Зандажы і міражы майстэрні рэстаўратара

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Першая за два дзесяцігоддзі выстава легендарнай творчай суполкі “Басталія” адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі 8 чэрвеня. А праз тры дні пасля адкрыцця адышоў у вечнасць стваральнік групы Алег Хадыка. Ён жа — заснавальнік беларускай школы рэстаўрацыі манументальнага жывапісу. Нягледзячы на гэтае сумнае супадзенне, выстава мемарыяльнага характару не займела. Яна ўсімі сіламі сведчыць, што рукапісы не гараць. А фрэскі калі і асыпаюцца ці знішчаюцца, дык маюць шанец быць адноўленымі.

Ці з’яўляецца рэстаўрацыя творчасцю? Адказы на гэтае пытанне ад прафесіяналаў я чуў дыяметральна супрацьлеглыя. Хтосьці перакананы, што не: рэстаўратар падуладны арыгіналу і не мае права на адсябеціну. Хтосьці пярэчыць: без асобаснага ўнёску рэстаўрацыя пераўтвараецца ў банальнае рамесніцтва.

Думаю, ісціна тут… не столькі пасярэдзіне, колькі залежыць ад канкрэтных гістарычных і культурных варункаў. Калі помнік збольшага захаваны, пры рэстаўрацыі варта і сапраўды абысціся без творчасці. Калі ж яго даводзіцца літаральна вяртаць з нябыту, аўтарская інтэрпрэтацыя становіцца непазбежнай.

/i/content/pi/cult/856/18180/7_1.jpg

Фрагмент экспазіцыі.

І зважаючы на пакручасты лёс беларускай спадчыны, можна смела сцвярджаць, што з’яўленне такіх творцаў ад рэстаўрацыі, як сябры “Басталіі”, было проста падарункам з нябёсаў. Суполка адлічвае сваё існаванне ад 1960 года, калі некалькі энтузіястаў-студэнтаў перазнаёміліся паміж сабою, але яе плённы час пачаўся трохі пазней — ды працягваецца дасюль. Можна доўга пералічваць усе тыя знакавыя аб’екты, да аднаўлення якіх спрычыніліся ўдзельнікі “Басталіі”.

Але ж гэта зусім не “выстава дасягненняў”. Гэта — запрашэнне да дыялогу на вечную тэму: што ж такое спадчына і яе аднаўленне?

Мастак з “Басталіі” Фёдар Сарока перакананы, што “зандажы і міражы” ў рэстаўрацыі непарыўна спалучаныя, гэта два ейныя неад’емныя складнікі. Пад зандажамі маюцца на ўвазе навуковыя даследаванні. А міражы — гістарычны і культурны кантэкст, які прынамсі напалову складаецца з міфалогіі.

Увогуле, гэты бэкграўнд для “бастальцаў” не менш важны, ніж уменні падбіраць патрэбныя фарбы. Таму перад тым як узяцца за аднаўленне роспісаў Слонімскай сінагогі, яны лічаць патрэбным засвоіць культуру тутэйшых яўрэяў. А для (пера)стварэння інтэр’ераў Лошыцкай сядзібы — з галавой занурыцца ў яе гісторыю і паданні. І бадай самае галоўнае — грунтоўны філасофскі падыход да сваёй справы, якая многімі лічыцца бадай што прыкладной.

/i/content/pi/cult/856/18180/7_2.jpg

А метадолію працы “Басталіі” на выставе можна прасачыць на прыкладзе такога знакавага аб’екту, як мінская Петрапаўлаўская царква. Найстарэйшы (з ацалелых) будынак сталіцы меў ажно чатыры слаі роспісаў агульнай плошчай у 2 тыс. м2. Урэшце, адбыўся і пяты этап: роспісы затынкавалі, калі царкву пераўтваралі ў архіў. Адпаведна, іх стан захавання быў проста жудасны. Таму ўзнікла пытанне: уласна, што ж аднаўляць? На які перыяд?

Першым этапам прац стала грунтоўнае даследаванне ўсіх жывапісных пластоў, другім — гіпатэтычная рэканструкцыя знішчаных фрагментаў. На выставе мы бачым напаўсцёртую кампазіцыю, а побач — яе ж, але ва ўсёй паўнаце.

Урэшце было прынятае рашэнне спалучыць у інтэр’еры сучаснага храма элементы роспісаў розных эпох. І вось, барочны вартаўнік магілы Хрыста з фрэскі канца XVIII стагоддзя сустракаецца позіркам з жанчынападобным анёлам у стылі мадэрн, які з’явіўся ўжо ў ХХ-ым.

Варта адзначыць, што настолькі ж грунтоўна “бастальцы” паставіліся і да аднаўлення аб’екта зусім іншага маштабу і профілю — савецкай фабрыкі-кухні, дзе таксама было выяўлена некалькі слаёў роспісаў. Наўрад ці кожны спецыяліст так рупліва нянькаўся б з аздобай нейкага “общепиту”. Але ў выніку прафесійнай датклівасці быў атрыманы выбітны дызайн інтэр’еру, дзе ўратаваныя фрагменты розных гадоў густоўна спалучаюцца паміж сабою.

/i/content/pi/cult/856/18180/7_3.jpg

Мастак-манументаліст, рэстаўратар, кіраўнік творчай майстэрні “Басталія” Фёдар Сарока і вядомы графік Андрэй Басалыга на адкрыцці выставы.

Думаю, слова “дызайн” тут не залішняе. Той творчы падыход, які выкарыстоўваюць “бастальцы”, прымяняльны не толькі ў рэстаўрацыі, але і ў сэнсавым напаўненні гарадскога асяроддзя — асабліва ў гістарычных цэнтрах, якія ў наш час усімі сіламі пераўтвараюцца ў рэкрэацыйныя пешаходныя зоны. Не заўсёды, аднак, паспяхова — бо, як выяўляецца, адных модных кавярняў замала. Каб усё працавала як след, трэба яшчэ і гісторыя, і тая ж гарадская міфалогія. З нерэалізаваных (хочацца верыць, да часу) праектаў “Басталіі” — мінская прастора Хаіма Суціна на цяперашняй вуліцы Камсамольскай. Па сутнасці, гэта прапанова маркіраваць безаблічнае пакуль месца, дзе вялікі мастак калісьці “набіваў руку”, працуючы рэтушорам. Прычым пазначыць яго зусім не звыклай мемарыяльнай дошкай, а той жа летняй кавярняй — але з сэнсам.

Зразумела, падобная спроба — не першая ў нашай гісторыі. Аднак важна адзначыць важную рэч: падобныя дызайнерскія праекты — пры ўсёй іх уяўнай простасці — павінны ствараць не якіясьці ананімныя хлопцы па дагаворы падраду, а ўдумлівыя прафесіяналы з імем. Гэта, канешне, даражэй, але куды эфектыўней.

Суполка мае свой сцяг, які стаў афішай выставы. Згодна з легендай (хто дасць рады яе праверыць?), наўмысна яго ніхто не ствараў. Проста маці рэстаўратара Уладзіміра Ракіцкага прапаліла прасам сваю саматканую посцілку. І паставіла на яе латку — такую самую, як астатні матэрыял, але ўсё ж выразна ад яго адрозную. Мастакі ўбачылі тут лаканічны прынцып рэстаўрацыі: аднаўляць, але не фальсіфікаваць. Вось менавіта таму, дарэчы, сучасныя цаглінкі ў кладцы замка візуальна адрозніваюцца ад аўтэнтычных.

А сама экспазіцыя выкананая, скажам так,.. даволі нестандартна. Тут няма звыклых цэтлікаў з імем аўтара і годам стварэння. Няма і эксплікацый, якія дазваляюць выразна прасачыць лёс помніка і ход думкі рэстаўратараў. Няма выверанай лагічнай структуры — зрэшты, мала ў якіх майстэрнях знойдзеш парадак. Тут і рабочыя матэрыялы, датычныя самых розных аб’ектаў, і тыя выявы, якімі аўтары натхняліся (скажам, рэпрадукцыі Шагала побач з праектамі роспісу сінагогі), і нешта яшчэ, не зусім падуладнае класіфікацыі.

І часам — як тое бывае ў майстэрнях — “забыўшыся рука” выводзіць не дэкаратыўны ўзор XVIII стагоддзя, а партрэтны накід сябра. Яны таксама прадстаўленыя на выставе. Вісіць усё, дарэчы, на шпалерах — праўда, не з крамы, а тых, якія некалі “бастальцы” рабілі для сядзібы ў Лошыцы.

Як падаецца, каб гэты прыём працаваў выкшталцона, у экспазіцыі не хапіла яшчэ аднаго элемента — таго, які ў майстэрнях акурат-такі заўсёды прысутнічае. Самога аўтара (або аднаго з іх), які б частаваў гледачоў гарбатай, усё ім тлумачыў, адказваў на пытанні і наогул падтрымліваў гутарку на высокія тэмы.

Гаспадар у гэтым творчым гармідары арыентуецца беспахібна, а вось выпадковы наведвальнік можа і заблукаць. Што, канешне, вельмі шкада. Бо выстава патрэбная ды вартая, каб яе ўбачылі і зразумелі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ