Нерухомая спадчына — тэма злабадзённая

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

Як мы паведамлялі раней, калегія Міністэрства культуры, якая мела месца адбыцца ў Чырвоным Беразе Жлобінскагаа раёна 24 чэрвеня, адбылася праз дзень, але ў Мінску. На ёй абмяркоўвалася тэма захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў і іх навакольнага асяроддзя.

У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, выконваючых дзяржаўна-уладныя паўнамоцтвы ў галіне культуры, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама кіраўнікі праектных і навуковых арганізацый.

/i/content/pi/cult/856/18174/2_2.jpg

З уступным словам на калегіі выступіў міністр культуры Анатолій Маркевіч. Ён падкрэсліў, што праца і ўзаемадзеянне паміж рознымі ўстановамі, якія ў сваёй дзейнасці займаюцца праблемамі захавання нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, пакуль што застаецца не на самым высокім узроўні.

“Наша задача сёння — вызначыць напрамак дзейнасці на перспектыву, які б нам дапамог аб’яднаць усе намаганні па вырашэнні дадзеных праблем”, — падкрэсліў міністр.

З асноўным дакладам падчас мерапрыемства выступіла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, якая вызначыла шэраг вострых праблем, датычных захавання нашай агульнай спадчыны. Адзін з галоўных тэзісаў яе даклада — актывізацыя работы па распрацоўцы ў краіне зон аховы нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Было падкрэслена, што па стане на чэрвень 2021 года ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны ўключаны 5350 аб’ектаў, з якіх толькі для 31 працэнта распрацаваны і зацверджаны праекты зон аховы.

Больш за 60 працэнтаў нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў знаходзяцца ў камунальнай уласнасці адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, якія нясуць адказнасць за іх захаванне і забеспячэнне доступа да іх.

Адсутнасць распрацаваных і ўсталяваных зон аховы на практыцы прыводзіць да страт, пашкоджання і знішчэння гісторыка-культурных каштоўнасцяў, аб’ектаў шараговай гістарычнай забудовы і археалагічных аб’ектаў, стратам цэласнасці гістарычнага ландшафту і навакольнага асяроддзя. А па сутнасці гаворка ідзе пра магчымасць страты нашай агульнай спадчыны, вядома, калі праблемы не будуць вырашаны.

З мэтай актывізацыі мерапрыемстваў па распрацоўцы праектаў зон аховы ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ініцыяваны змены ў артыкул 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, распрацаваны рэкамендацыі па складу і парадку распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, а таксама прапанаваны курсы павышэння кваліфікацыі для ўсіх работнікаў, каго непасрэдна кранае дадзеная тэма.

Міністр культуры адзначыў, што бліжэйшым часам усе зацікаўленыя спецыялісты збяруцца разам з мэтай канкрэтызацыі вырашэння праблем і больш шчыльнай каардынацыі пакрокавай дзейнасці. “Работа павінна быць сістэматызавана, кропку не ставім, — сказаў Анатолій Маркевіч. — Працы трэба надаць практычнае прымяненне”.

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ