Анлайн-нарада з Брэсцкай крэпасці

№ 26 (1517) 26.06.2021 - 03.07.2021 г

22 чэрвеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Дадзенае пасяджэнне прайшло ў выключным фармаце — міністр вёў нараду па відэасувязі з Брэста. Анатолій Маркевіч ўжо з чатырох гадзін раніцы прысутнічаў на памятным мітынгу-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці, на якую 80 гадоў таму прыпаў асноўны ўдар нямецка-фашысцкіх войскаў.

/i/content/pi/cult/856/18173/2_1.jpg

Міністр выказаў шчырую падзяку ўсім тым, хто выступіў у якасці арганізатараў мерапрыемстваў у Брэсцкай крэпасці-героі: “Усё арганізавана на вельмі годным узроўні. Сімвалічна, з доляй зразумелага трагізму і патрыятычна”.

Міністр засяродзіў увагу ўсіх прысутных на тым, што ён працягвае трымаць на асобым кантролі правядзенне святаў “Александрыя збірае сяброў” і “Славянскага базара”.

Таксама на нарадзе было закранута пытанне запуска ў эксплуатацыю з 1 ліпеня першага і чацвёртага комплексаў Нацыянальнага мастацкага музея. Міністру далажылі, што цяпер на аб’ектах амаль завяршыліся будаўнічыя работы, і застаецца падпісаць неабходныя акты па іх прыняцці.

Падчас нарады была зроблена справаздача і па пытаннях далейшага развіцця кінапрацэсу на “Беларусьфільме”. Зараз беларускім грамадствам, зыходзячы з праведзеных апытанняў, запатрабаваны тэмы патрыятычныя, маральна-экалагічныя, таксама здаровага ладу жыцця і бяспекі жыццядзейнасці, адносін ў падлеткавым асяроддзі, тыя, што ўздымаюць праблемы маральнага выбару. Вядзецца праца па прасоўванні фільмаў з кінапракатнымі і грамадскімі арганізацыямі, тэлеканаламі, інтэрнэт-платформамі.

Дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі праінфармаваў, што зараз кінастудыя распрацавала план праката кінапрадукцыі на паўтара года наперад, выходзіць на новыя рынкі.

Паводле яго слоў, сёлета абавязкова будзе праведзены брэндавы беларускі фестываль “Лістапад”. Па папярэдней інфармацыі, каля 25-ці краін свету змогуць прыняць удзел у фэсце, у іх шэрагу 10 былых Савецкага Саюза, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвая Амерыка, некаторыя краіны Усходняй і Заходняй Еўропы.

Тэма забеспячэння ўстаноў культуры музычнымі інструментамі, у прыватнасці, піяніна, таксама была разгледжана на нарадзе. Паведамлялася, што як у бягучым годзе, так і ў наступныя гады міністэрства будзе рабіць усё належнае, каб дапамагчы за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў закупіць неабходныя музычныя інструменты.

Пацікавіўся міністр і пытаннем, звязаным з аднаўленнем Будслаўскага касцельнага храма. Безумоўна, дзяржава акажа дапамогу, але зараз вядзецца падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Разам з тым Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што аднаўленне даху храма павінна скончыцца за летнія месяцы.

На нарадзе ўздымалі і пытанні брэндавых мерапрыемстваў у кожным з рэгіёнаў краіны. Заўважалася, што летась многа культурных падзей было адменена з прычыны каранавіруса. Але мерапрыемствы пакрысе аднаўляюцца, яны спрыяюць развіццю ўнутранага турызма.

Засярэдзіў увагу міністр і на супрацоўніцтве Саюза мастакоў з моладдзю, на пытаннях правядзення не толькі выстаў, але і майстар-класаў. Міністру далажылі, што з лютага бягучага года такія сустрэчы былі праведзены з навучэнцамі школ мастацтваў Гродзенскай вобласці, а таксама ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Полацкім гісторыка-культурным запаведніку, Брэсцкім абласным культурна-выставачным цэнтры, Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, Палацы культуры чыгуначнікаў Гомеля, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, у Клімавіцкай дзяцячай школе мастацтваў і Хойніцкім краязнаўчым музеі. Цяпер мастакі выехалі ў Магілёўскую вобласць.

“Трэба і надалей ахопліваць і рэгіёны краіны, і абласныя гарады. Да таго ж для ўсіх нас такая супраца вельмі добрая падзея”, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч.

Роўна ў 12.00 работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры краіны падтрымалі ўсебеларускую хвіліну маўчання “Мы памятаем”, прысвечаную памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны (на здымку).

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ