123 адметныя брэнды, або Фестывалі на любы густ

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Пра перспектывы развіцця фестывальнага руху на Беларусі, сувязь з бізнесам і каляндар адметных імпрэз
Лета, як вядома, — гэта гарачая фестывальная пара. Дзясяткі буйных і малых фестываляў ладзяцца ў гэты час ва ўсіх кутках Беларусі, прыцягваючы ўвагу як мясцовых жыхароў, так і прыезджых турыстаў. Можна з упэўненасцю сказаць, што сёння многія айчынныя фэсты сталі сапраўднымі візітнымі карткамі сваіх раёнаў, балазе, пад правядзенне знакавых фестываляў выдаткоўваецца значнае фінансаванне не толькі з бюджэту пэўнага горада, але таксама і вобласці ці нават рэспублікі. Ці зрабіліся фестывалі брэндамі раёнаў, ці з’яўляюцца ў краіне новыя адметныя і цікавыя фэсты і ці дапамагае ў іх арганізацыі рэклама, інтэрнэт, сувязь з турыстычнымі арганізацыямі ды прыватным бізнесам — пра ўсё гэта ды пра многае іншае “К” пагутарыла з начальнікам упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірынай КАРПОВІЧ.

— Напачатку размовы хацеў бы запытацца пра тое, колькі ўвогуле ў Беларусі на сёння фестываляў? Колькі з іх маюць статус міжнародных ці рэспубліканскіх? І што будзе з тымі фестывалямі, якія летась былі, на жаль, адменены ў сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам?

— Зусім нядаўна, у 2020 годзе, з друку выйшла кніга “Фестывалі ад А да Я”, у якім прадстаўлены 123 фэсты, што ладзяцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Палітра нашых фестываляў вельмі вялікая, толькі міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў праходзіць больш за пяцьдзясят. Леташнія фестывалі, якія былі перанесены ці адменены ў сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам, сёлета адбудуцца абавязкова. Іх вельмі чакаюць гледачы, прычым, як мясцовыя жыхары, так і госці з розных куткоў Беларусі.

/i/content/pi/cult/856/18177/4_1.jpg

— А што адбываецца з фестывалямі, якія ладзяцца ў розных раёнах Беларусі? Ці робяцца яны брэндавымі для таго ці іншага раёна, як, напрыклад, міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, фестываль народнага гумару ў Аўцюках у Калінкавіцкім раёне ці міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах? І, як вы лічыце, што трэба рабіць, каб фэст сапраўды стаў брэндам?

— На мой погляд, кожны раён сёння зацікаўлены ў тым, каб ягоны фестываль зрабіўся брэндавым, пазнавальным сярод дзясяткаў іншых падобных мерапрыемстваў, што ладзяцца ў Беларусі. І можна з упэўненасцю сказаць, што многія рэгіянальныя фестывалі сапраўды сталі брэндавымі. Напрыклад, гаворачы пра “Вішнёвы фэст”, мы адразу згадваем Глыбокае. Калі вядзём гаворку пра фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй”, успамінаем Мар’іну Горку. А пры згадцы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, у памяці паўстае Гродна. Падобныя прыклады можна прыводзіць доўга. Таму, на мой погляд, падобныя фестывалі на сёння фактычна сталі візітоўкай таго ці іншага раёна, горада і нават вобласці.

— Не магу не згадаць і такі знакавы рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што ладзіцца ў гарадскім пасёлку Акцябарскі ўжо не адзін дзясятак гадоў. Ці плануецца далейшая падтрымка гэтага адметнага фэсту, што папулярызуе традыцыі беларускай народнай танцавальнай культуры?

— Так, безумоўна, і Міністэрства культуры Беларусі, і абласныя, і раённыя ўлады зацікаўлены ў правядзенні падобнага фестывалю, у тым, каб ён набыў яшчэ большы размах і розгалас. Таму мы шчыльна працуем з арганізатарамі фестывалю, каб усе ўдзельнікі фэсту, усе дэлегацыі, якія прыязджаюць выступаць на “Берагіні” адчувалі сябе ў Акцябарскім максімальна камфортна і ўтульна.

— Сёння часта гавораць пра тое, каб арганізатары фестываляў не толькі спадзяваліся на бюджэтнае фінансаванне, а актыўна прыцягвалі да супрацоўніцтва прыватны бізнес, спонсараў, мецэнатаў, ладзілі праекты ў галіне дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Якія, на вашу думку, тут ёсць перспектывы? І ці з’яўляюцца ў Беларусі прыклады паспяховай сумеснай працы арганізатараў раённых, абласных, міжнародных фестываляў і прыватнага бізнесу?

— Натуральна, дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва, сувязь арганізатараў фестываляў з бізнесам абавязкова павінна быць. Іншая справа, што зазвычай гэта невялікія ўкладанні, бо прыватны бізнес хоча, у першую чаргу, нейкай аддачы, прыбытку, што не так лёгка дасягнуць за некалькі фестывальных дзён. Таму тут лепш казаць пра пэўнае мецэнацтва, спонсарства, калі бізнесмен ці прыватная кампанія падтрымліваюць невялікімі грашовымі сродкамі правядзенне таго ці іншага фестывалю ў сваёй мясцовасці. Разам з тым, ёсць у гэтым плане і пазітыўныя прыклады. Так, ужо доўгі час у Жодзіна ладзіцца конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”. Фінансаванне ажыццяўляецца за кошт бюджэту Мінскай вобласці, горада Жодзіна, але асноўныя выдаткі бярэ на сябе Беларускі аўтамабільны завод.

/i/content/pi/cult/856/18177/4_2.jpg— Яшчэ адно пытанне фестывальнага жыцця — сувязь з турыстычнымі арганізацыямі. Наколькі, на ваш погляд, шчыльнае супрацоўніцтва паміж арганізатарамі таго ці іншага фестывалю і турфірмамі? Што, на вашу думку, тут варта зрабіць, каб гэтую сувязь палепшыць, каб усё больш і больш турыстаў — прычым, як з самой Беларусі, так і з краін блізкага ці далёкага замежжа — прыязджала на раённыя, абласныя, міжнародныя фестывалі, што ладзяцца ў розных рэгіёнах краіны цягам усяго года?

— Турыстычным арганізацыям трэба ведаць пра фестываль як мага раней, каб планаваць прыезд турыстаў. А раённым уладам трэба спачатку зацвердзіць план правядзення таго ці іншага фестывалю. Гэты план ствараецца напрыканцы года і ўжо пасля гэтага можна дакладна сказаць, адбудзецца ці не адбудзецца той ці іншы фестываль. Іншая справа, што і сёлета, і летась многія фестывалі, асабліва міжнароднага ўзроўню, не змаглі дачакацца прыезду ці пацвярджэння прыезду замежных гасцей — з-за кавіду, з-за зачыненых межаў ці праблем з перасячэннем мяжы ў сувязі з эпідэміялагічнымі абмежаваннямі. Спадзяюся, наступным летам эпідэміялагічная сітуацыя палепшыцца, і тады арганізатары фестываляў і турфірмы змогуць суаднесці свае планы і запрасіць на нашы мерапрыемствы гасцей як з Беларусі, так і з блізкага ці далёкага замежжа.

— Магчыма, з цягам часу варта было б зрабіць сайт ці старонку ў інтэрнэце, дзе кожны ахвотны мог пабачыць нейкі план, дату і месца правядзення айчынных фестываляў? Або падумаць пра стварэнне нейкага календара адметных айчынных імпрэз, які кожны ахвотны змог бы знайсці самастойна ў інтэрнэце?

— Менавіта гэта мы і плануем зрабіць у перспектыве. Магчыма, размесцім падобны фестывальны каляндар адразу на сайце Міністэрства культуры Беларусі. Тады кожны зможа завітаць на сайт і пабачыць, дзе і ў які час у краіне адбываецца той ці іншы фестываль.

— І, калі мы ўжо загаварылі пра перспектывы, як вы лічыце, што будзе з фестывальным рухам у Беларусі далей? Ці будзе ён развівацца? Пашыраць свае межы? Знаходзіць новыя іміджавыя хады? Ці будуць з’яўляцца новыя цікавыя ды адметныя фестывалі, якія не маюць яшчэ сваіх аналагаў у нашай краіне?

— Безумоўна, у перспектыве так і будзе. Бо фестывальны рух, на мой погляд, павінен стаць больш аб’ёмным, больш разгалінаваным, абапірацца на мясцовыя традыцыі, напрыклад, прапагандаваць мясцовую кухню, адметныя прыёмы рыбнай лоўлі і гэтак далей. Магчыма, у перспектыве ў Беларусі з’явіцца і джазавы фестываль.

— І апошняе. Як вядома, сённяшняя неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя з абмежаваннямі на выезд і ўезд у Беларусь не надта спрыяюць турыстычным вандроўкам замежных турыстаў. Магчыма, у фестывальным руху сёлета варта зрабіць ухіл на ўнутраны турызм і чакаць на адметных фестывальных імпрэзах менавіта айчыннага, беларускага турыста?

— Як я лічу, мы можам і павінны абапірацца на ўнутраны турызм, патэнцыял якога, на мой погляд, яшчэ далёка не раскрыты. Беларускага турыста, як вядома, у першую чаргу цікавяць гісторыка-культурныя аб’екты і фестывалі самага рознага фармату. Таму сёлета мы плануем працаваць з прыцэлам на ўнутраны турызм і зацікаўліваць фестывальным рухам усіх айчынных аматараў актыўнага вольнага адпачынку.

Фота аўтара і з архіву Ірыны Карповіч

На фота: Вокладка кнігі “Фестывалі ад А да Я”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"