Газета — Рэгіёны — Чытач

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Наш карэспандэнт Павел САЛАЎЁЎ задаваў наступныя пытанні адказным асобам:

— 22 чэрвеня, у дзень, калі 80 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна, ў Брэсце адбыўся мітынг-рэквіем у гонар салдат, якія першымі прынялі ўдар варожых войскаў. Як з вашага пункту гледжання прайшло гэтае эмацыйна насычанае, спраецыраванае ў трагічнае мінулае сваім моцным відовішчам-рэканструкцыяй мерапрыемства? Якія замежныя дэлегацыі наведалі ў той дзень Брэсцкую крэпасць-герой?

Яўген ВІКТАРОВІЧ, памочнік старшыні Брэсцкага аблвыканкама:

— Сапраўды, нельга было гранічна эмацыйна не рэагаваць на ўсё тое, што адбывалася на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці з самага досвітку ў дзень 22 чэрвеня. І праз восем дзесяцігоддзяў, у XXI стагоддзі, раны людскія, раны гэтай зямлі адгукаюцца балючым рэхам... З 3:30 раніцы на мерапрыемстве сабралася 15 тысяч жыхароў горада. Акрамя таго прысутнічалі дэлегацыі з 50 розных краін свету, у тым ліку Расіі, Францыі, Германіі, Сербіі. Пасля гэтага адбылася тэатралізаваная мастацкая рэканструкцыя гістарычных ваенных падзей. Трансляцыю з легендарнай Брэсцкай фартэцыі маглі паглядзець яшчэ і па тэлебачанні мільёны людзей. А ў 21 гадзіну прагучалі словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб мудрасці беларусаў, іх любові да роднай зямлі, да Айчыны, іх патрыятызме. Падчас канцэрта-рэквіема выступіў таксама “Хор Турэцкага” са спецыяльнай праграмай.

— На апошняй нарадзе ў Міністэрстве культуры краіны ўзнімалася пытанне забеспячэння рэгіёнаў якаснымі музычнымі інструментамі. Як вядзецца справа прынамсі ў Гомельскім рэгіёне?

Алена МАРМО, начальнік аддзела мастацтваў і аховы гісторыка-культурнай спадчыны галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама:

— Калі гаварыць пра піяніна, то два апошнія гады запар мы атрымоўвалі іх па плану ад Міністэрства культуры, увогуле атрымалі 135 інструментаў. Але патрэба ўсё ж застаецца. Да 2025 года ёсць план, згодна з якім мы павінны закупаць штогод па 45 піяніна, але выканаць гэту праграмму праблематычна, бо адзін толькі гэты інструмент каштуе больш за 12 тысяч рублёў.

Што тычыцца іншых інструментаў, то ў мінулым годзе мы закупілі саксафон, валторну і альт, на якія выдаткавалі 35 тысяч рублёў з абласнога бюджэта. А сёлета 140 тысяч рублёў мы аддалі на закупку інструментаў нашаму каледжу мастацтваў імя Сакалоўскага, якому спаўняецца 100 гадоў. Як бачна, інструменты каштуюць вельмі дорага, таму без адмысловай дзяржаўнай праграмы абнаўляць інструментальныя фонды вельмі цяжка.

— У нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага вядзецца капітальны рамонт. Якія работы там праходзяць?

Юрый КУХАРЭНКА, першы намеснік дырэктара тэатра:

— У нас адбываецца працэс мадэрнізацыі галоўнай сцэны, займаемся набыццём новага асвятляльнага абсталявання, удасканаленнем сістэмы пажаратушэння. Без сумневу, гэта важная праца. На новай сцэне мы плануем распачаць новы тэатральны сезон у верасні гэтага года. Больш чым ўпэўнены, што глядач ацэніць праведзеныя змены па вартасці.