Бард глабальнай правінцыі

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць персанальная выстава жывапісца Валянціна Губарава. Ён самы вядомы беларускі мастак па-за межамі Беларусі, ды, мабыць, і ў самой краіне нашай. Многія калегі спадара Валянціна адкрыта зайздросцяць ягонай славе і яе матэрыяльнаму эквіваленту. Ягоныя карціны не залёжваюцца ў майстэрні. На ўсё, што ён робіць, знаходзяцца пакупнікі. Прычым збольшага гэта прыватныя калекцыянеры, якія ўмеюць лічыць грошы — бо плацяць сваімі крэўнымі, а не ўмоўна-дзяржаўнымі. Тыя, хто ўсё жыццё чакае ад грамадства нейкіх даброт ці прызвычаіліся лакцямі распіхваць іншых у чарзе па кавалкі дзяржаўных заказаў, проста не разумеюць, як можна дасягнуць такога поспеху, прынцыпова не ідучы на кампрамісы і робячы выключна тое, што самому цікава, да чаго душа ляжыць.

/i/content/pi/cult/857/18190/01.jpgСпадар Валянцін малюе правінцыю. Прычым пад правінцыяй ён разумее не геалакацыю ці адміністрацыйны статус паселішчаў, але стан душы насельнікаў. Правінцыю ён пры патрэбе знойдзе і ў Парыжы, і ў Нью-Ёрку. Асабіста я бачу на ягоных карцінах Мінск 60-х гадоў. Тады літаральна ў двух кроках ад цэнтральнага праспекта людзі жылі па-вясковаму, па траве босымі нагамі хадзілі. Дык тое Мінск, сталіца, а была яшчэ і глыбінка. Цяпер тая мінская зямля, лічы, залатая — забудаваная офісамі і элітным жытлом. А вось ці змяніліся сутнасна з тае пары людзі?

/i/content/pi/cult/857/18190/02.jpgСлавуты французскі фільм “Працэс” пра бессмяротную і бесчалавечную бюракратыю захоўвае сюжэт класічнай у сваім шэрагу кнігі Франца Кафкі, але дзея перанесена з пачатку стагоддзя ў рэаліі 60-х гадоў, з неназванага правінцыйнага гарадка ў мегаполіс. І атрымалася нібыта Кафка, і нібыта не. Нібыта ўсё тое ж, ды не так.

/i/content/pi/cult/857/18190/03.jpgТакім шляхам мог пайсці і бард глабальнай правінцыі Валянцін Губараў. Але ён свядома засяляе сваіх герояў у кананічнае для іх натуры асяроддзе — у нашу глыбінку мяжы 50—60-х гадоў. Хоць падобныя клоны можна сустрэць сёння, здаецца, на ўсіх кантынентах, і ходзяць яны не босымі нагамі па траве, а перасоўваюцца на “мерсах” і “таётах”. Валянцін Губараў  — рэжысёр, які засяроджаны на акцёрах, якія іграюць у спектаклі, якому не адна сотня год. А дэкарацыі для рэжысёра ў дадзеным выпадку — справа другасная. Ды і гледачам, заўзятарам ягонай творчасці, даспадобы менавіта такі антураж. Прынамсі, так мне падаецца.

/i/content/pi/cult/857/18190/04.jpg

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"