Мелодыі і спевы пад хвоямі Песняра

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Чароўныя гукі ў дворыку Коласавага дома
Пад шатамі стройных Коласавых хвой і волатаў-дубоў, пасаджаных рукой Песняра, музыка гучыць па-асобаму натхнёна. У гасцінным доме Якуба Коласа яе вельмі любілі слухаць. Народны паэт добра граў на скрыпцы і хораша спяваў, любіў слухаць па радыё народныя мелодыі і царкоўныя спевы. Мела прыгожы голас і жонка Песняра Марыя Дзмітрыеўна. А ў пачатку мінулага стагоддзя ў доме Коласа з’явіўся раяль. Яго набылі для унукаў паэта, які высока ацэньваў карысць музычнай адукацыі.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працягваюць традыцыі, закладзеныя Паэтам, — тут часта праходзяць канцэрты і творчыя сустрэчы з вядомымі і пачынаючымі выканаўцамі. Стаў традыцыйным і музычны праект “Кватэрнік у дзядзькі Якуба”.

23 чэрвеня ў яго межах на сядзібе паэта адбыўся творчы вечар беларускага спевака, колішняга артыста аперэты Віктара Шабуні. У час канцэрта гледачы задавалі пытанні спеваку, цікавіліся яго жыццём і творчасцю. А слухаючы старадаўнія і сучасныя рамансы пад гітару, кожны госць узгадаў нешта сваё, запаветнае…

/i/content/pi/cult/856/18189/16_1.jpg

Дваццаць гадоў Віктар Шабуня прысвяціў служэнню Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму музычнаму тэатру, сыграў на яго сцэне каля 40 роляў! Сёння ў яго рэпертуары больш за сотню рамансаў.

Гэта ўжо не першы творчы вечар Віктара Шабуні ў Доме Якуба Коласа  — мінулым разам канцэрт адбываўся ў Вялікай гасцёўні, а сёлета чароўныя гукі гітары гучалі ў дворыку Дома Коласа.

Праект “Кватэрнік у дзядзькі Якуба” стаў у музеі традыцыйным: у яго межах у розны час выступалі гурты Re1ikt, Сундук, Знарок, The Apples, Rosy band, спевакі Сяргей Башлыкевіч, Кацярына Ваданосава і іншыя.

Наступны “кватэрнік” адбудзецца 29 чэрвеня 2021 года — мінскі тэатр “Тэрыторыя мюзікла” прэзентуе свой прэм’ерны спектакль мюзікл-пасцічча “Фігара” па матывах п’есы П’ера-Агюстэна Карона дэ Бамаршэ.

/i/content/pi/cult/856/18189/16_2.jpg

П’еса Бамаршэ “Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігара” была папулярна ў часы жыцця Якуба Коласа, ды і ў наш час не згубіла сваёй вастрыні і, канечне ж, абаяння. Абодва аўтары ў сваіх творах абаранялі інтарэсы простых людзей, якіх лічылі разумнымі і кемлівымі.

Прэм’ера “Фігара” запланавана ў тэатры “Тэрыторыя мюзікла” на 28 ліпеня. Рэжысёр-пастаноўшчык Анастасія Грыненка заяўляе, што такога “Фігара” яшчэ ніхто не бачыў! І ў наведвальнікаў дома Коласа ёсць унікальная магчымасць у гэтым упэўніцца!

Гледачы ўбачаць сцэны са спектакля ў выкананні артыстаў тэатра Арцёма Пінчука, Ксеніі Харашкевіч, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ілоны Казакевіч, Дзмітрыя Якубовіча, Дзяніса Нямцова і іншых. А таксама даведаюцца, на якое “хуліганства” пайшла рэжысёр-пастаноўшчык Анастасія Грыненка і якое харэаграфічнае рашэнне абраў харэограф-пастаноўшчык Дзмітрый Якубовіч для мюзікла-пасцічча. Пачуюць вакальныя кампазіцыі і атрымаюць асалоду ад раскошы касцюмаў у стылі “ракако” мастака Юліі Бабаевай. А таксама пагутараць з артыстамі і пастановачнай групай тэатра ў цёплай атмасферы кватэрніка.

Вольга НАВАЖЫЛАВА