Таямніцы Яна Чачота

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Да 225-й гадавіны з дня нараджэння піянера беларускай фалькларыстыкі
17 ліпеня мы будзем мець выдатную нагоду, каб узгадаць Яна Чачота (“імя славутага паэта-рамантыка, філамата і філарэта, фалькларыста, этнографа і драматурга, аднаго з найбуйнейшых дзеячаў беларуска-польскага фальклорна-літаратурнага сумежжа XIX ст.”) І не толькі ўзгадаць у хатняй цішы, але і ўшанаваць асобу “пачынальніка новай беларускай літаратуры” на дзяржаўным узроўні. Таму мы пачынаем расповед пра радавод і жыццёвы шлях аднаго з самых годных сыноў беларускай зямлі.

“Знаць Чачота ўсе павінны і пра Зана дабрачыннасць, пра Касцюшку і Манюшку, і пра песняроў…” ёсць такія радкі ў “Песні” Францішка Багушэвіча, напісанай ім у 1897 годзе, за тры гады да смерці. Безумоўна, ставячы на першае месца імя Чачота ў чарадзе вядомых ліцьвінаў-беларусаў, Багушэвіч дбаў зусім не пра рыфму. Так ён аддаў даніну пашаны таму, хто на самым золку беларускага адраджэння ўзяўся за “невыгодную” працу на роднай ніве беларушчыны. Працы, якая пазней падштурхнула Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (магчыма, з іншай прычыны) і самога Францішка Багушэвіча павярнуцца пачаць пісаць творы і па-беларуску. А за імі на гэты шлях сталі і многія іншыя…

“У гонар Яна Чачота ў мінскім раёне Брылевічы названая вуліца. Імя паэта носіць таксама адна з вуліц Варшавы. У 1996 годзе ў Новай Мышы пад Баранавічамі, быў усталяваны бюст паэта, а ў 1997 адкрыты гісторыка-літаратурны музей імя Яна Чачота. Таксама ў гонар паэта ўсталяваны помнік у Карэлічах і памятная шыльда ва ўрочышчы Рэпіхава”. Але ці ёсць хоць адна школа, якая б насіла яго ганаровае імя? Ці студэнцкае або літаратурнае таварыства, інстытут, фестываль? Не. Падаецца, самы час аб тым падумаць?

/i/content/pi/cult/856/18188/15_1.jpg

Бюст Яна Чачота ў Карэлічах.

Пралог

Некалькі год таму, даволі выпадковым чынам, мне ў рукі трапіла пульхнатая тэчка, у якой былі сабраны каштоўныя публікацыі з беларускіх (і трошкі з польскіх) газет 1950 — 1980-х гадоў. Большасць з іх датычылася “вялікага польскага паэта”, “вялікага сына польскага народа” ліцвіна-беларуса Адама Міцкевіча. Так, з аднаго боку замацоўваючы у свядомасці беларусаў такія недарэчныя штампы, аўтары публікацый мелі магчымасць напоўніць матэрыялы цалкам прабеларускім зместам.

Але былі там і публікацыі пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Марылю Верашчаку і … Яна Чачота. Як высвятлілася, раней тэчка належала гісторыку-славісту і літаратару Льву Мірачыцкаму. У 1956 годзе ён распачаў навуковую працу ў навагрудскім музеі Адама Міцкевіча і актыўна, ледзь не першым у паваеннай Беларусі, узяўся за папулярызацыю асобы свайго славутага земляка, бо і сам паходзіў з Наваградчыны (в.Баяры, Карэліцкі раён). Але, магчыма, сваю першую публікацыю ён прысвяціў не Адаму Міцкевічу. Напрыканцы 1956 года Леў Мірачыцкі напісаў пранікнёны артыкул “Ён любіў і цаніў творчасць свайго народа”, які адрасаваў жыхарам Навагрудчыны, “падштурхоўваючы” іх адзначыць у 1957 годзе стадзесяцігоддзе з дня смерці Яна Чачота. Сумная нагода, нейкая “несвяточная”, падумае чытач. Але ж для папулярызацыі годнай асобы неабходна выкарыстоўваць любую нагоду.

Цікава, што тэчка гэта, нібы сама знайшла новага гаспадара. Бо, у “К” у той час актыўна друкаваўся наш серыял, прысвечаны радаводу Адама Міцкевіча ( гл. “К” №№  11 — 2016; 6, 14, 19, 24, 27 — 2017; 12,13,15, 17  — 2018).

У 2018 годзе, пад час працы ў Нацыянальным гістарычным архіве Літвы (НГАЛ), мне ўдалося знайсці крымінальную справу вядомага выкладчыка свіслацкай гімназіі Яна Чачота (цёзка), якога памылкова атаясамлялі з нашым філаматам. З чаго нарадзілася сцвярджэнне, што філамат Ян Чачот нейкі час выкладаў у славутай Свіслацкай гімназіі. Праўда, у той час, калі настаўнік актыўна выкладаў, філамат пасля працяглага працэса над студэнцкай моладдзю ехаў пад аховай царскіх жандараў у далёкі Кізіл (гл. “К” №4, 2019).

Потым было знаёмства з тэкстамі пра Яна Чачота вядомых беларускіх даследчыкаў - Адама Мальдзіса, Змітра Яцкевіча, Кастуся Цвіркі, Уладзіміра Мархеля, Генадзя Каханоўскага і шмат каго яшчэ. Так, Ян Чачот не абыйдзены ўвагай, хоць і да гэтага часу не “заслужыў” на паўнавартасную сучасную манаграфію. Што вельмі і вельмі дзіўна. Як і шмат хто з ягонага кола, напрыклад, Ігнат Дамейка, Антон Адынец, Ануфры Петрашкевіч ці Адам Міцкевіч. Іх апублікаваныя жыццярысы больш падобныя да папулярных нарысаў.

Тады ж, у 2018 годзе, і нарадзілася думка апублікаваць пад юбілей невялічкі серыял пра род, жыццё і творчасць Яна Чачота. І задумка дайшла да рэалізацыі. Рушым.

Калі святкаваць?

Калі зазірнуць у Вікіпедыю, якая нібы ведае ўсё пра ўсіх, для чаго, уласна і стваралася, можна пераканацца, што пра Яна Чачота там ведаюць. І высока шануюць. Артыкул пра яго — змястоўны, і не такі ўжо маленькі. І да таго ж, у два разы большы за тэкст пра Адама Міцкевіча (яшчэ адно “дзіўна”). Аўтары тэкста пра Чачота сцвярджаюць, што нарадзіўся ён “24 чэрвеня (7 ліпеня) 1796 года ў Малюшычах” (у другой версіі беларускай Вікіпедыі 7 ліпеня не згадваецца). Гэтую ж дату 24 чэрвеня прыводзіць Кастусь Цвірка ў першым томе серыі “Беларускі кнігазбор” —“Ян Чачот. Выбраныя творы” (1996), а таксама ў зборніку “Філаматы і Філарэты”, які выйшаў праз два гады ў той самай серыі. Удакладняючы, што 6 ліпеня Ян Чачот быў ахрышчаны вадой, а 19 ліпеня хрост дапоўнілі алеем. Крыху іншыя звесткі падае гісторык-архівіст Зміцер Яцкевіч у публікацыі “Радавод Яна Чачота”, якая была надрукавана ў серыі “Беларусіка - Albaruthenica” (т. 10, 1998). Раней гэты даклад прагучаў на Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях. Вось што піша спадар Яцкевіч  — “Адбылося гэта 24 чэрвеня 1796 года па старым стылі, а 7 ліпеня па новым. Ён быў ахрышчаны ў Варанчанскім парафіяльным касцёле 17 ліпеня таго ж года (н.ст.)”.

/i/content/pi/cult/856/18188/15_2.jpg

Касцёл Святой Ганны ў Варончы. 1878 год.

Але, як высвятлілася, даты “24 чэрвеня” трымаліся не ўсе і не заўсёды. Яшчэ ў 1967 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва” (“ЛіМ” за 11.08) выйшла публікацыя “ Піянер беларускай фалькларыстыкі”. Аўтарам яе быў спадар Адам Мальдзіс, які сцвярджаў  — “Як бачна з дакументаў, знойдзеных нядаўна ў Цэнтральным архіве БССР, Ян Чачот нарадзіўся 17 ліпеня 1796 года ў засценку Малюшыцы, што па дарозе з Карэліч на Варончу”. Тую ж дату ён паўтарыў у кнізе “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”, якая выйшла двума гадамі пазней. У 1977 годзе выйшла кніга “Пачынальнікі”, укладальнікам якой быў Генадзь Кісялёў, які працытаваў дакументы дваранскай справы Чачотаў (захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ)), у якіх сцвярджаецца “Метрические свидетельства: 1-е) 1796 (год) июля 17 Ивана-Антона в Ворончанском…”.

Атрымліваецца, што даследчыкі гэтую справу ведаюць, яе цытуюць, але з розными вынікамі. То бок, “слова супраць слова”. Каб дапамагчы вызначыцца з датай юбілея, мы зазірнулі “за архіўныя парогі” самастойна.

Метрычны запіс

Сёння, калі для доступу ў архіў ужо не патрабуецца шыкоўная сівая барада, шлейф заслугаў перад айчыннай навукай, стосу папераў аб тым, што твае рукі годны таго, каб дакранацца да старых “манускрыптаў”, а тыя-сія архівы ўвогуле выкладваюць алічбаваныя дакументы ў інтэрнэт, некаторыя звесткі праверыць не так ужо складана. Зацікавіўшыся загадкай нараджэння, гэткім “пакараць нельга мілаваць”, мы даволі хутка знайшлі канкрэтны адказ на гэта пытанне. Вось што кажацца ў метрычным запісе Варанчанскага касцёла, які захоўваецца ў Літве, у НГАЛ.

У Малюшыцах 19 ліпеня (1796) адбылося давяршэнне хросту Яна-Антона, сына Тадэвуша і Клары з Гацыскіх Чачотаў наваградскіх ротмістраў, ахрышчанага 6 ліпеня адной вадой Янам Лазавіцкім капеланам Сервачы.

Варта тое-сёе патлумачыць. Хрост адной вадой, г.зв. “засцерагальны ад смерці”, як правіла, рабіўся ў дзень нараджэння дзіця. Давершыць жа яго маглі і праз некалькі дзён-тыдняў-месяцаў. Хоць, здаралася і праз шмат год.

/i/content/pi/cult/856/18188/15_3.jpg

Медальён Яна Чачота. Аўтар — Рафал Слізень. 1844 год.

У перакладзе на сённяшні момант усіх гэтых “старых” і “новых” стыляў, з улікам розніцы па стагоддзях, трэба быць пільным. Таму, каб спраўдзіць свае здагадкі, на ўсялякі выпадак я пракансультаваўся ў адмыслоўцаў-архівістаў. У выніку маем пацверджанне даты 17 ліпеня. Што мае пацверджанне і ў сямейных дакументаў Чачотаў.

Гасціцкая ці Гацыская?

Гэты ж запіс ставіць кропку ў пытанні, да якога роду належала маці Яна Чачота — нікому невядомага роду Гасціцкіх (такі варыянт бязмежна пануе ў некаторых публікацыях, а Гасіцкіх у Вікіпедыі), ці даўняму беларускаму роду Гацыскіх. Вядома ж, Гацыскіх. І тут варта згадаць, што ў той дзень, калі пабраліся шлюбам Тадэвуш Чачот і Клара з Гацыскіх, самім лёсам было перадвызначана стаць сваякамі Яна Чачота класікам — Адаму Міцкевічу і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

У юбілейны для Дуніна Марцінкевіча 2018 год выйшла кніга гісторыка-архівіста Змітра Дразда “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча”. Аказалася, што дзядзька Вінцэнта — Ігнат Марцінкевіч быў жанаты на Гацыскай, цешча Марыяна Бараноўская была з Чачотаў, а яе сястра за Гацыскім.

/i/content/pi/cult/856/18188/15-4.jpg

Метрыка хросту Яна Чачота.

Але мы маем дадаць да гэтага мудрагелістага радаводнага пляцення яшчэ адну нітку. Аказалася, што пляменніца маці Яна Чачота — Дарота Гацыская - пабралася шлюбам з Антонам Лешчылоўскім. А Лешчылоўскія — род прабабулі Адама Міцкевіча. І ўсё гэта мясцовыя, наваградскія, старыя роды. Дарэчы, пра трагедыю сям’і Лешчылоўскіх можна даведацца са згаданых вышэй публікацый “К” пра радавод Міцкевіча.

Рабіць з гэтага “геапалітычныя высновы” аб уплывах радаводных сувязяў на творчасць і пераемнасць трох літаратараў, магчыма, і не варта. Бо, ці ведалі яны пра такія “пераплёты” і глыбокадумна разважалі над імі, нам невядома. Але звярнуць увагу на гэты цікавы факт, які можна выкарыстаць у музейнай экспазіцыі ці працы экскурсавода, мяркую варта.

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар