“Калі б камні маглі гаварыць...”

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны
Вядома, што тэма Вялікай Айчыннай вайны для беларускага мастацтва даўно стала нацыянальнай тэмай, і тут не трэба нейкіх каментарыяў. Унікальная Брэсцкая эпапея — адна з такіх тэм. Да яе звярталіся дзясяткі беларускіх мастакоў практычна ва ўсіх відах і жанрах творчасці, і пералічыць іх немагчыма. Але ў гэтую трагічную дату — 80-годдзе з дня пачатку самай вялікай у гісторыі нашай зямлі вайны — хочацца ўспомніць хаця б некаторых з тых, хто так ці інакш унёс творчую лепту ў гонар вялікага воінскага Подзвігу, які бярэ свой пачатак менавіта з бессмяротнага гарнізона над Бугам...

У мінулых нумарах “К” мы падрабязна расказалі пра гісторыю стварэння мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”. Сёння, напярэдадні 80-гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мы раскажам пра тое, як некаторыя беларускія мастакі ў сваіх творах імкнуліся паказаць “вобраз” Брэсцкай цытадэлі ў чэрвеньскія дні 41-га, і што ад яе засталося ў першыя гады пасля Перамогі, калі, уласна кажучы, пра гераічную абарону крэпасці яшчэ мала хто ведаў.

/i/content/pi/cult/855/18170/15_1.jpg

Мікалай Чураба. “Цішыня ў цытадэлі”.

Гэтая трагічная і мужная старонка нашай шматпакутнай гісторыі доўгі час як бы не была “ўзаконена”. Першыя ж артыкулы ў газетах, заснаваныя больш на чутках і пагалосках, прамільгнулі толькі ў канцы 40-х. Аглушальны па сіле ўплыву на розум і сэрца дакумент быў знойдзены пры разборы завалаў крэпасці ў 1951 годзе: цяпер нам вядомы недапісаны Загад № 1 ад 24 червеня 1941 года — пра неадкладную арганізацыю абароны цытадэлі.

Але некаторыя мастакі раней афіцыйнага прызнання Подзвігу, яшчэ да з’яўлення знакамітай кнігі Сяргея Смірнова, “пацвердзілі” Брэсцкую эпапею на сваіх жывапісных палотнах, эцюдах, шматлікіх малюнках і накідах. І ў гэтых адносінах “першую скрыпку” сыгралі двое мастакоў, якія пасля перамогі засталіся жыць і працаваць у Брэсце. Гэта Мікалай Чураба і Пётр Данэлія. Амаль адначасова з імі непераўзыдзеную ролю ў раскрыцці таго, што адбывалася над Бугам, адыгралі народныя мастакі БССР Яўген Зайцаў і трошкі пазней — Іван Ахрэмчык, а таксама заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Пётр Дурчын.

Мікалай Чураба пакінуў сотні натурных партрэтаў, графічных малюнкаў і ілюстрацый. І шмат жывапісных твораў, прысвечаных Брэсцкай крэпасці ў дні яе гераічнай абароны і пазней, калі яна яшчэ заставалася ў руінах і зарасніках пасляваеннага бэзу. Реканструяваць подзвіг абаронцаў цытадэлі Чураба пачаў раней іншых мастакоў — за некалькі гадоў да таго, як герояў Брэста многія сталі ўвекавечваць у жывапісе, графіцы, плакаце і скульптуры.

/i/content/pi/cult/855/18170/15_2.jpg

Барыс Аракчэеў. “Брэсцкая крэпасць. Параненыя байцы”.

У Брэст ён прыехаў адразу пасля вайны, і разам з Пятром Данэлія прымаў там удзел у стварэнні абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. Вясной 1947 года першым атрымаў пропуск у крэпасць, пра якую мясцовыя жыхары гаварылі шэптам, бо большасць выжыўшых абаронцаў прайшлі праз нямецкі палон, а пасля некаторыя з іх — і праз савецкія лагеры.

Пазней Мікалай Дзмітрыевіч успамінаў: “Тое, што я пабачыў тады ў разбуранай крэпасці, на мяне зрабіла ўражанне незабыўнае. З таго часу гэтая святая тэма стала лейтматывам майго мастацтва”. На адным са шматлікіх аўтапартрэтаў Чураба нават увасобіў сябе ў вобразе салдата Брэсцкай крэпасці чэрвеня 1941 года. Гэты аўтапартрэт на фоне крэпасных басціёнаў пазней стаў фрагментам да жывапіснага трыпціха пра подзвіг першых абаронцаў савецкай краіны. Хаця мы бачым крэпасць у Чураба і зусім іншай — не ў бліскавіцы ваеннага полымя, а ў ціхай світальнай смузе ці ў заслоне туману. Да яе, гэтай паразрыванай, абпаленай нямецкімі снарадамі, мінамі і агнямётамі цвярдыні над Бугам, мастак вяртаўся з мальбертам усё жыццё. Вось толькі некаторыя назвы яго твораў: “Стаялі насмерць”, “Цаною жыцця”, “У Брэсцкай крэпасці”, “Памяць”, “Памяць народная вечна”, “Байніцы Брэста”, “Каземат Заходняга ўмацавання”, “Ля парога бессмяротнасці”, “Цярэспальскія вароты” , “Смага”, “Інтэр’ер Гарнізоннага клуба”...

Для жывапісца Пятра Данэліі тэма Брэсцкай крэпасці таксама была важнай. Але ён як прыроджаны пейзажыст пісаў галоўным чынам тыя пасляваенныя памятныя месцы разбуранай крэпасці з яе руінамі, казематамі, фортамі, дзе праходзілі жорсткія баі. Чураба і Данэлія — першыя ў мастацтве даследчыкі гэтай старонкі — у дакументальна-гістарычным ракурсе пакінулі важкі след у беларускім выяўленчым летапісе.

/i/content/pi/cult/855/18170/15_3.jpg

Яўген Зайцаў. “Абарона Брэсцкай крэпасці”.

Дзесяццю гадамі пазней да стварэння сваёй “паэмы” пра герояў Брэсцкай крэпасці падключыўся графік Пётр Дурчын, які практычна ўсё творчае жыццё прысвяціў партрэтным вобразам абаронцаў цытадэлі і літаграфскім кампазіцыям, звязаным з некаторымі баявымі падзеямі чэрвеня 41-га. На мой погляд, сярод лепшых яго кампазіцый можна адзначыць цыкл “Салдаты Брэсцкай крэпасці”, аркушы “Крэпасць у агні”, “Вернасць сцягу”, “Холмскія вароты”, “Памяць сэрца” і некалькі дзясяткаў партрэтаў герояў: ад П.Гаўрылава, А.Наганава і Я.Фаміна да І.Зубачова, М.Абдулаева і П.Клыпы. Сярэбраны медаль імя М.Грэкава — дастойная ўзнагарода мастаку за яго творчы ўклад у распрацоўку гэтай тэмы.

У 1951 годзе з’явілася карціна расійскага мастака Пятра Крываногава “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, якая і зараз практычна ва ўсіх СМІ і электронных носьбітах лічыцца хрэстаматыйным “піянерам” увасаблення гэтага подзвігу ў савецкім жывапісе. Аднак тут я хачу ўнесці некаторыя карэктывы.

На жаль, мала хто ведае, што сапраўдным адкрывальнікам тэмы ў мастацтве “вялікай формы” ўсё ж быў бліскучы беларускі гістарычны жывапісец Яўген Зайцаў, які на год раней Крываногава намаляваў эпічную “Абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе”. Па сутнасці, палатно Зайцава не толькі апярэдзіла па часе “раскручаную” савецкай прэсай карціну масквіча, але, на мой погляд, і перасягае яе па насычанай пульсацыі драматызму, напружанаму эмацыйнаму рытму і псіхалагічнасці цэнтральных вобразаў кампазіцыі. Дарэчы, зайцаўскае палатно, якое яшчэ дыхала свежай алейнай фарбай, упершыню з поспехам экспанавалася ў маскоўскім Манежы на Усесаюзнай выставе менавіта ў 1950 годзе, дзе яе мог убачыць і сам Пётр Крываногаў...

Па расказах Яўгена Аляксеевіча, ён упершыню пачуў пагалоску пра баі ў Брэсцкай крэпасці ў пачатку 1944-га ў Цэнтральным штабе партызанскага руху ў Маскве. Хутчэй за ўсё, менавіта тады падсвядомасць і пачала дыктаваць мастаку сюжэт. Аднак падбіраўся ён у думках да тэмы доўгімі шляхамі трывожных роздумаў, што бударажачай марзянкай адгукаліся ў сэрцы. Зайцаў два гады вывучаў матэрыялы, звязаныя з абаронай цытадэлі. Абыходзіў усе месцы баёў, агледзеў казематы і праходы, вывучыў памятныя аўтографы-надпісы апошніх абаронцаў, сустракаўся з відавочцамі і мясцовымі мастакамі Мікалаем Чурабам і Пятром Данэлія, для якіх гэтая тэма таксама была неабыякавай. Строгая і неаспрэчная праўда гістарычных “артэфактаў” адбілася ў дзясятках зайцаўскіх эцюдаў з адлюстраваннямі расплаўленых агнём руін крэпасці, якія зараслі травой і кустоўем, занядбаных Холмскіх варот, развалін Белага палаца, напаўразбураных Цярэспальскіх варот.

Карціна Зайцава расказвае, уласна кажучы, не толькі пра канкрэтны эпізод падзеі. Аўтар паказаў у ёй абагульненыя вобразы і характары абаронцаў крэпасці і падкрэсліў гэтым, што кожны савецкі чалавек, уключаючы жанчын і дзяцей, не шкадуючы жыцця, гатовы самаахвярна адстойваць кожны лапік беларускай зямлі.

/i/content/pi/cult/855/18170/15_4.jpg

Пётр Дурчын. “Вернасць сцягу”.

У цэнтры кампазіцыі мастак “вылепіў” персанаж камандзіра са сцягам, правобразам якога мог быць начальнік 9-й пагранзаставы 17-га Брэсцкага пагранатрада войск НКУС лейтэнант Андрэй Кіжаватаў. Вобраз гэтага чалавека, які ў палымяным парыве вядзе за сабой салдат, вызначае агульны пафас палатна. Менавіта з гэтай атакуючай дынамічнай фігурай моцна спалучаны ўсе астатнія часткі таленавіта скампанаванай батальнай сцэны.

Пры ўсёй строгай акадэмічнасці рашэння, дакладна прапрацаванай атрыбутыцы палатно вельмі яркае. Насычаны, гарачы каларыт у гаме зялёна-вохрыстых і чырвоных рэфлексаў выключна эмацыянальна перадае высокі напал боя ў тыя апошнія спякотныя дні чэрвеня сорак першага...

Нічога дзіўнага ў тым няма, што пачынаючы з юнацкай дыпломнай карціны “Чапаеў” (на жаль, не захавалася), Зайцава заўсёды захаплялі моцныя духам людзі. Успомнім хаця б яго позні трыпціх “Мая рэспубліка ў агні Вялікай Айчыннай” ці ваеннага часу — “Партрэт юнага партызана”. І ў карціне “Абарона Брэсцкай крэпасці” яны, такія людзі, адлюстраваны на першым плане. У няроўнай схватцы гінуць байцы. Іх месца займаюць тыя, хто можа трымаць зброю. У шэрагі абаронцаў станавіліся і жанчыны, і падлеткі. Такая праўда першых дзён вялікай вайны...

Зразумела, пры напісанні гэтага грандыёзнага твору Зайцаву асабліва спатрэбіўся мінулы творчы вопыт, які ён атрымаў у сваіх настаўнікаў па даваеннай Ленінградскай акадэміі мастацтваў — карыфеяў жывапісу Кузьмы Пятрова-Водкіна і Аляксандра Асьмёркіна. За плячыма Яўгена Аляксеевіча ўжо былі шматфігурныя карціны “Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе”, “Парад партызан у Мінску ў 1944 годзе”, “Пахаванне героя”, “Стаяць насмерць”. Ну і, бясспрэчна, у рабоце над “Абаронай Брэсцкай крэпасці” дапамагла асабістая нязгасная памяць пра нядаўнія франтавыя шляхі-дарогі, па якіх прайшоў маскіроўшчык, ваенны інжынер 3-га рангу капітан Зайцаў.

/i/content/pi/cult/855/18170/15_5.jpg

Пётр Дурчын. “Вежы Холмскіх варотаў”.

У 1943 годзе ён быў адкліканы з фронту ў Маскву ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху, дзе пазнаёміўся з Мінаем Шмыровым і камісарам брыгады Заслонава Людвігам Сяліцкім. Сяброўства з імі прыўнесла ў творчы багаж жывапісца зусім новыя тэмы і задумкі. Менавіта адтуль — і карціна “Незабыўнае” (пра трагічны лёс сям’і бацькі Міная), і эпічны сказ пра Заслонава і яго баявых сяброў. Подобныя знакавыя ўзаемаадносіны з легендарнымі асобамі, па ўспамінах Зайцава, заўсёды давалі яму каштоўны матэрыял, які пышным колерам “прарастаў” у яго пасляванным мастацтве. І калі мастак у 1944-м вярнуўся ў разбураны Мінск, ён не шукаў сваю магістральную тэму. Яна моцна пераплялася з яго асабістым франтавым лёсам. Таму і Брэсцкая крэпасць стала для яго асабістым лёсам.

Далёка не многія сучасныя творцы спрабуюць сябе ў цяжкай працы стварэння эпахальнай гістарычнай карціны. Але гэты магутны, можна сказаць, галоўны жанр, у якім працаваў Зайцаў, застаецца на ўсе часы. Таму і сёння запатрабаваны людзьмі. Такім чынам, зайцаўская карціна “Абарона Брэсцкай крэпасці” і заняла дастойнае месца ў залатым летапісе айчыннай выяўленчай культуры.

Праз сем гадоў калега і сябра Зайцава — Іван Ахрэмчык напісаў карціну “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, у якой стварыў вобраз непахісных герояў у цёмных казематах цытадэлі. У адрозненне ад эпічнага зайцаўскага палатна кампазіцыя Ахрэмчыка больш камерная і не прэтэндуе на ўсёабдымнае абагульненне. Персанажаў нямнога, але яны, адлюстраваныя ў поўны рост, неймаверна рашучыя і гатовы на ўсё дзеля абароны Радзімы. На пярэднім плане — жанчыны бінтуюць раненага салдата — тэма трагедыі вайны, яе ахвяраў і цяжкіх выпрабаванняў. Кампазіцыя пабудавана таксама па класічных акадэмічных правілах гістарычнага жанру. Героі паказаны ў актыўным руху, што стварае арганічнае адчуванне дачынення гледача да таго, што адбываецца ў гэтыя драматычныя моманты ў адным з казематаў цытадэлі.

Галоўным штуршком да стварэння гэтага палатна для Івана Восіпавіча паслужыла першая рэдакцыя кнігі Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць”, якая выйшла ў свет у 1956 годзе. Пад моцным уражаннем ад прачытанага жывапісец перш за ўсё пабачыўся ў Маскве з аўтарам кнігі, доўга з ім бяседаваў. Пісьменнік настойліва рэкамендаваў мастаку абавязкова пабываць у Брэсце. І Ахрэмчык не толькі некалькі разоў з’ездзіў у Крэпасць, але і сустрэўся з некаторымі непасрэднымі ўдзельнікамі падзей гарачага лета 41-га, у тым ліку з Пятром Гаўрылавым і Самвелам Матэвасянам.

І толькі потым прыняўся за кампазіцыю. Але перад тым як падрыхтаваць мальберт, палітру, пэндзлі і фарбы і загрунтаваць белае палатно, Ахрэмчык назапасіў каля сотні эцюдаў і натурных малюнкаў на месцы баявой славы герояў Брэста. Некаторыя я бачыў у майстэрні майстра. Сярод іх былі проста надзвычайныя. На жаль, некаторыя з гэтага шэрагу, напрыклад, жанчына са смяротна параненым чырвонаармейцам, фрагменты абпаленай муроўкі, загінулы салдат ля байніцы, так і не трапілі ў канчатковы вынік. Аднак многія эцюды не менш каштоўныя, чым сам шэдэўр. Частка такіх твораў знаходзяцца ў сям’і Ахрэмчыка, частка — у Нацыянальным мастацкім музеі.

Падкрэслю, што да апошніх дзён жыцця мастака на яго мальберце ў майстэрні стаяла незавершаная карціна, прысвечаная жанчынам Брэсцкай крэпасці, тым жанчынам, хто ў першыя дні аблогі фашыстамі цытадэлі нароўні з мужчынамі мужна трымалі абарону.

...Сёння над Брэстам — звонкая цішыня. Але яна не дае спакою нам, нашчадкам тых, хто перажыў трагедыю далёкіх дзён. Не ўсё яшчэ “расшыфравана” архівістамі і гісторыкамі ў “біяграфіі” гераічнай зямлі... І сапраўды, як у той песні — “калі б камні маглі гаварыць...”

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"