“Сябры” перакладаюцца як “друзі”

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Чарнігаўская грамадская арганізацыя “Беларускае нацыянальнае культурнае таварыства “Сябры” была створана ў 2003 годзе. З гэтага і пачалося сістэмнае развіццё культурных і духоўных народных традыцый, абрадаў і святаў беларусаў сярод прадстаўнікоў дыяспары і іх сем’яў.

/i/content/pi/cult/857/18195/012.jpgЗа 18 гадоў “Сябры” значна паўплывалі на рост папулярызацыі нацыянальных традыцый і фарміраванне сяброўскіх адносінаў паміж украінцамі і беларусамі. На дадзены момант у БНКТ “Сябры” налічваецца 110 пастаянных сяброў.

“Беларускае нацыянальнае культурнае таварыства “Сябры” ўваходзіць у склад Усеўкраінскага Саюза беларусаў. Пастаянна падтрымлівае шчыльныя стасункі з Радзімай, з Пасольствам Рэспублікі Беларусь ва Украіне і культурнымі ўстановамі Украіны. Я, да прыкладу, была сябрам Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі (2015—2017).

“Сябры” рэгулярна ладзяць “Беларускія вячоркі”. Сюды можа прыйсці кожны ахвотны. Вядзецца нязмушаная гутарка, гучаць беларускія песні і расповеды аб сучаснай Беларусі, абмяркоўваюцца свежыя нумары беларускіх газет.

У 2006 годзе ў Чарнігаў прыязджала тэлевізійная брыгада беларускага тэлебачання — канала «Беларусь ТВ». У выніку быў зроблены 26-хвілінны фільм аб нашай арганізацыі, які дэманстраваўся па ўсім свеце. У 2012 годзе Чарнігаўскае абласное тэлебачанне зрабіла фільм аб нашай арганізацыі (на 19 хвілін). У 2015 годзе сябры суполкі прынялі ўдзел у здымках відэафільма “Беларуская этнасупольнасць” у рамках праекта “Украіна шматэтнічная” пра жыццё беларусаў ва Украіне (былі зняты сюжэты пра тое, як захоўваюцца мова, культура і традыцыі народа).

У 2017-м сумесна з беларускім пасольствам правялі ў Чарнігаўскім калегіуме №11 конкурс дзіцячага малюнка на тэму: «Рэспубліка Беларусь — маімі вачыма».

/i/content/pi/cult/857/18195/013.jpgМы стварылі невялікі музей беларускіх рэчаў побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У музеі налічваецца больш за 200 беларускіх ручнікоў, вырабаў з саломы, дрэва і гліны. Акрамя музея ёсць бібліятэка мастацкай літаратуры (больш 120 кніг) на беларускай мове, якая перыядычна абнаўляецца.

Мы адзначаем і святкуем нацыянальныя святы. Праводзім літаратурна-музычныя вечары. Робім дні беларускай кухні. 21 сакавіка 2018 года да Міжнароднага дня паэзіі ў бібліятэцы для юнацтва правялі літаратурную сустрэчу “Творчасць без межаў” для моладзі Чарнігава.

12 ліпеня 2019 года ў Музеі баявой славы Чарнігава адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Былі запрошаны ветэраны, якія вызвалялі Беларусь. Нацыянальнае культурнае таварыства “Сябры” павіншавала ветэранаў святочным канцэртам.

З 2006-га штогод прымаем актыўны ўдзел у Чарнігаўскім міжнародным фальклорным фестывалі нацыянальных культур “Палескае кола”. Таксама ўдзельнічалі ў фестывалі традыцыйнай славянскай культуры і баявых адзінаборстваў “Кіеўская Русь”.

Ёсць у нас дуэт “Сяброўкі”, фальклорны ансамбль, дзіцячы танцавальны калектыў “Ягадкі”, які прапагандуе культуру выканання беларускага народнага танца. З Беларусі мы атрымалі канцэртныя касцюмы. Пастаянна атрымліваем кнігі на беларускай мове, метадычную дапамогу, а таксама запрашэнні на семінары-стажыроўкі па культуры.

Галіна ВАРАЖБІТ, старшыня Чарнігаўскай грамадскай арганізацыі “Беларускае нацыянальнае культурнае таварыства “Сябры”