Пра рэчаіснасць і Космас

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Многія сацыяльныя практыкі можна параўнаць з тымі ці іншымі відамі спорта. Да прыкладу, мастацкія праекты ў залежнасці ад іх зместу могуць быць падобнымі на спрынт — калі тэма выразна лакальная, ахоп аўдыторыі нязначны, час дзеяння праекта кароткі. Штосьці нагадвае стайерскую дыстанцыю. Тут ўсё больш грунтоўна, ды і разлічана імпрэза на адносна шырокі розгалас і адносна працяглы ў часе грамадскі эфект. Ну, а калі ідзе гаворка пра цэлы фестываль, што прэтэндуе на статус падзеі года ў нацыянальным маштабе, дык гэта ўжо марафон.

Менавіта такім марафонам можна лічыць Рэспубліканскі фестываль манументальна-дэкаратыўнага мастацтва “Манумент 21”, які ахапіў шэраг выставачных пляцовак сталіцы, і з’яўляецца па сутнасці панарамным аглядам творчага патэнцыялу беларускіх адмыслоўцаў, што робяць грамадскую прастору эмацыйна насычанай, прыгожай, псіхалагічна ўтульнай. Праўда, у іншых выпадках мастак-манументаліст свядома стварае для гледача псіхалагічны дыскамфорт, каб прымусіць яго задумацца пра сэнс жыцця, пра кошт звычайных жыццёвых каштоўнасцяў. Гэта асобная тэма, і гаворкі яна патрабуе асобнай. На гэтым фестывалі яна не агучвалася.

/i/content/pi/cult/856/18181/8_1.jpg

Стрыжнявая падзея фестывалю — выстава ў сталічным Палацы мастацтваў. Яна складаецца з шэрагу невялікіх персаналій — як мэтраў беларускага манументальнага мастацтва, якія пакінулі нам неацэнную спадчыну; так і творцаў, што плённа працуюць сёння. Рэдкая ўдача пабачыць у межах адной выставачнай прасторы шэдэўры Аляксандра Кішчанкі, Гаўрылы Вашчанкі, Зоі Літвінавай; а таксама мастакоў пакалення, якое яшчэ лічыцца сярэднім, але ў жывой структуры нашага мастацтва ўжо займае месца творцаў, згаданых вышэй. Як на маю думку, і Аляксадр Міхайлавіч і Гаўрыла Харытонавіч, можа ў пэўнай ступені — і спадарыня Зоя, хоць і былі асобамі ўнутрана свабоднымі, за савецкім часам адчувалі на сабе моцны ціск розных структур і інстытуцый. У некаторых выпадках, асабліва пры ажыццяўленні буйнамаштабных праектаў, яны былі вымушаныя ісці на кампрамісы.

У сённяшніх творцаў самарэалізацыя адбываецца ў іншых, больш спрыяльных самараскрыцю ўмовах. А ўжо ці маюць яны тыя ж байцоўскія якасці, што былі ўласцівыя іх папярэднікам — іншае пытанне. Сёння манументалісты, як і мастакі іншых творчых цэхаў, даволі часта вымушана працуюць не на грамадскі абшар, а на прыватнага замоўцу. А той дбае часцей за ўсё не пра адвечныя каштоўнасці, а пра ўласны псіхалагічны камфорт. Так што прафесійную школу, якая склалася ў нас у 60 — 70-я гады, мы рызыкуем страціць. Ды і архітэктурны дызайн паціху адсоўвае класічнае манументальнае мастацтва з заваяваных калісьці пазіцый на перыферыю грамадскай прасторы.

/i/content/pi/cult/856/18181/8_2.jpg

Невыпадкова экспазіцыя ў Палацы мастацтва складаецца не з фатаграфій манументальных аб’ектаў (яны ёсць, але іх працэнт у экспазіцыі мізэрны), не з фрагментаў фрэсак і мазаік, а з твораў станковага фармату. Не ад добрага жыцця манументалісты перакваліфікаваліся ў станкавісты. Я, ўласна кажучы, не памятаю, калі ў суверэннай Беларусі рабілася нешта падобнае на тыя мазаікі, што ўпрыгожылі Мінск ў 70-я, на манументальныя габелены і вітражы тых жа часоў.

Дазволю сабе меркаванне, што паводле зместу, эмацыйнай насычанасці і глыбіні думкі, сутнасці манументальнасці на выставе адпавядаюць хіба што творы гарадзенскага мэтра Сяргея Грыневіча. Хоць яны і выкананы ў станковым фармаце — на палатне і да канкрэтнай сцяны не прывязаныя. Але і тэма ў яго вечная — Хрыстовыя жарсці.

Я не фанат формы выключна рэалістычнай. Беспрадметнае, абстрактнае мысленне мае сваю немалую дзялянку ў мастацтве ўвогуле, і ў мастацтве манументальным, у прыватнасці. Работы Валянціна Нуднова, што складаюць эфектны сегмент гэтай выставы, калі ў іх удумліва ўгледзецца, шмат што гавораць пра Гармонію і Хаос, пра рэчаіснасць і Космас. Гэта таму што мастак знайшоў у абстрактнай форме тое, чаго па вызначэннні не можа быць ў рэалізме, засяроджаным на канкрэтыцы — бязмежнасці выяў і іх трактовак. Калі чалавек да справы ставіцца сур’ёзна, гэта адразу відаць.

/i/content/pi/cult/856/18181/8_3.jpg

Тое ж датычыць і Уладзіміра Клімушкі, чыя персаналія “Мяжа адсутнасці” ў Палацы мастацтваў дапасавана да выставы рэспубліканскай. У гэтага творцы за геаметрычнымі абстракцыямі прачытваюцца жывыя пачуцці.

Але мноства работ выставы, выкананых, дарэчы, на добрым прафесійным узроўні, гэта проста эфектны дэкаратыўны жывапіс. У словаспалучэнні “манументальна-дэкаратыўнае” аўтары згаданых работ творча засяроджваюцца не на першым, а на другім чынніку. Калі такое мастацтва ёсць — значыць, у наяўнасці і патрэба у такой форме прыгажосці.

У самым цэнтры вялікай залы Палаца мастацтваў усталявана канструкцыя, якая паводле задумы аўтараў экспазіцыі, прадстаўляе творчую справу манументалістаў як вытворчы працэс. Гэта канструкцыя адразу паўстае перад вачыма, калі падымаешся ў залу па лесвіцы. І “творчасць” і “вытворчасць” — з’явы ўзаемазвязаныя. Асабліва, калі гаворка ідзе пра карціны для грамадскай прасторы, што ў ідэале мусяць пражыць стагоддзі.

Тое, што ў нас ёсць мастакі, здольныя працаваць, калі і не на вечнасць, дык на вельмі працяглы час, сумневу не падлягае. Але ці трэба гэта нашай грамадзе?

Фота аўтара і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"