Тысяча год гісторыі — на дзвюх старонках

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Як развіваўся Мінск, колькі помнікаў захавалася ў горадзе з мінулых стагоддзяў, і якія назвы насілі знаёмыя вуліцы ды прадмесці на працягу стагоддзяў — цяпер можна даведацца з новай карты, прысвечанай гістарычнай спадчыне сталіцы.

/i/content/pi/cult/856/18187/14_1.jpgУ пачатку чэрвеня ў выдавецтве “Белкартаграфія” выйшла карта-даведнік “Мінск гістарычны”, укладальнікам якой выступіў краязнаўца, экскурсавод і выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Іван Сацукевіч. На дзвюх старонках карты, памеры якой не перавышаюць 65 на 94 сантыметраў, наглядна паказаная багатая і разнастайная інфармацыя аб гістарычнай спадчыне Мінска, прадстаўленыя звесткі больш чым аб палутара сотнях музеяў, мемарыялаў, архітэктурных помнікаў сталіцы. З аднаго боку можна пабачыць карту ўсяго Мінска, з іншага — яго цэнтральнай часткі, з больш падрабязным апісаннем помнікаў гэтага раёна горада. Будынкі, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, вылучаныя на карце чырвоным колерам.

На карту нанесеныя межы тэрыторыі Мінска станам на пачатак і сярэдзіну ХХ стагоддзя, таксама пазначаныя межы гістарычнага цэнтра горада, назвы і месцазнаходжанне гістарычных прадмесцяў. Акрамя сучасных назваў вуліц, тут змешчаныя іх гістарычныя найменні, назвы і месцазнаходжанне колішніх вёсак, якія ўвайшлі ў межы горада, для кожнай з якіх адзначаны год, калі яны былі ўключаныя ў склад гарадской тэрыторыі.

Першая
ў сваім родзе

Іван Сацукевіч адзначае — унікальнасць выдання палягае ў тым, што раней такія карты Мінска асобна не выпускаліся, і існавалі толькі на старонках спецыяльнай літаратуры. Ёсць безліч турыстычных альбо транспартных карт сталіцы — але гістарычная, якая аб’ядноўвае звесткі аб мінулым горада, з’явілася толькі цяпер. Тут можна адшукаць інфармацыю пра такія незвычайныя аб’екты, як манументы ў гонар асоб і падзей айчыннай гісторыі, археалагічныя помнікі, зніклыя колішнія могілкі, і гэтак далей.

Пазначаныя таксама тэрыторыі, звязаныя з найбольш важнымі і адметнымі гістарычнымі падзеямі ў лёсе горада — так, напрыклад, на карту нанесеныя межы мінскага замчышча, якое ўзнікла ў XI стагоддзі ў раёне станцыі метро “Няміга” і паклала пачатак сучаснаму гораду, альбо межы гета, створанага акупантамі для ўтрымання яўрэйскага насельніцтва ў 1941 годзе, таксама непадалёк адтуль. Карта ўтрымлівае і невялікую храналогію найважнейшых датаў і перыядаў у гісторыі горада, і кароткія апісанні найважнейшых архітэктурных помнікаў, манументаў і мемарыялаў.

Яднанне старадаўніх карт

і планаў

Іван Сацукевіч адзначае, што яму часта даводзіцца адказваць на пытанні журналістаў, пісьменнікаў, выкладчыкаў аб тым, дзе знаходзіцца тая ці іншая мясціна ў горадзе, як яна называлася раней, якія межы ахопліваў той ці іншы гістарычны тапонім, дзе можна лакалізаваць старыя мінскія прадмесці, якія вёскі існавалі на тэрыторыі Мінска, калі яны ўвайшлі ў склад горада і дзе знаходзіліся. Пошук адказаў на гэтыя пытанні патрабаваў пастаяннай напружанай работы — даводзілася звяртацца да мноства даведнікаў і іншай літаратуры, каб зноў адшукаць і сістэматызаваць факты з гісторыі сталіцы.

Прытым даследчык заўсёды захоўваў вялікую зацікаўленасць да такога віду гістарычных крыніц, як карты і планы гарадской тэрыторыі, сабраўшы даволі прадстаўнічую калекцыю карт Мінска розных гадоў — дарэвалюцыйных, міжваенных, часоў апошняй вайны... Але, адначасова з тым, заўжды было зразумела, што крыніцы такога кшталту цікавыя пераважна спецыялістам, бо шараговы гараджанін не заўжды здольны скарыстацца інфармацыяй, якую змяшчаюць такія карты, хаця б нават з-за няведання замежных моваў і гістарычных рэалій мінуўшчыны. А для патрэб школьнікаў, студэнтаў, шырокага кола людзей, зацікаўленых гісторыяй і тапанімікай горада, даўно патрабавалася папулярнае выданне такога кшталу, бо яно аб’ядноўвае звесткі самых розных карт за ўсе перыяды ў мінулым сталіцы, і шматпланава паказвае розныя пласты ведаў аб кожным з перыядаў развіцця гарадской тэрыторыі.

Вяртанне
забытых назваў

Пры складанні карты ўкладальнік таксама прааналізаваў, якія музейныя ўстановы найбольш прадстаўніча дэманструюць у сваіх экспазіцыях мінуўшчыну Мінска, маюць гістарычныя артэфакты, што сведчаць аб развіцці горада ў розныя эпохі. У межах сталіцы таксама дайшлі да нашых дзён шэсць помнікаў археалогіі, адпаведным чынам пазначаныя на карце. Помнікі архітэктуры такому дакладнаму падліку не падлягаюць — іх колькасць складае сотні, у выданні адлюстраваныя толькі пяцьдзясят аб’ектаў такога кшталту. Выгляд кожнага з гэтых помнікаў прадстаўлены на сучасных здымках, якія суправаджаюцца анатацыяй аб іх гісторыі і асаблівасцях.

Наклад карты даволі сціплы, ён не перавышае тысячы асобнікаў, таму найбліжэйшым часам рыхтуецца выданне новага накладу, дзе будуць улічаныя ўсе заўвагі і магчымыя недакладнасці, дапушчаныя пры складанні карты. Часам укладальніку даводзіцца сутыкацца з заўвагамі, што хацелася б, каб на карце былі адлюстраваныя ўсе гістарычныя назвы вуліц, з улікам іх шматлікіх перайменаванняў, лік якіх часам даходзіў да дзясятку і болей, Але, вядома, фармат карты не надта спрыяе такой падачы, таму давялося змясціць толькі першапачатковыя варыянты назвы той ці іншай вуліцы. Тры Карчмы, Уборкі, Добрыя Мыслі, Сенажаны, Круты бераг — усе гэтыя назвы былі добра вядомыя мінчукам яшчэ ў мінулым стагоддзі, але ці ведаюць іх нашы сучаснікі? Цяпер можна спадзявацца, што страчаныя тапонімы пакрысе будуць вяртацца ў масавую свядомасць.

Альбом
фотапараўнанняў

Таксама была прэзентаваная ўкладзеная Іванам Сацукевічам кніга “Минск: из руин к процветанию”, якая пабачыла свет у выдавецтве/i/content/pi/cult/856/18187/14_2.jpg “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. На двухстапяцідзесяці старонках прадстаўленыя эксклюзіўныя фотаздымкі і кадры з кінахронік, якія захаваліся ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, і сёння з’яўляюцца сведчаннем аднаўлення беларускай сталіцы пасля разбурэнняў, нанесеных ёй падчас баявых дзеянняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. З дапамогай QR-кодаў, змешчаных на старонках кнігі, чытач можа таксама пабачыць кінахроніку пасляваеннага Мінска на экране свайго смартфона.

Для выдання фотаздымкі з фондаў архіва былі адабраныя і сістэматызаваныя ў рамках адзінаццаці тэматычных раздзелаў, прысвечаных найбольш адметным аб’ектам і раёнам горада. Агулам тут змешчаныя каля дзвюхсот здымкаў за 1944 — 1980 гады, пераважная большасць іх выканана такімі майстрамі, як фотакарэспандэнт БелТА Уладзімір Лупейка, фатограф інстытута “Белпраект” Яфім Ліўшыц і заслужаны доктар Беларусі, афтальмолаг Васіль Каляда — ён быў таксама вядомым калекцыянерам дарэвалюцыйных паштовак з відамі Мінска. Менавіта альбом, выдадзены ў 1988 годзе дбаннем Васіля Каляды, зрабіўся для Івана Сацукевіча ўзорам для пераймання, Акурат адтуль быў запазычаны прынцып суаднясення старых фотаздымкаў з новымі відамі Мінска ў адных і тых жа лакацыях, знятых з тых жа самых ракурсаў.

Кожнае гістарычнае фота падрабязна пракаментаванае, а таксама мае змешчаны побач сучасны адпаведнік, фота аўтарства Анатоля Дрыбаса — такім чынам, можна прасачыць, як цягам дзесяцігоддзяў змяняўся гарадскі краявід. То-бок, гартаючы гэты фотаальбом, можна здзейсніць своеасаблівую вандроўку па Мінску васьмідзесяці-пяцідзесяцігадовай даўніны, уявіць сябе сведкам руйнаванняў, нанесеных яму вайной, а таксама адчуць сябе відавочцам яго аднаўлення ў пасляваенныя гады.

Віртуальнае
падарожжа

Першы раздзел кнігі, які носіць назву “Руіны спаленага горада”, паказвае, наколькі пацярпеў Мінск падчас ваенных дзеянняў, якія часткі горада і чаму былі ў першую чаргу знішчаныя ў гады ваеннага ліхалецця. Другі раздзел прысвечаны пасляваеннаму аднаўленню горада, паказвае, як разбіраліся завалы, пакінутыя бамбардзіроўкамі, як адбываліся расчысткі горада ад разбурэнняў. Трэці раздзел распавядае пра адбудову найважнейшых аб’ектаў, якія аднаўляліся ў першую чаргу, такіх, як чыгуначны вакзал, тэатр оперы і балета — многія з гэтых будынкаў адбудоўвалі сіламі нямецкіх ваеннапалонных. Чацвёрты раздзел прысвечаны лёсу гістарычнага цэнтра горада, які сёння, у выніку пасляваенных горадабудаўнічых зменаў, разарваны на некалькі кавалкаў — у кнізе тлумачыцца, як і чаму так адбылося. Тут можна пабачыць вуліцы і завулкі, якія існавалі ў старадаўнім сэрцы горада, але былі зруйнаваныя ў 1950 — 60-ыя гады.

Пяты раздзел распавядае аб “браме горада” — дзвюх будынках-вежах на Прывакзальнай плошчы, якія зрабіліся сапраўднай візітнай карткай Мінска. Шосты раздзел паказвае, якія будынкі стаялі ў раёне сучаснай плошчы Незалежнасці — яшчэ паўстагоддзя таму тут існавала шчыльная дарэвалюцыйная забудова. Сёмы раздзел распавядае аб будаўніцтве галоўнай сталічнай магістралі, што сёння вядомая як праспект Незалежнасці, а восьмы — аб стварэнні цэнтральнай плошчы горада, якая сёння носіць назву Кастрычніцкай. Узнікла ж яна на месцы шчыльна забудаваных кварталаў, не пашкадаваных ваеннымі разбурэннямі і канчаткова зруйнаваных у пасляваенныя гады. Асобныя раздзелы таксама прысвечаныя размешчаным на ўскраінах рабочым пасёлкам і першым мікрараёнам. Такім чынам, змест кнігі, фактычна, уяўляе з сябе адзінаццаць віртуальных экскурсій, якія дазваляюць чытачу прайсціся па ўсіх колішніх савецкіх частках Мінску.

Іван Сацукевіч адзначае, што, як ні парадаксальна, на прафесійным узроўні гісторыяй сталіцы сёння займаецца дужа невялікае кола гісторыкаў. Застаецца спадзявацца, што новыя выданні выклічуць свежую хвалю зацікаўленасці гісторыяй сталіцы, і зробяцца нагодай для з’яўлення чарговага пакалення даследчыкаў мінуўшчыны Мінска.