але сваю літаратурную дзейнасць ён распачаў вершам “Свеціць сонейка” ў часопісе “Бярозка”. Потым выйшла паўдзясятка паэтычных зборнікаў для дарослага чытача. А вось сёлета з’явілася кніга вершаў і для дзяцей — “Слонік і гармонік”. Прэзентацыя яе прайшла ў нашай бібліятэцы”.
Метадыст са Смаргонскага раённага цэнтра культуры Вольга Крывянкова даслала нізку навін. У фармаце дыстанцыйнага ўдзелу прайшоў шосты штогадовы рэгіянальны фэст батлеечных тэатраў. Васямнаццаць калектываў з Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцей даслалі відэазапісы сваіх спектакляў. У намінацыі “Лепшы спектакль” найлепшым стаў народны тэатр аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦК… У раёне прайшоў шэраг мерапрыемстваў да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 22 ліпеня ля помнікаў загінулым землякам прайшлі мітынгі-рэквіемы.
Пішыце пра цікавае і здзіўляйце!
Сустрэнемся праз тыдзень.