Птушкі ды гнёзды

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

На мінулых выхадных прыпякло трошкі, пачаў журналісцкае жыццё ў “Культуры” згадваць. З 2005 года пазнаёміўся з дзясяткамі тысяч не абы-якіх людзей, пабачыў тысячы сельскіх устаноў культуры. Памятаеце, як у Янкі Брыля — “Птушкі і гнёзды”. Вельмі дакладна назва рамана кладзецца на еднасць нашых работнікаў культуры са сваімі клубамі, бібліятэкамі ды музеямі. Толькі для крылатых праца — дом. І толькі яны нясуць на працу, а не з яе. Толькі шчаслівыя не зважаюць, калі канчаецца рабочы дзень. У такіх установах не пратаўкнуцца ад народу. Я ведаю, я бачыў. Так, у прафесійных работнікаў культуры прыблізна аднаго напалу агонь у вачах, а вось установы вельмі розныя. Гэта і гмахі, лепшыя часіны якіх прыпалі на гады савецкага размаху, і лядашчыя хацінкі з пячным ацяпленнем, і “наватворы” аграгарадоцкага развіцця. Быў бы загадчык у сілах, ён са свайго клубіка даўно б палац зрабіў. Але я сёння не пра гэта.

Вясковая ўстанова культуры на сёння, гэта гняздэчка, куды хочацца вяртацца. Птушкі ўвогуле маюць уласцівасць надаваць тым мясцінам, дзе іх любяць, сакральны, нябесны сэнс. Птушкі не могуць без неба.

Сёння — зноў пра крылатых і любае беларускае неба.

/i/content/pi/cult/856/18183/10_1.jpg

Жыватворныя крыніцы творчасці Ашмяншчыны на фестывалі рэгіянальнага фальклору.

Ну скажыце, калі ласка, ці мог звычайны чалавек прыдумаць вось такую назву мерапрыемства — “Сонейка з далонькаў”? Звычайны — не, а наш работнік культуры мог і назваў, бо неба любіць, сонейка і дзяцей. Схіляю галаву. Бібліятэкар інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Сянькоўшчына Слонімскага раёна Святлана Сідорык піша: “Летняе сонейка і ўсмешкі дзяцей. Ці бывае штосьці цяплей у жыцці? А ў нашай установе сонейка з’явілася ўласнае. Удзельнікі акцыі “Сонейка з далонькаў” пад кіраўніцтвам бібліятэкара стварылі сваімі рукамі сонца, уклалі ў яго цеплыню свайго сэрца і шчырыя пажаданні ўсім наведвальнікам бібліятэкі. Атрымаць часцінку сонечнага цяпла можаце і вы, калі наведаеце нашу ўстанову і пакарыстаецеся нашымі паслугамі”. Цудоўны прыклад таго, што праект не патрабуе ніякіх фінансавых укладанняў, між тым з’яўляецца максімальна эфектыўным па сіле маральнага ўплыву.

Навіна асаблівага ўрачыстага зместу. Вялікае свята з дня нараджэння адзначыла маленькая аддаленая вёсачка Якімавічы Слонімскага раёна. Споўнілася ёй 480 гадоў! Слонімскі раённы Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў падрыхтаваўся загадзя. Падключыліся да справы і самадзейныя артысты з Вялікашылавіцкага Цэнтра культуры.

/i/content/pi/cult/856/18183/10_2.jpg

Жыватворныя крыніцы творчасці Ашмяншчыны на фестывалі рэгіянальнага фальклору.

Не можа чалавек быць нецікавым і кепскім, калі любіць катоў. Пра хвастатых любімцаў трошкі пазней, а пакуль гаворка — пра выставу інсітнага мастацтва, што дзейнічае ў Гродзенскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці. Экспазіцыя “Фарбы роднай старонкі” налічвае каля сотні палотнаў, прадстаўленых лепшымі “наіўнымі” мастакамі вобласці. “Дзевяць жывапісцаў дазволілі сабе праігнараваць законы перспектывы і адмовіцца ад строгіх правіл кампазіцыі, — распавядае рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч. — У выніку атрымаліся жывыя пейзажы і нацюрморты, арыгінальныя эксперыменты з растэллю, керамікай і шоўкам”. А цяпер — і пра ката: “Своеасаблівым ахоўнікам выставы абраны “Кот у яблыневым садзе”, вобраз якога ўвасобіла Валянціна Шышпаронак з Бераставіцы. Дарэчы, мастачка цягам многіх гадоў працавала будаўніком. Гродзенскія Лідзія Шпектарава і Ганна Чуканава — на абутковай фабрыцы, Зоя Сярко — на вытворчым аб’яднанні “Азот”, Данута Цыбулька-Цвятніцкая — у гандлі, Сяргей Еўдакімаў — афарміцелем, Ларыса Касіцкая і сёння працуе кіраўніком дзіцячага гуртка ў Азёрах, а навагрудская Алена Піразева — у мясцовым клубе майстроў “Каляровая альтанка”, Анатоль Кардаш з пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна — у аматарскім аб’яднанні “Эпатажны блюз”. Чаму блюз і чаму эпатажны “К” пісала некалькі разоў, таму не буду паўтарацца. Галоўнае, што ўсе пералічаныя інсітнікі маюць крылы. Як пісаў Генадзь Шпалікаў, крылы могуць быць у многіх, але толькі мастакі цудоўна ведаюць, як і для чаго яны прарастаюць. Вучыцеся лётаць пад сонейкам з далонькаў!

/i/content/pi/cult/856/18183/10_3.jpg

Лепшыя майстры ручнога сенакашэння сышліся ў Ліпнішках Іўеўскага раёна.

Не могуць беларусы без жартаў ды страшылак. Адзін з палескіх паляўнічых і рыбакоў доўга і з веданнем справы даводзіў мне, што русалкі — істоты несур’ёзныя і ганяў ён іх вяслом па Прыпяці. А вось духі вады Вадзянік і Баламуцень — нячысцікі надзвычай сур’ёзныя, апошні дык увогуле вялікі аматар жанчын. Пра гэта ж і Наталля Сакалянская з Карэлічаў піша. Маўляў, так, шмат разоў Баламуцень жанчын выкрадаў, але гэта не пашкодзіла стварыць у аграгарадку Краснае традыцыйнае свята “Начныя прыгоды з Баламутнем”. Тут можна паўдзельнічаць у конкурсах, палавіць рыбу рукамі, паспаборнічаць у яе прыгатаванні. Канцэртная праграма — абавязковы складнік мерапрыемства. Сёлета спявалі і танцавалі для ўдзельнікаў “Начных прыгод…” артысты Жухавіцкага Дома культуры. Колькі дзяўчат Баламуцень выкраў на гэты раз, Наталля Сакалянская чамусьці не піша.

Адна з нашых легендарных нацыянальных асоб — каваль Паўлюк Багрым, які не толькі жырандолі рабіў, але і вершы складаў, за справядлівасць змагаўся. На радзіме героя, у аграгарадку Крошына Баранавіцкага раёна, 19 — 20 чэрвеня рэй вяло свята кавальства “Крошынскі перазвон”. Сабраліся лепшыя кавалі краю. І не толькі. Доказ таму — конкурс прадзільшчыц “Круціся калаўрот, весялі народ”, выступленне народных музыкантаў, прыпевачніц, фальклорных гуртоў і ўдзельнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі “Шляхецкая застава” з Баранавічаў. Пакуль на Беларусі кавалі складаюць вершы, дык і нацыі нашай жыць у вяках.

/i/content/pi/cult/856/18183/10_4.jpg

На выставе інсітнага мастацтва ў Гродзенскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці.

Самы час косы ў рукі браць. Маю на ўвазе сенакос на сенажаці. Пад маімі вокнамі ў Мінску хлопцы ў чырвоных камізэльках рыхтуюцца ўжо да другога ўкосу. А ў аграгарадку Ліпнішкі Іўеўскага раёна ў чацвёрты раз прайшоў раённы конкурс ручнога сенакашэння. Вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і дасугу Святлана Лугіна распавядае: “12 лепшых касцоў сышліся — мацакі, волаты. А перамагла жанчына Ганна Сілюк!” Як паказвае гісторыя, жанчыны ў нас заўжды перамагаюць.

Вельмі сур’ёзны ліст даслала Валерыя Урбановіч — бібліятэкар сектара маркетынгу і сувязей з грамадскасцю Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. “Гарадзенскі фестываль кнігі, — распавядае аўтарка, — у пяты раз збірае аматараў літаратуры і чытання. Але сёлета наша ўстанова вырашыла адысці ад звычайнага фармату мерапрыемства. Нават назва стала больш дынамічнай  — “Гарадзенскі ЛітФэст”. Дый змест сёлетняй падзеі цалкам завязаны на сучасных тэхналогіях і нестандартных спосабах атрымання ведаў. Планшэты, віртуальная рэальнасць, канструктары і асабістая фантазія чытача стваралі цудоўную магчымасць для творчай самарэалізацыі”. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка заўжды ўмела здзіўляць. На апошнім “…ЛітФэсце” добра было бачна, што мерапрыемства стала бліжэй да жыхароў. Замест сцэны — адкрыты мікрафон, замест кніжных выстаў — утульныя зоны для чытання нават з… падушкамі. Шаноўныя, вы ацанілі? З падушкамі! Кніжныя фэсты выгадна адрозніваюцца ад іншых тым, што канкрэтна скіраваны не на госця горада, а на яго жыхара.

/i/content/pi/cult/856/18183/10_5.jpg

Удзельнікі акцыі “Сонейка з далонькаў” аграгарадка Сянькоўшчына Слонімскага раёна.

Хто сказаў, што гульні перашкаджаюць вучыцца? Бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі з Ваўкавыска Анжаліка Васільчук распавядае пра вяліую карысць дзіцячай гульні. “Летась супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі, — піша аўтарка, — распрацавалі аўтарскую настольную гульню-віктарыну (хадзілку на беларускай мове), якая ўтрымлівае пытанні па літаратуры, міфалогіі, гісторыі Беларусі і па краязнаўстве Ваўкавышчыны”. Прафесіяналы займаюцца не паказухай, а справай. Цікавай і карыснай.

12 чэрвеня фальклорныя калектывы Ашмяншчыны (інструментальны гурт з Гражышкаў і жаночы ансамбль “Скарбніца” з Кальчуноў) прадставілі раён на першым туры абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” які праходзіў у аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёна.

Вельмі не хацеў, але гэта здарылася: агляд прыходзіцца завяршаць на сумнай ноце. Нечакана памёр ад кавіду 52-гадовы рыжскі пісьменнік Слава Сэ (Вячаслаў Салдаценка), шчыры, адкрыты, афарыстычны і іранічны, сантэхнік і музыкант з гомельскім радаводам. Напісаў шэсць бліскучых кніг. Шкада, але больш не будзе. Цяпер Слава на небе.

Беражыце сябе, даражэнькія.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"