Сітуацыя — пад кантролем

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Пра палац Бохвіцаў у Падароску
У мінулым нумары, мы “пабывалі” на ўсходніх межах нашай краіны — у Нароўлі, дзе з вясны вядуцца працы па аднаўленні палаца роду Горватаў (гл. “К” № 25, 2021). Сёння мы перанясемся на захад Беларусі, на Ваўкавышчыну, каб распавесці чытачам “К” пра лёс палаца славутага роду Бохвіцаў у Падароску. Мэта нашых публікацый не ў тым, каб займацца банальнай папулярызацыяй цікавых мясцінаў. Мы распавядаем пра прыклады, калі яшчэ нядаўна закінутыя палацы-сядзібы займелі гаспадароў і атрымалі “другі шанец” на жыццё. Прычым, часам, менавіта жалобны стан колішніх котлішчаў беларускай шляхты і становіцца для некаторых пабуджальным матывам “закатаўшы рукавы набываць і ратаваць” не дзеля сябе, а дзеля Беларусі. Вельмі шкада, што з’ява гэтая, вельмі годная, пашырылася так запозна. Але лепей запозна, чым ніколі.

/i/content/pi/cult/856/18178/5_1.jpg

Трошкі гісторыі

Падароск — колішні маёнтак Наваградскага ваяводства ВКЛ, а сёння аграгарадок Ваўкавыскага павета Гродзенскай вобласці. У публікацыях, датычных Падароска, як аказалася, сустракаецца даволі шмат памылак. Напрыклад, першыя пісьмовыя згадкі Падароска паходзяць не з 1522, але з 1507 года. За сваю пяцісотгадовую гісторыю Падароск не раз мяняў гаспадароў — Клочкі, Дольскія, Вішнявецкія, Мнішхі, Замойскія. Ад апошніх у жніўні 1756 года маёнтак перайшоў роду Грабоўскіх. Перад тым як Падароск у чарговы раз змяніў гаспадароў, належаў ён ваўкавыскаму павятоваму маршалку, а пазней гарадзенскаму губернскаму маршалку Казіміру Грабоўскаму (каля 1774 — 1842). Які, акрамя палітычнай дзейнасці, адзначыўся яшчэ і на ніве перакладу літаратурных твораў з англійскай мовы на польскую. Казіміра і яго братоў і сясцёр, дарэчы, лічаць пазашлюбнымі дзецьмі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1819 годзе гасцяваў у Грабоўскіх вядомы палітычны дзеяч і пісьменнік Юльян Урсын Нямцэвіч, род якога паходзіў з Берасцейшчыны. Палацык Нямцэвічаў у Скоках нядаўна быў адноўлены і сёння функцыянуе як музей (яшчэ адзін станоўчы прыклад, пра які варта распавесці падрабязней).

Далей маёнтак належаў барону дэ Лярысу, а далей Пухальскім-Язвінскім. З 1862 года ў Падароску загаспадарыў Альбін Чачот, сын Тадэвуша Чачота, які валодаў Барацінам і Асташынам блізу Карэлічаў. Гэтыя Чачоты — адна з галін старога роду, з якога паходзіў і наш славуты філамат і паэт-рамантык Ян Чачот.

/i/content/pi/cult/856/18178/5_2.jpg

Падароск ў 1919 — 1939 гадах...

У выніку дынастычных шлюбаў пазней маёнтак перайшоў да роду Бохвіцаў. Бохвіцы, спярша мяшчане, а потым шляхта, ад пачатку свайго перасялення ў ВКЛ былі прыхільнікамі Радзівілаў і доўгі час трымаліся кальвінізма, а пазней перайшлі ў каталіцтва. Альжбета Чачот абрала за мужа Рамана, сына вядомага філосафа, пісьменніка і асветніка Фларыяна і Паўліны Маеўскай з Бохвіцаў (сваякі Адама Міцкевіча). Дарэчы, маёнтак Бохвіцаў у Флер’янава (Ляхавіцкі раён) таксама стаў прыватнай уласнасцю, і там ужо некалькі год вядуцца аднаўленчыя працы. Магілу Фларыяна Бохвіца, якая была на могілках у Дарава, у 2003 годзе знішчылі і на яе месцы з’явілася новае пахаванне. Але захаваліся магілы жонкі Фларыяна — Паўліны Бохвіц і іх нашчадкаў.

Некалькі год таму сядзібу Фларыяна Бохвіца ў Вошкаўцах па рашэнні Ляхавіцкага райвыканкама разабралі. Вельмі шкада, што не знайшлося таго, хто ўзяўся б за яе ратаванне. Помнік назаўсёды страчаны (гл. “К” №27, 2020).

1939 год прынёс у Падароск кардынальныя перамены. Маёнтак быў нацыяналізаваны. Далейшы паваенны яго шлях — тыповы для былых шляхецкіх маёнткаў. Або ў іх ствараліся школы, або размяшчаліся калгасныя канторы. Падароск жа зведаў і тое, і гэтае. Таму да 2004 года будынак палаца, пабудаванага, як сцвярджаюць знаўцы, у сярэдзіне XVIII стагоддзя, прайшоўшы праз некалькі войнаў, паўстанні ды іншыя выпрабаванні, ацалеў і быў у даволі неблагім стане. Бо не размесціш жа дзетак ці старшыню і бухгалтара калгаса пад акрытым небам. Але ў 2004 годзе і гэты перыяд скончыўся. Кантору перанеслі ў іншае месца. Будынак застаўся без дагляду і… Няма нічога новага пад Месяцам. Усё, што можна было вырваць і вынесці з палацыка, разыйшлося па наваколлі. Гаспадарчыя пабудовы, якіх таксама хапала — бровар, кузня, сукнавальня, вадзяны млын і іншыя — або былі знішчаны, або захаваліся фрагментарна. Але, надыйшоў 2012 год.

/i/content/pi/cult/856/18178/5_3.jpg

і ў 1944-м.

Змена курса

У 2012 годзе сонца ў чарговы раз зазірнула ў палац праз бітыя шыбы вокнаў. Павел Падкарытаў, расійскі бізнесовец, бабуля якога паходзіла з Віцебшчыны, вырашыў набыць палац у Падароску. Кошт склаў 120 тысяч даляраў. У параўнанні з сённяшнімі коштамі за палацы ці сядзібы (у пяць ці болей разоў меншыя) гэта нейкая фантастычная сума. Але, вядома, што шмат чаго залежыць і ад месца, і ад ступені захаванасці. Ды і сёння, калі на вёсцы і ў мястэчках не так людна, як яшчэ дзесяць год таму (мала працы і ўмовы жыцця далёка не лепшыя, таму ідзе масавая міграцыя ў буйныя гарады), знайсці годнае прызначэнне “закінутым” палацам цяжэй.

Таму, калі знаходзяцца ахвочыя заняцца аднаўленнем сядзібаў пад культурны праект ці музей, чаму б нашай дзяржаве не пайсці насустрач “культуртрэгерам” і не аддаваць такія неперспектыўныя аб’екты без аўкцыёнаў, за “адну базавую велічыню”? Зразумела, трымаючы сітуацыю пад кантролем, асабліва, калі гаворка вядзецца пра помнікі гісторыка-культурнай спадчыны розных катэгорый.

Але вернемся да гаспадароў і яго планаў адносна палаца. Пачынаючы з таго моманту, як напрыканцы 2012 года адбыўся чарговы аўкцыён і кошт палаца (плюс 3.5 гектара паркавай тэрыторыі) быў выплачаны дзяржаве, у Падароску закіпела праца. Ад таго моманту ў беларускіх СМІ пачалі з’яўляцца публікацыі пра гаспадара і навіны аднаўлення. Пачалі наведвацца туды і турыстычныя групы.

У планах кіраўніцтва “Маёнтак Падароск” — цалкам аднавіць палац, у якім у будучыні размесціцца музей беларускай шляхты. І праца ў гэтым накірунку зроблена немалая. Праўда, да стварэння сапраўднай музейнай экспазіцыі, якая б “распавядала” пра тое, як і чым жыла беларуская шляхта і папярэднія ўласнікі маёнтка, шлях яшчэ няблізкі.

Паступова аднаўляюцца гаспадарчыя пабудовы, якім таксама знойдзецца сваё прызначэнне. Бо, каб маёнтак быў прыцягальным для турыстаў, плануецца адкрыццё кавярні і хостэла. Будынкі, ад якіх засталіся фрагменты, закансерваваны, то бок надзейна ўкрыты ад непагадзі дахам. У добраўпарадкаваны парк, у якім налічваецца каля 500 дрэваў. Ва ўсім, што робіцца ў Падароску, адчуваецца разумны, руплівы і грунтоўны падыход.

За апошнія гады слова “Падароск” стала пэўным брэндам, вядомым ўсей краіне. Спрыяе гэтаму і супрацоўніцтва гаспадароў з вядомым ванроўнікам — Юрыям Жыгамонтам. Які пачынае кожны новы выпуск вандровак у чарговае знакавае месца Беларусі ад параднага ганку падароскага палацыка.

/i/content/pi/cult/856/18178/5_4.jpg

Сядзіба. 1919 — 1939 гг.

З апошніх навінаў

Каб даведацца аб тым, што сёння адбываецца ў Падароску, мы звязаліся з дырэктарам праекта спадаром Юрыем Меляшкевічам. Аказалася, што напачатку года цалкам змянілася кіраўніцтва праекта, бо папярэдняе ўжо выканала ўскладзеныя на яго задачы. І ён толькі некалькі месяцаў як займае гэты пост.

На пытанне, як мясцовыя жыхары ставяцца да аднаўлення палаца, аказалася, што ставяцца вельмі станоўча. Адзінае, часам скразяць у прыватных размовах ноткі расчаравання, бо “занадта ўжо доўга вядзецца рэстаўрацыя”. Праўда, улічваючы колькасць таго, што трэба было зрабіць і што было зроблена, тут, насамрэч, дзівіцца няма чаму.

Дадам, што такое пазітыўнае стаўленне — з’ява вельмі пашыраная. Цяжка знайсці людзей, якія б былі за тое, каб сядзібы ці палацы, з якімі шмат у каго звязаны даўнія добрыя ўспаміны, зніклі без следу. Хаця зрэдчас і такія сустракаюцца.

Што датычыцца стаўлення да праекта з боку мясцовых уладаў, то і тут, як паведаміў дырэктар праекта, усё добра. Рэгулярна паступаюць прапановы аб дапамозе. Наведваюцца ў Падароск прадстаўнікі абласной адміністрацыі. Не так даўно завіталі і супрацоўнікі Міністэрства спорту і турызму. За правядзеннем прац на аб’ектах сядзібнага комплекса пільна сочаць кантралюючыя органы. Бо, як мы ўжо казалі, маёнтак з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры.

Сёлета плануецца завершыць электра- і водазабеспячэнне аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры — кавярні, сувенірнай крамы і інш. То бок, “маёнтак Падароск” зможа годна прымаць турыстычныя групы, і забяспечыць іх сціплыя патрэбы ўсім неаходным.

Звярнуліся мы па каментар і да спадарыні Наталлі Гаспадарык, старшага інспектара спорта і турызму Ваўкавыскага райвыканкама. Мы пацікавіліся, ці ёсць на тэрыторыі раёну іншыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, якія сталі прыватнай уласнасцю. Аказалася, што так. Акрамя Падароска, ужо шмат год ідзе праца па аднаўленні палаца ў Красках, дзе ствараецца агра-сядзіба. І неўзабаве ён мусіць прыняць першых наведвальнікаў.

Што ж датычыцца маёнтка ў Падароску, то, безумоўна, і кіраўніцтва раёна, і турыстычныя агенцтвы вельмі зацікаўлены ў тым, каб рэстаўрацыйныя працы завяршыліся як мага хутчэй. Напачатку лета ў Гродзенскай вобласці адбылася прэзентацыя новага турыстычнага маршрута “На ростанях краіны: падарожжа па горадзе Ваўкавыску і Ваўкавыскім раёне”, якая паказала, што найбольшай цікавасцю турыстычных агенцтваў карыстаўся менавіта маёнтак у Падароску.

Пасляслоў’е

На заканчэнне нам застаецца дадаць, што акрамя сядзібнага комплекса, у Падароску ёсць іншыя цікавосткі, гісторыя якіх нямала распавядзе і пра само мястэчка.

Напрыклад, праваслаўная Свята-Троіцкая царква. Ёсць меркаванне, што ў 1802 годзе ў гэтым храме (тады яшчэ каталіцкім касцёле) быў ахрышчаны місіянер, філосаф і археолаг Максіміліян Рыла, будучы першы даследчык старажытнага Вавілона. Або касцёл Святой Альжбеты Венгерскай і Божай Міласэрнасці. Ёсць яшчэ два помнікі-напаміны пра Апошнюю вайну — савецкім ваярам і мясцовым жыхарам, загінулым у часы вайны.

Непадалёк ад сядзібы, недзе за паўкіламетра, апошнімі ўласнікамі маёнтка была пабудавана родавая капліца-пахавальня. Але, на вялікі жаль, пакуль што яна ляжыць у руінах.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар