Моладзь праецыруе будучыню!

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Па традыцыі ў апошнюю нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень моладзі, а ўвесь тыдзень, што ёй папярэднічае, у краіне праходзяць тэматычныя мерапрыемствы ды імпрэзы. Якая моладзь сёння — такая Беларусь заўтра. Мабыць, гэта не выпадковае супадзенне, што менавіта на згаданым тыдні праходзяць абароны дыпломаў у навучальных установах, дзе рыхтуюць кадры для нацыянальнай культуры. Пры ўсёй значнасці эканамічнага чынніка, менавіта творчая матывацыя — у шырокім, не толькі ў мастацкім сэнсе — рухавік сацыяльнага прагрэсу і гарант устойлівага развіцця. Да таго ж культура, як вядома, яднае нацыю. Так што, у працяг тэмы — якое мастацтва сёння, такое грамадства заўтра. Асабліва, калі гаворка ідзе пра “маладое мастацтва”.

/i/content/pi/cult/856/18179/6_1.jpg

Надзея Гіль (дызайн віртуальнага асяроддзя): “Вечны вандроўнік на Зорным шляху”.

У вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва пачаліся абароны дыпломаў. На момант выхаду гэтага нумарв “К” ацэнку за выніковую працу ўсяго перыяду навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ужо атрымаюць дыпломнікі ўсіх чатырох факультэтаў — экранных мастацтваў, тэатральнага, мастацкага, дызайна і дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/856/18179/6_2.jpg

“Вечны вандроўнік на Зорным шляху”

На некаторых абаронах пабывалі нашы карэспандэнты. У бліжэйшы час іх матэрыялы з’явяцца на старонках газеты. Ну а пачнем з кафедры дызайна віртуальнага асяроддзя, дзе зоркай абароны стала Надзея Гіль з дыпломнай работай “Паўнакупальны праект “Вечны вандроўнік на зорным шляху”. Кіраўнік праекта — Крысціна Стрыкелева. Менавіта яна некалькі гадоў таму прапапанавала цэламу курсу паспрабаваць асэнсаваць сродкамі віртуальнага дызайну мастацкую і філасофскую спадчыну Язэпа Драздовіча. Потым дзве курсавыя працы трансфармаваліся ў дыпломныя. Крысціна Аляксандраўна прытрымліваецца той думкі, што Беларусі даўно пара мець уласны аналаг “Дыснейлэнда”, у канцэптуальнай аснове мусіць быць касмагонія нашага Вечнага вандроўніка.

/i/content/pi/cult/856/18179/6_3.jpg

Ганна Сцефкіна з кафедры графічнага дызайну і яе дыпломны праект да тэатральных пастановак.

Згаданы дыплом — важны крок у напрамку рэалізацыі гэтай ідэі. Работа Надзеі Гіль уяўляе з сябе відэаролік, на якім карціны Язэпа Драздовіча ператвараюцца ў анімацыйны фільм. Тое, што на карцінах мае адзін ракурс, у фільме можна пабачыць з розных бакоў. Прынцыповы момант — для дэманстрацыі роліка патрэбны сферычны экран, такі як у Мінскім планетарыі. Дарэчы, менавіта ў планетарыі і праходзіла абарона дыплома. Прайшла бліскуча. Тое, што зрабіла спадарыня Надзея, вартае апладысментаў. Дыпломнай работай зацікавілася дырэкцыя планетарыя. Цалкам верагодна, што праз пасярэдніцтва гэтай асветніцкай установы “Вечны вандроўнік на зорным шляху” пойдзе ў народ.
/i/content/pi/cult/856/18179/6_4.jpg

Графіка Ганны Сцефкінай для сталічнага тэатра імя М.Горкага

Яшчэ мне запоўніўся дыпломны праект Марыі Краўчэнінай “Віртуальны тур для ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Брылёўскае поле”. Гаворка ідзе пра катастрафу арміі Напалеона на Беразіне. “У вайне ніхто не выйграе, Усе толькі і робяць, што праігрываюць, а хто праіграе апошнім, просіць міру”, — пісаў Рэй Брэдберы. На маю думку, прыблізна так разважала спадарыня Марыя, ствараючы сваю версію тых трагічных падзей. Беларускі погляд на вайну 1812 года істотна адрозніваецца ад расійскага. Для кагосьці тая вайна — ваенны і палітычны трыумф, для кагосьці — нацыянальная трагедыя. Яшчэ рыхтуючыся да вайны імперыя выграбла з Беларусі матэрыальныя і чалавечыя рэсурсы, адступаючая руская армія пакідала пасля сябе выпаленую зямлю. У другі раз разарэнню Беларусь падверглася ужо пры адступленні Напалеона. А перамога Расійскай імперыі канчаткова пахавала надзеі нашай нацыянальнай эліты на адраджэнне, хай нават пад эгідай Пецярбурга, Вялікага княства Літоўскага. А ваявалі беларусы і ў складзе расійскай, і ў складе французскай армій.

/i/content/pi/cult/856/18179/6_5.jpg

Вольга Жуковіч. Дызайн-праект, прысвечаны 155-годдзю Льва Бакста.

Дыпломніца, робячы рэканструкцыю падзей на Беразіне, знайшла адзіна правільную — нейтральную, танальнасць і адпавядаючы ёй візуальны код.

Яшчэ адзін дыплом — Вольга Журовіч, “Дызайн-праект мульцімедыйнага рэсурса, прысвечанага 155-годдзю Льва Бакста”. Часта мы, знаходзячыся пад абаяннем расійскай культуры, забываем, як многа зрабілі для яе людзі нашай зямлі, носьбіты нашых традыцый і нашага менталітэту. Бакст, чыя радзіма Гародня, як раз з гэтага шэрагу. Дыпломная работа інфармацыйна насычаная і зручна стуктрурызаваная для карыстальніка рэсурса. Зрэшты, работа сацыяльна запатрабаваная.

/i/content/pi/cult/856/18179/6_6.jpg

Язэп Драздовіч у версіі Надзеі Гіль.

Як звычайна шэраг дыпломаў кафедры прысвечаны сацыяльным праектам. Ёсць таксама работы, прысвечаныя папулярным камп’ютарным гульням і забаўляльным праграмам.

Быў я і на мастацкім факультэце, у прыватнасці, на кафедры скульптуры. Мяне зацікавіла адна акалічнасць. Шэраг скульптур выкананыя дыпломнікамі ў нязвыклых для кваліфікацыйнай работы матэрыялах і ў стылістыцы даволі далёкай ад традыцый гэтай кафедры. Прычвечаныя яны, у прыватнасці, надзвычай актуальнай тэме экалогіі, філасофскім разуменням, вобразнаму асэнсаванню сацыяльных з’яў. Так бы мовіць, адыход ад прадметнай канкрэтыкі ў бок суб’ектывізму і падсвядомасці. Так і здаецца, што зараз за паваротам можаш сустрэць Вечнага вандроўніка, які спецыяльна для цябе на хвіліну збочыў з зорнага шляху.

/i/content/pi/cult/856/18179/6_7.jpg

Таццяна Якаўлева і яе дызайнерскі праект рекламных ролікаў для Atlant.

Магчыма, гэта новы метадычны падыход, у выніку якога студэнт на стадыі дыпломнай работы атрымлівае большую, чым раней, ступень свабоды. А мо яно толькі эпізод, які застанецца ў гісторыі кафедры эксперыментам без значных наступстваў. Час пакажа. У любым выпадку абарона дыпломаў — гэта праекцыя ў будучыню.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Вячаслава ПАЎЛАЎЦА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"