Парадны ліпень сорак чацвёртага...

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Беларускія партызанскія маршы ў люстэрку сённяшняга дня
Усё далей і далей ад нас вайна. І ўсё далей па адлегласці той гістарычны дзень 3 ліпеня, калі быў вызвалены наш родны Мінск. Так, шмат гадоў мінула з той сонечнай найшчаслівай падзеі. Але вось з цягам часу вайна, якая бязлітасна вырвала з жыцця трэцюю частку насельніцтва Беларусі, нібы зноў пачынае набліжацца да нас, успамінаецца ўсё часцей і пранізлівей ці то ў кантэксце чорнага 22 червеня, ці то — з радасцю і са слязамі на вачах — у першыя пераможныя майскія дні кожнага года. Нацыянальным падарункам для нас, беларусаў, сталі, мабыць, і першыя ліпеньскія дні, калі мы святкуем і вызваленне нашай зямлі ад фашысцкай навалы, і сучасны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І практычна ўвесь ліпень кожнага года, для нас, беларусаў, яшчэ і тым знамzнальны, што ў гэтым месяцы ў Мінску (16 ліпеня 1944 года) і ў Віцебску (23 ліпеня 1944 года) прайшлі ўнікальныя партызанскія парады, аналагаў якіх цяжка знайсці ні ў далёкім, ні ў бліжнім замежжы.

/i/content/pi/cult/857/18197/014.jpgПраўда, штосьці падобнае адбылося 19 верасня 1943 года у горадзе Арол, дзе прайшоў партызанскі парад у гонар вызвалення гарадоў Бранск, Бежацы і Арла. Хаця тады ён у афіцыйных дакументах пазначаны як мітынг. Парадам яго сталі называць пазней. І яшчэ 8 кастрычніка 1944 года ў Петразаводску таксама прайшоў парад партызан і падпольшчыкаў у гонар вызвалення тэрыторыі савецкай Карэліі і выхаду з войны Фінляндыі.

Але партызанскія парады ў Мінску і Віцебску можна лічыць класічным прыкладам такога роду ўрачыстых акцый ў Беларусі — краіне, якая ўвайшла ў сусветную гісторыю як легендарная “Партызанская рэспубліка”.

А між тым, на моладзь уся надзея: калі не яна, дык — хто? Памятаць тых, хто здзейсніў бессмяротны подзвіг у імя жыцця, у імя Бацькаўшчыны, памятаць урокі гісторыі, памятаць у імя сябе — вось галоўная мэта, якая сёння стаіць перад грамадствам незалежнай Рэспублікі Беларусь. Мне здаецца, што ў гэтым сэнсе, у кантэксце жывой гістарычнай памяці, наша нацыянальная культура, гуманістычная па сваёй сутнасці, магла б з’явіцца моцным духоўным акумулятарам чалавечых арыенціраў на шляху ў заўтрашні дзень — дзень без войн, рэвалюцый, насілля, гвалту, сацыяльных і рэлігійных канфліктаў.

/i/content/pi/cult/857/18197/015.jpgПра баявы агляд беларускіх партызан, які прайшоў 16 ліпеня 1944 года у Мінску, дастаткова вядома па ўспамінах яго ўдзельнікаў, а таксама па СМІ і кінахроніках тых часоў. Нагадаю толькі некаторыя факты, у тым ліку мала вядомыя, звязаныя з патрыхтоўкай і правядзеннем гэтага гістарычнага спектакля.

...Усё пачыналася 3 ліпеня 1944-га, калі ў ходзе так званай Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” у Мінск з баямі ўвайшлі часці 3-га і 1-га Беларускіх франтоў. Раніцай наступнага дня ў горад прыбылі партыйныя кіраўнікі. А ужо 5 ліпеня Беларускі штаб партызанскага руху разаслаў радыёграмы з загадам падцягваць да Мінску партызанскія брыгады з мэтай прыкрыць горад у выпадку пранікнення ворага, бо баі на ўсход ад горада яшчэ працягваліся да 11— 12 ліпеня; а таксама разгрузіць сталіцу ад ваеннапалонных, размініраваць Дом ўрада і пачаць падрыхтоўку да ўласнага расфарміравання брыгад. Праз пяць дзён у Мінск прыбылі амаль пяць тысяч партызан, і ў бліжэйшы час чакалася яшчэ да 20 і болей тысяч.

/i/content/pi/cult/857/18197/016.jpgЗ 6 ліпеня ў Мінск з розных куткоў вызваленай рэспублікі сталі прыбываць партызанскія брыгады. Горад не мог умясціць такой колькасці людзей: уявіце сабе, у Беларусі дзейнічалі 213 брыгад і 260 самастойных атрадаў. Канешне, не ўсе партызанскія фарміраванні павінны былі прыбыць у Мінск, але і тых, хто прыехаў, было шмат. Таму большасць партызан размясціліся лагерам ў наваколлях горада.

Хаця да канца вайны заставалася яшчэ 10 месяцаў, беларускі народ ужо святкаваў першую перамогу — пазбаўленне ад фашысцкага нелюдзя. Вуліцы і плошчы сталіцы з раніцы да вечара былі запоўнены жыхарамі і партызанамі. Радасныя сустрэчы з роднымі і блізкімі, з таварышамі па зброі, песні, пляскі, вясёлы шум і гоман. Пра гэты дзень мне калісьці расказаў мастак Міхась Станюта, які быў сведкам парада. Па яго словах, дні 3-га, 15-га і 16-га ліпеня 1944 года былі самымі шчаслівымі днямі ў яго жыцці пасля таго, што ён зведаў у час акупацыі Мінска. Менавіта ў канцы чэрвеня 1944-га ён напісаў з натуры вельмі журботны пейзаж ”Разбураны Мінск”.

/i/content/pi/cult/857/18197/017.jpg...І вось з раніцы 16 ліпеня адусюль — з Камароўкі, Старажоўкі, Чэрвенскага тракта, Станькава і Смалявіч, Радашковіч і Дукораў, з навакольных вёсак пацягнуліся да іпадрома калоны партызан і насельніцтва. Вялізны зялёны луг на беразе Свіслачы запоўніла людская маса. Цяжка сказаць, каму першаму з членаў бюро ЦК КП(б) Беларусі прыйшла думка арганізаваць парад беларускіх партызан у гонар вызвалення сталіцы БССР. Зразумела адно: месцам правядзення парада быў выбраны размініраваны гарадскі іпадром ў лукавіны ракі Свіслачы насупраць спіртаводачнага завода ў раёне вуліцы Чырвонаармейскай, які ахоўвала партызанская брыгада “Буравеснік”. А паветра прыкрывалі нашы знішчальнікі і проціпаветраная абарона. Карацей кажучы, пад вечер 15 ліпеня ў Мінску ужо знаходзілася 30 партызанскіх брыгад агульнай колькасцю каля 30 тысяч чалавек. Цікава, што кожная брыгада мела свой ўласны сцяг і плакаты.

16 ліпеня — сонечны дзень. 13 гадзін. Пачалося... Чамусьці мітынг адкрыў не камандзір Мінскага абласнога партызанскага злучэння, Герой Савецкага Саюза Васіль Казлоў, як чакалася народам, а даваенны кіраўнік Мінскага выканкама гарсавета Канстанцін Бударын, які пару дзён таму вярнуўся з далёкай эвакуацыі. Да партызанскіх спраў паўзабыты мінчанамі гарадскі галава наогул не меў ніякага дачынення. Помніце, як у Высоцкага з “Балады пра дзяцінства”: “А из эвакуации толпой валили штатские // Осмотрелись они, оклемались...”?

Уяўляю, як яго, гранічна цывільнага сацработника, які ніколі не нюхаў пораху, успрымалі байцы-партызаны. Яны стаялі пад трыбунай у чаканні пачатку марша і слухалі нейкія пафасныя фразы, абвешчаныя па паперы. Потым Бударын даў слова Старшыні Саўнаркама БССР і першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку. Услед за ім выступалі кіраўнікі партызанскага руху, члены ЦК партыі і ўрада. На трыбуне — камандзіры партызанскіх злучэнняў і камандзіры Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі Іванам Чарняхоўскім, кіраўнікі камсамола, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, пасланцы горада Горкага, якія паспелі даставіць вялікі эшалон прадуктаў для галодных жыхароў разбуранага ворагам змучанага Мінска.

Гонар адкрыць парад перад 50 тысячамі жыхароў сталіцы, якія ацалелі ў перыяд фашысцкай акупацыі, было даручана брыгадзе «Народныя мсціўцы» імя камбрыга Васіля Варанянскага (загінуў 14 верасня 1943 года). За ёй ішлі брыгады імя Чкалава, Кірава, Шчорса, Чапаева. На ўпрыгожаных кветкамі конях праязджалі партызаны зводнай коннай групы з брыгад “Разгром”, імя Варашылава, Ракасоўскага і атрада імя Даватара. Каціліся трафейныя гарматы. Ішлі разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі брыгад “Чырвоны сцяг”, “За Савецкую Беларусь”, “Штурмавая”, “Беларусь”, імя Сталіна, Першай, Другой і Трэцяй Мінскіх брыгад, спецатрад НКДБ СССР “Мясцовыя” падпалкоўніка Станіслава Ваўпшасава. Дарэчы, ён адзін з нямногіх, хто пакінуў успаміны пра гэты парад.

Дзейства па-сапраўднаму было вельмі маляўнічае. Народны мастак БССР Яўген Зайцаў праз чатыры гады так і паказаў яго ў сваім палатне “Парад партызан у Мінску ў 1944 годзе”. Паміж разбуранымі і спаленымі дамамі горада маршыравалі схуднелыя, змарнелыя, але с гордай постаццю, з узнагародамі на грудзях лясныя салдаты. У руках агнястрэльная зброя савецкага і замежнага ўзору, уключаючы і зброю, якую выраблялі ў лясах партызанскія ўмельцы. Трэба сказаць, што напярэдадні парада многім патрыётам былі ўрачыста ўручаны медалі “Партызану Айчыннай вайны”.

У парадзе удзельнічала і партызанская тэхніка, галоўным чынам, з нямецкай трафейнай спадчыны. А яшчэ асаблівую ўвагу прыцягнуў грузавік ЗИС-21 з газагенератарным рухавіком, які мог працаваць проста на дровах. На спецыяльным круку ён цягнуў партызанскую гармату. Гэты грузавік восенню 41-га пад Вязьмай захапілі немцы. Потым адправілі ў Мінск, дзе ён доўга стаяў на Паўднёвым аэрадроме пад аховай маладога салдата Ганса Куляса. Але хутка гэты немец разам з грузавіком перайшоў на бок партызан. З таго грузавіка партызанскія ўмельцы зрабілі ў кузаве сапраўдны млын з млынавымі камянямі і іншымі механізмамі для памолу мукі. Для лясных байцоў гэта было вялікай ўдачай.

Пасля вайны Ганс Куляс жыў у Сібіры, ажаніўся з рускай дзяўчынай, нарадзіў сем ці восем дзяцей. Доўгі час лічыўся прапаўшым, бо былыя аднапалчане не маглі яго знайсці. У 1960-м атрымаў пашпарт грамадзяніна СССР і вярнуўся ў Беларусь, дзе нарэшце атрымаў медаль “Партызану Айчыннай вайны”.

На маршы быў і яшчэ адзін нязвыклы ўдзельнік небывалага парада — казёл па мянушцы Малыш. У 1943-м, пасля разгрому нямецкага гарнізона на станцыі Куранец, партызанскі атрад «Барацьба» з брыгады «Народныя мсціўцы», сярод іншых трафеяў, захапіў з сабою і жывога казла. Жывёла павінна была спатоліць партызанскі голад, але вельмі спадабалася лясным байцам, і хутка казёл, атрымаўшы мянушку Малыш, стаў нейкім талісманам атрада. Акрамя ўсяго іншага, ён у час пешых партызанскіх пераходаў па лясах і балотах цягнуў сумку з медыкаментамі.

Пра гэта захаваліся ўспаміны Васіля Даўжонка, маладога партызана з той самай брыгады “Народныя мсціўцы”, якая з пачатку 1944-га стала насіць імя загінуўшага камбрыга Васіля Варанянскага: “Малыш пераносіў з намі ўвесь цяжар палявога жыцця, мы практычна разам з ім абедалі, спалі і... нават ваявалі! Аднойчы адбылася буйная стычка з немцамі каля вёскі Акалова, недалёка ад Плешчаніц. Я добра помню той бой, быў у той час другім нумарам кулямётнага разліку — падаваў патроны. Увесь час боя Малыш ад нас не адыходзіў. Прычым дзейнічаў вельмі граматна: ледзь толькі немцы адкрывалі шквальны агонь, спакойна адыходзіў пад прыкрыццё, за сасну, перачакаў, а пасля зноў выходзіў і ўважліва назіраў за ходам бою”. Вось чаму разам з партызанскім атрадам 16 ліпеня 1944 года Малыш апынуўся сярод удзельнікаў гэтага гістарычнага парада. “Мы рашылі, — далей успамінаў Даўжонак, — што Малыш заслужыў, каб быць з намі ў гэты ўрачысты момант. Партызанкі з нашага атрада яго добра пачысцілі, прыбралі ў стужку з нямецкімі ордэнамі. Гітлераўскія ўзнагароды дасталіся нам у якасці трафея, калі мы захапілі варожую штабную машыну, — рашылі, што на шыі ў Малыша ім самае месца. Парад пачаўся, і наш прыбраны казёл адразу заняў прывычнае для яго месца — наперадзе калоны. Помню, я заўважыў, як Чарняхоўскі здзіўлена глядзеў на нашу “хатнюю жывёлу” і, ажыўлена жэстыкулюючы, пра штосьці гаворыў са сваім памочнікам...» Спачатку меркавалася, што Малыш пройдзе мала прыкметным унутры калоны, але ў час урачыстага марша баявы казёл, не прывычны хадзіць у страі, у зручны момант вырваўся з рук суправаджальнікаў і прыладзіўся побач з камандаваннем атрада паперадзе калоны, чым выклікаў шалёнае захапленне ў гледачоў.

Увесь гэты імправізаваны “жывы спектакль” для ўсіх гледачоў і арганізатараў парада быў такім нечаканым, неардынарным, што амаль адразу ўзніклі розныя міфы і легенды пра нібыта глыбока заканспіраваную ролю казла у гэтай акцыі. Была і такая пагалоска, што казёл у нямецкіх ордэнах быў спецыяльна прыдуманы савецкай пропагандай. Іншыя шукалі ў “вобразе” казла сімвал недарэчнага, дурнога і ўпартага нацыста. На самой справе ўсё прасцей: гэта была ініцыятыва радавых партызан, якія такім чынам выразілі сваю пагарду да разбітага ворага. І тут дамысліваць няма чаго...

А вось як вядомы пісьменнік Іван Новікаў, па кнізе якога быў створаны мастацкі кінасерыял “Руіны страляюць...”, расказвае пра гэты эпізод парада: “Міма трыбуны праходзілі калоны страката апранутых людзей — хто ў ваенным абмундзіраванні, хто ў сялянскай вопратцы. Усе імкнуліся крочыць па-ваеннаму цвёрда, над калонамі ў руках сцяганосцаў калыхаліся сцягі брыгад і атрадаў. Раптам над іпадромам узарваўся моцны, тысячагалосы рогат. Смяяліся ўсе, хто назірўі, як стары партызан і падлетак цягнуць перад трыбунай задрыпанага старога казла, цалкам абвешанага гітлераўскімі ордэнамі і медалямі. Часам казёл упіраўся, тады падлетак лёгка падштурхоўваў яго пад зад. З усіх бакоў нясліся рэплікі: “Глядзі, які герой у Гітлера!” — “Гебельса вядуць!” — “Не туды ордэны начапілі! На хвост зачэплівайце! Упірацца не будзе!” Казла правялі, а рогат яшчэ доўга не змаўкаў...”

Існуе яшчэ адна версія наконт таго, як казёл трапіў у партызанскі атрад брыгады “Разгром”. Праўда, тут гаворка ідзе не пра казла, а пра казу. У брыгадзе было шмат параненых, для якіх патрэбны былі не толькі медыкаменты, але і вітаміны, У народнай медыцыне заўсёды выкарыстоўвалася малако казы. Вось і папрасілі партызанскія ўрачы камбрыга Мікалая Балана здабыць дойную жывёлу. Камбрыг даў адпаведнае даручэнне маладому байцу Васілю Разумовічу. І той зімой 1943-га знайшоў казу ў адной сялянскай сям’і ў вёсцы Дальковічы Плешчаніцкага раёна, якая заўсёды падтрымлівала народных мсціўцаў. Быццам бы сама каза падыйшла да партызан і “папрасіла” пачаставаць яе хлебам. А потым цэлы месяц не адыходзіла ад іх. І ўжо вясной паспяхова перакачавала ў партызанскі лес. Вось так гэтая жывёла, партызанская ўлюбёнка — ці то казёл, ці то каза — пачала не сыходзіць у людзей з языкоў...

Парад, як і было прапісана ў сцэнарыі, закончыўся роўна ў 16 гадзін. Задаволеныя гледачы разыйшліся хто куды, высокае начальства арганізавала сваю банкетную “паляну”, а партызанскія брыгады прыступілі да расфарміравання... Наперадзе большасць учарашніх партызан, пераапранутых у армейскую форму, чакаў фронт...

А вось пра Віцебскі партызанскі парад і да сённяшніх дзён яшчэ мала хто ведае. Таму што нават у афіцыйных дакументах Віцебшчыны таго часу пра гэты парад не ўпаміналася. І толькі дзякуючы мясцоваму таленавітаму краязнаўцу, гісторыку і журналісту Аркадзю Падліпскаму і ўспамінам некаторых сведкаў гэтага дзейства (напрыклад, тагачаснага галоўнага рэдактара падпольнай абласной газеты “Віцебскі рабочы” Аляксея Крушынскага), дадзеная старонка нашай нацыянальнай гісторыі стала вядомай. Пра гэты парад сёння апавядае і мемарыяльны знак, адкрыты 26 чэрвеня 2019 года на віцебскай вуліцы Багдана Хмяльніцкага пры ўваходзе з боку плошчы Перамогі.

Вядома, што 23 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”. Па сваіх маштабах яна ўвайшла ў гісторыю Другой сусветнай вайны як самая буйная. На першым яе этапе было праведзена некалькі паспяховых баявых аперацый, у тым ліку і Віцебска-Аршанская, у выніку якой быў вызвалены Віцебск. У палон трапіла па розных даных ад 10 да 19 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, у тым ліку пяхотны генерал, камендант так званай па нямецкім статуце “крэпасці” Віцебск (Fester Platz) Фрыдрых-Вільгельм Гальвітцэр і ваенны камендант умацаванага раёна Віцебска генерал-лейтэнант Альфонс Алоіс Хітэр. Прыкладна 20 тысяч солдат праціўніка загінулі.

Горад вызвалілі 26 чэрвеня 1944 года. Але ён быў так моцна разбураны, што пасля вызвалення ад яго мала што жывога засталося. Узарвана, спалена было практычна ўсё. Вакзал і Дзвінскі мост знішчаны, прывакзальная плошча — у варонках ад авіябомб, нават з цяжкасцю можна было трапіць на другі бераг Заходняй Дзвіны. Цэнтральная — Саборная плошча ператварылася ў груду камянёў, сам сабор узарваны. Бальніцы, школы, дзіцячы дом, клубы, гасцініца “Брыстоль”, воданапорныя вежы ў раёне Магілёўскага рынка — усё знішчана. Толькі дзякуючы сапёрам старшага сяржанта Фёдара Блахіна ацалеў мост (зараз мост імя Героя Савецкага Саюза Ф.Блахіна); трошкі захавалася Маркаўшчына, ветэрынарны інстытут і дамы каля яго. Да вайны ў Віцебску пражывала больш за 180 тысяч чаловек, а Чырвоную Армію ў вызваленым горадзе сустракалі... 118 жыхароў. Упершыню гэтую неймаверную лічбу агучыла газета “Віцебскі рабочы”. Як мудра казаў Станіслаў Ежы Лец, “Сухие факты обильнее всего политы кровью»... Менавіта так...

Пасля таго, як Чырвоная Армія накіравалася далей на захад, у горадзе застаўся невялічкі атрад ваеннай камендатуры і некалькі нерасфарміраваных партызанскіх брыгад, а таксама рэдакцыя газеты “Віцебскі рабочы”, якая перабазіравалася з партызанскіх лясоў Віцебшчыны. Каму першаму прыйшла думка арганізаваць у разбураным горадзе мітынг і партызанскі парад — невядома. Але факт застаецца фактам: праз тыдзень пасля партызанскага парада ў Мінску такая патрыятычная акцыя адбылася і ў Віцебску.

Гадоў восем таму ў Віцебску ў серыі “Навукова-папулярнае выданне” выйшла невялічкая кніга вышэй згаданага Аркадзя Падліпскага пад назвай “Партызанскі парад у Віцебску”. Менавіта яна і ліквідавала яшчэ адну “белую пляму” ў гераічнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі. І калі пра партызанскі парад, што раней прайшоў у Мінску, вядома даволі дэталёва, то пра віцебскі — 23 ліпеня таго ж года — доўгі час мала хто ведаў. Нават у энцыклапедыі “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” (Мінск, 1990 г.) пра яго не сказана ні слова, таксама як і ў 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”.

А.Падліпскі на аснове архіўных матэрыялаў і ўспамінаў удзельнікаў таго ўнікальнага віцебскага парада ўпершыню падрабязна распавёў пра тое, як праходзіла гэтая гістарычная акцыя ў горадзе на Заходняй Дзвіне — амаль праз месяц пасля вызвалення Віцебска часцямі 3-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага франтоў.

Розуму недаступна, як у гэтым шматпакутным горадзе, калі ўсюды яшчэ зеўралі свежыя раны вайны, было вырашана правесці партызанскі парад! А.Падліпскі падрабязна расказвае, як усё рыхтавалася і хто быў аўтарам гэтай неардынарнай на той час ідэі. Аказваецца, што дадзенае пытанне абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні бюро Віцебскага абкама і гаркама КП(б) Беларусі з удзелам прадстаўнікоў ЦК КП(б)Б і гарадскіх улад 12 ліпеня 1944 года. Тады і было прынята канчатковае рашэнне аб правядзенні народнага мітынгу і партызанскага парада-дэманстрацыі.

Свята праходзіла на тагачасным Пралятарскім бульвары (цяпер — вуліца Багдана Хмяльніцкага), дакладней, на яго скрыжаванні з вуліцай Бязбожнай (цяпер — І.Шубіна). Да рэвалюцыі гэты раён называўся Сянной плошчай (тут прадавалі сена). Лепшага месца не знайшлося, бо Цэнтральная вуліца горада — Ленінская (сучасная вул. Леніна), якая пралягала паралельна Пралетарскаму бульвару, ляжала ў руінах. Не лепш выглядалі і галоўныя плошчы — імя Леніна і Свабоды.

Праз чатыры дні пасля парада газета “Віцебскі рабочы” апублікавала на паласу рэдакцыйную справаздачу пра гэтае мерапрыемства. А паколькі галоўным рэдактарам (з лістапада 1943 года па кастрычнік 1945-га) быў колішні начальнік разведкі, начальнік штаба партызанскага атрада імя Варашылава брыгады Канстанціна Заслонава, журналіст Аляксей Крушынскі, дык ён і стаў аўтарам гэтай перадавіцы. На адной з фатаграфій з парада яго можна разглядзець на трыбуне. Дадам, што ў сярэдзіне ліпеня 1944 года ён, будучы ў службовай камандзіроўцы ў Мінску, прыняў удзел у Партызанскім парадзе 16 ліпеня, а на наступны дзень вярнуўся ў Віцебск, дзе працягваў узначальваць “Віцебскі рабочы” — галоўны друкаваны органа цяпер ужо цалкам свабоднай Віцебшчыны.

Тэкст перадавіцы пра Віцебскі партызанскі парад можна смела лічыць ледзь не адзіным друкаваным матэрыялам тых часоў пра гэтую слаўную падзею. Вельмі шкада, што Аляксей Сцяпанавіч, аўтар цікавай дакументальнай аповесці “Взрывы над Днепром» (успаміны пра Канстанціна Заслонава) не паспеў напісаць і пра гэтую неардынарную падзею ў гісторыі горада. Толькі праз амаль паўстагоддзя за справу давесці да канца амаль забытую гісторыю Віцебскага парада ўзяўся Аркадзь Міхайлавіч Падліпскі. З розных архіўных крыніц ды ўспамінаў яшчэ на той час жывых сведкаў парада ён прывёў і шэраг імёнаў вядомых партызанскіх камандзіраў і арганізатараў партызанскага руху, якія непасрэдна прымалі ўдзел у мітынгу і парадзе-дэманстрацыі. Сярод іх — М.Шмыроў, І.Стулаў, В.Лузгін, Д.Райцаў, М.Бірулін, В.Кудзінаў, У.Кудраўцаў, Ф.Дуброўскі, У.Кудраеў, Н. Самуйлава, Я.Жылянін, А.Клячын, М.Клячына і іншыя. Імёны ў тыя часы былі ва ўсіх на слыху, хто быў так ці інакш звязаны з барацьбой беларускага народа супраць акупантаў. Усяго ўдзел у мітынгу і парадзе прынялі каля дзесяці тысяч чалавек, уключаючы тых людзей, хто прыбыў з многіх навакольных вёсак і населеных пунктаў.

У заключэнне хачу адзначыць, што ў абоіх парадах — мінскім і віцебскім — удзельнічалі тыя партызаны, хто прымаў непасрэдны удзел ў бітве за Беларусь, а потым у радах Чырвонай Армии ішлі далей, на штурм Кёнігсберга, Сандаміра, Будапешта, Зеелаўскіх вышынь, Берліна, Прагі. Іншыя станавіліся ў вызваленай роднай краіне рабочыми і будаўнікамі, што аднаўлялі разбураныя гарады і вёскі, журналістамі, пісьменнікамі, гаспадарамі зямлі, буйнымі партыйнымі і дзяржаўнымі дзеячамі. Але не будзем забываць і тых, каму вайна так і не дазволіла дажыць да знакавых пераможных партызанскіх парадаў...

Такі вось быў партызанскі “парадны” ліпень 1944 года ў Беларусі. Здаецца, што гэтыя парады ёсць роздумы над сэнсам чалавечага быцця ў кантэксце памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Таму што за імі, за парадамі, часіны выпакутаванага жыцця вольных людзей, іх адвага, стойкасць і любоў, цэласнае маральнае нутро, магчымасці іх духа — усё тое, чым у поўнай ступені валодала пакаленне франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, і што так неабходна сённяшняй нашай моладзі.

Барыс Крэпак

Фота з кнігі "Партызанскі парад у Віцебску" і сеціва.