З Санкт-Пецярбурга — у Светлагорск

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Пра экспазіцыю многаснага рэалізму, якая прыбыла з Паўночнай сталіцы Расіі
Двухзальная экспазіцыя жывапісу з Паўночнай сталіцы Расіі ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава — падзея выключная, нягледзячы нават на цяперашні “кавідна-пандэмійны” час.

Мастакі з Пецярбурга, за выключэннем Марыны Быковой, упершыню экспануюць свае карціны ў Беларусі. У аматараў выяўленчага мастацтва — рэдкая магчымасць не толькі пачуць штосьці пра санкт-пецярбургскі полірэалізм, а і ўбачыць яго. Зрэшты, слова “полірэалізм” расшыфраваць проста: множны рэалізм. Але гэта не толькі шматжанравасць, а шматбачанне, шматадчуванне..

/i/content/pi/cult/856/18182/9_1.jpg

Юлія Пінежанінава. “Пушгоры. Вёска Вароніч”.

Вось і на светлагорскай выстаўцы такое нельга не заўважыць. У карцінах пераканаўчае ўвасабленне заяўленых прынцыпаў. Самы яркі прыклад — творчасць Марыны Быкавай. Просты пералік яе выстаў у Беларусі пераконвае (ды што там!) захапляе разнастайнасцю таго, што завём рэалізмам. “У алтара мастацтваў” — гаворка ідзе пра знакаміты Пяргамскі алтар памерам 36 на 34 метры. Вядома, што пад цокалем па ўсім перыметры цягнуўся рэльефны фрыз вышынёй 2,3 і даўжынёй каля 120 метраў. Марыне Быкавай давялося правесці нямала гістарычных пошукаў, многае пераасэнсаваць, перш чым з’явілася серыя графічных лістоў. Зрэшты, нават першая, сумесная з акварэльнымі працамі акадэміка Расійскай Акадэміі мастацтваў Уладзіміра Ветрагонскага, экспазіцыя яе карцін у Светлагорску заявіла пра духоўную прыхільнасць да пецярбургскага эпахальнага дойлідства. Нагадаю, што дыпломнай працай у Акадэміі стала карціна “Спас-на-Крыві”. І ўжо натуральнымі здаваліся наступныя яе выстаўкі ў нас: “Цені палацавай эпохі”, “Рэха вечных дыялогаў”, “Японская вясна”. Адрадзіла згубленую тэхніку эгламізэ сучаснымі матэрыяламі. Мастачка выкарыстоўвае шоўк, жывапіс у спалучэнні з фотаграфікай, сусальнае золата, шкло, металізаваную тканіну, эмалі… Але галоўны сродак, вядома ж, самабытны талент, уменне ўвасобіць тое, што было, але чаго ўжо няма. Так узніклі цыклы карцін “Паэзія срэбра”, “Баністыка на шкле”, якія экспанаваліся не толькі ў Светлагорску, але і ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў, у Мінску — у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, у карціннай галерэі народнага мастака Леаніда Шчамялёва…

І на калектыўнай экспазіцыі санкт-пецярбургскіх мастакоў Быкава прадстаўлена вельмі прывабна. Адразу ж звяртаеш увагу на прасторавы паліпціх “Вытокі” з зыходзячым увысь пазалочаным шпілем. Проста не верыцца, што магчымасці тэмперы дазваляюць амаль з акварэльнай мяккасцю перадаць маляўніча біблейскія прадчуванні і адчуванні. Рэаліі міфа пераканаўчыя пры ўсёй уяўнай іх умоўнасці. Невыпадкова менавіта за гэты твор мастачка нядаўна была ўзнагароджана дыпломам на Тыдні арт-паэзіі ў Ізраілі. Зусім іншыя магчымасці адчуванняў рэалізму яна перадае ў гуашавай карціне “Зала Рафаэля” і ў “Сцяне плачу”, з акварэльнай чуйнасцю ўвасобленай алейнымі фарбамі. А ёсць жа яшчэ ў арсенале яе майстэрства і своеасаблівы жывапіс на скуры. Вось ён, полірэалізм толькі адной удзельніцы вернісажа!

/i/content/pi/cult/856/18182/9_2.jpg

Вячаслаў Глінскі. “Старая Ладага”.

Настроем нейкай менавіта паўднёвай, устойлівай супакоенасці прасякнута пейзажная карціна Аліны Гусаравай “Горад ля мора”. Падзеленыя таксама заспакойлівай воднай прасторай, сілуэтна пазначаныя, але важка адчувальныя ў карціне горы. Паруснік, які дыхае ветрам. Катэры, што пакідаюць за сабой белыя разоры хваль… Ніякай пабочнай дэталізацыі. Жаданне ўвабраць усё цэласна, адзіным поглядам пэндзля… Гэта ж адчуванне зыходзіць і ад карціны “Мой раён”. Здаецца, што яна нават не напісана, а створана самімі будынкамі рознай, характэрнай для іх самабытнасці. Нішто не парушае нейкую цэласнасць духоўнага ўспрымання. Я назнарок апускаю тут эпітэт — “кампазіцыйнага”. Бо сказаўшы так, трэба прызнаць наўмысную зададзенасць сюжэту. А яе ж і няма. Але затое штосьці ёсць у гэтай уяўнай хаатычнасці ад прымітывізму ў яго лепшых праявах. І сапраўды, паспрабуй умоўна пазбавіць твор аднаго з будынкаў, — і цэласнасць парушыцца, а то і зусім знікне. Паўднёвы настрой жывапісу Аліны Гусаравай невыпадковы. Яна і нарадзілася ў Геленджыку.

Зрэшты, пра кожнага з удзельнікаў выстаўкі, членаў Саюза мастакоў Расіі, можна сказаць вельмі многае. Марыну Лагойду пераканаўча прадстаўляюць яе самі карціны. “Ружоўнік” прымушае не толькі ўгледзецца, але і ўдумацца. Куст гэтых царскіх кветак сведчыць пра тое, што час красавання неўзаметку сыходзіць. Яшчэ больш пераконвае ў такім настроі пейзаж (так і хочацца сказаць — філасофскі) “Тут былі вінаграднікі”. Так, былі, — сумна згаджаемся мы, — а зараз бачым падступаючую да гор пустэчу. Псіхалагічны рэалізм? Што ж, і гэта адна з яго таленавітых разнастайнасцей.

/i/content/pi/cult/856/18182/9_3.jpg

Марына Быкава. “Вытокі”.

І зноў міжволі думаеш пра тое, што полірэалізм — зусім не вонкавае, фатаграфічнае ўспрыманне жыцця, а яго духоўнае, пачуццёвае ўвасабленне. У гэтым пераконваюць і творы Юліі Пінежанінавай. Ёй аднолькава падуладныя ўсе магчымасці менавіта імпрэсіяністычнага ўспрымання жывапісу. На творчым рахунку — больш за 20 персанальных выставак не толькі ў Расіі, але і ў Фінляндыі, у Францыі. Пэўная геаграфічная пазначанасць карцін, прадстаўленых у экспазіцыі, не замінае ім стаць абагульняючымі, яркімі, перадаць адчуванне сонечнай растворанасці і знікаючых у ззянні то аддаленай цэркаўкі, то бялеючых хатак. Гэта — у пейзажы “Пушгоры. Вёска “Вароніч”. Не меней імпульсіўна глядзіцца сюжэтная карціна “Трамвай ля Крукава канала”.

Яшчэ больш абагульнены рэалізм бачны ў пейзажы “Ля возера Селігер” Вячаслава Глінскага. Прасветленасць сцен старадаўніх храмаў становіцца натуральным працягам асляпляльна воблачнай белізны. Так, гэта — настрой вечнасці. Ілюзорны ён і ў карціне “Старая Ладага”. Мастак змог перадаць тое, што ўзнікае і тут жа прападае ва ўяўным позірку памяці. Зыбкая канкрэтнасць? Так, здаецца, гэта яна… Філасофскі экспрэсіянізм, пейзаж, сцэнаграфія, выкладчыцкая дзейнасць — вось што ў беглым пераліку характарызуе гэтага шматгранна таленавітага чалавека. З яго творчасцю знаёмыя не толькі ў Расіі, але і ў Кітаі, Карэі, у Францыі, Англіі…

/i/content/pi/cult/856/18182/9_4.jpg

Марына Лагойда. “Тут былі вінаграднікі”.

Самая маладая ўдзельніца нашага вернісажа — Дар’я Пінежанінава. Мяркуючы па дзвюх акварэльных карцінах (“Начны Акервіль” і “Сэрца новага Акервіля”), яна шукае сімвалічную канкрэтыку ў знікаючых абагульненнях. І не толькі шукае, але знаходзіць яе.

Асобную залу галерэі займаюць карціны майстроў сацыялістычнага рэалізму. Гэта менавіта тыя ленінградцы, якія ўвабралі ў сваю творчасць не толькі савецкія, але і ўсе папярэднія класічныя традыцыі расійскага жывапісу. Найболей поўна прадстаўлены Барыс Шатохін, карціны якога можна ўбачыць у Траццякоўскай галерэі і ў іншых прэстыжных зборах жывапісу блізкага і далёкага замежжа.

А Рашыд Адгамаў быў у свой час удзельнікам пленэру жывапісцаў, арганізаваным Светлагорскай карціннай галерэяй. Пра гэта нагадваюць падораныя ім “Восеньскі нацюрморт” і “Светлагорск”. Але самы знакаміты ўдзельнік выставы — народны мастак РСФСР, акадэмік Уладзімір Ветрагонскі. Яго акварэльны дыпціх “Від з вакна гатэля” — класіка жанру. Дарэчы, ён сапраўды напісаны ім з вакна аднаго з мінскіх гатэляў, калі па запрашэнні рэктара тады яшчэ Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута народнага мастака Беларусі В.П. Шаранговіча прыязджаў у Мінск у якасці старшыні дыпломнай камісіі гэтай навучальнай установы.

На жаль, ні Уладзіміра Ветрагонскага, ні Барыса Шатохіна, ні Рашыда Адгамава няма ўжо ў гэтым свеце, які яны шчодра адарылі сваімі талентамі. А зараз яшчэ і выдатна папоўнілі цікавую палітру экспазіцыі многаснага рэалізму з Санкт-Пецярбурга.

Ізяслаў Катляроў

Светлагорск