“Лабірынт” без Мінатаўра

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Нядаўна завяршыла сваю працу Рэспубліканская выстава жывапісу “Лабірынт”. Пад яе асноўную экспазіцыю была задзейнічана вялікая зала сталічнага Палаца мастацтва. На думку арганізатараў, а гэта кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў, слова “лабірынт” найлепшым чынам характарызуе творчасць як працэс і адпавядае сучаснаму стану нашага выяўленчага мастацтва. “Лабірынт” як сінонім спантаннага пошуку мастаком сваёй самасці. Тут можна блукаць бясконца, і галоўнае не сутыкнуцца з Мінатаўрам сваёй падсвядомасці.

Куратары праекта — старшыня секцыі жывапісу БСМ Уладзімір Ганчарук, сябры секцыі Васіль Касцючэнка і Андрэй Карпянкоў. Акрамя Палаца мастацтва фрагменты “Лабірынта” экспанаваліся ў галерэях “Мастацтва” і “Беларт”. Там аўтары твораў былі выключна жанчыны. Магчыма гэта зроблена дзеля, так бы мовіць, чысціні эксперыменту. Бо нават ва ўмовах дэклараванага раўнапраўя кожны застаецца самім сабой. Гендар, што ні кажы, самы вызначальны чыннік асобы — а значыць і творчасці. Па адным і тым лабірынце мужчыны і жанчыны рухаюцца з рознай хуткасцю, ды і сплеценая з досведу і інтуіцыі “нітка Арыядны” ў кожнага свая.

Выстава была не толькі імпрэзай для зацікаўленай грамады, але і творчым конкурсам. Працаваць журы на гэтай выставе было лягчэй, чым на тых спаборніцтвах дзе намінацыі занадта абагуленыя, а значыць крытэрыі ацэнкі вельмі размытыя. Скажам, проста “Жывапіс”, проста “Графіка”, проста “Скульптура”. А жывапіс можа быць у шырокім сэнсе рэалістычным, у шчыльным — прадметным, а таксама — дэкаратыўным, абстрактным, “канцэптуальным”. У графіцы што ў такіх выпадках ацэньваць — высокую тэхналагічнасць, калі зрабіць гравюру, нібы амаль карабель у космас запусціць, ці настраёвасць, што дасягаецца некалькімі эфектнымі дакрананнямі пэндзля ці алоўка да паперы. А скульптура — гэта і малая пластыка, і станковы фармат, і манументы. Ці можна настолькі розныя рэчы, як рэп і класічная опера, разглядаць у адзінай ацэначнай сістэме? Відаць, не. Аднак жа, калі-нікалі даводзіцца.

/i/content/pi/cult/855/18163/9_1.jpg

Гэтым разам на выставе-конкурсе быў толькі жывапіс. Праўда, вельмі разнастайны. А журы трэба было вылучыць пераможцаў у чатырох намінацыях — “Традыцыя”, “Майстэрства”, “Навацыя”, “Канцэпцыя”. У складзе журы пяць чалавек. Гэта прафесійныя мастацтвазнаўцы, што памятаюць яшчэ “суворы стыль” 60-х, і іх маладзейшыя калегі, якія прыйшлі ў прафесію зусім нядаўна, але ўжо засведчылі свой талент і крэатыўнасць. Меркаванні апошніх былі вельмі слушнымі і дарэчнымі, калі гаворка ішла пра навацыі і канцэпцыі. Ну а першыя былі, мабыць, больш абазнаныя адносна каштоўнасцяў традыцыйнага жывапісу і крытэрыяў прафесійнага майстэрства. Можна сказаць, атрымаўся сінтэз. І праз гэта пераможцы вызначаны больш-менш аб’ектыўна.

Ад выставы я маю ўражанне, што мастакі ва ўмовах пандэміі засумавалі па мастацтве як самадастатковай каштоўнасці і на гэтую сустрэчу з гледачамі прадставілі сапраўды лепшае, што за апошнія часы было створана ў цішыні майстэрняў. Гэта выстава — дэманстрацыя таго творчага патэнцыялу, які абавязкова будзе запатрабаваны краінай заўтра.

Некаторых твораў, хоць яны і былі вартыя ўзнагароды, журы не разглядала. Бо статус аўтараў такі высокі, а іхні ўнёсак у скарбніцу нашай культуры настолькі значны, што яшчэ адна адзнака ім нічога прынцыпова не дадае. А адзін з узнагароджаных сказаў, што яму прыемна, што на ягоную працу ўвагу звярнулі, але лепей бы адзначылі не яго, а каго-небудзь з маладых мастакоў, якім яшчэ трэба сцвярджацца творча і ўладкоўвацца ў жыцці.

Вынікі конкурсу такія. Намінацыя “Традыцыя”. Першае месца — Валерый Шкаруба. Гэта адзнака творчых дасягненняў і даніна памяці творцу, які нядаўна сышоў з жыцця. Спадар Валерый надаў беларускай прыродзе нязвыклае містычнае аблічча. Ягонае месца ў шэрагу вялікіх нашых пейзажыстаў, такіх як Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Віталь Цвірка, Гаўрыла Вашчанка. Другое месца ва Уладзіміра Масленікава, трэцяе — у магілёўскага мастака Барыса Первунскіх.

Намінацыя “Майстэрства”. Першае месца — Уладзімір Ганчарук. Як многія творцы спадар Уладзімір жыве з таго, што робіць па замове, але найплепш у яго атрымліваюцца карціны, напісаныя, як прынята казаць, для душы. Для самога сябе. Менавіта такімі творамі ён быў прадстаўлены на гэтай выставе. Другое месца — Аляксандр Сяліцкі. Гэты мастак мае сваіх заўзятараў, прычым іх шмат. Ён умее надаць сюжэту прывабную эмацыйнасць, пачуццёвасць. А стылістыка — нібыта ад вялікіх майстроў Рэнесансу. Трэцяе месца Уладзімір Канцэдайлаў.

Намінацыя “Навацыя”. Алесь Родзін фактычна класік беларускага авангарда. Ён быў бы не апошнім і ў іншых намінацыях. Для маладых мастакоў ён, лічы, дзед. Адштурхоўваючыся ад зробленага ім, моладзь, можа, пайшла далей. Хіба што ў адрозненне ад Родзіна рухаюцца хутчэй навобмацак, чым паводле разумовай карты. Але тут і зараз, у гэтай экспазіцыі, канкурэнтаў у спадара Алеся не было. Таму першае месца. Другое — Кацярына Сумарава. Трэцяе — Леанід Хобатаў.

І, нарэшце, намінацыя “Канцэпцыя”. Першае месца — Аляксандр Забаўчык, другое — Валерый Песін, трэцяе — Сяргей Рымашэўскі. У дадзеным выпадку ацэньваўся плён доўгатэрміновай працы паводле абранага напрамку і стылістыкі. Калі ўкласці імпэт і працу ў нейкую дзялянку, на ёй раней-пазней нешта вартае вырасце. Гэта датычыць і трох згаданых мастакоў.

Яшчэ журы вызначыла трох лепшых фотамайстроў у намінацыі “Творчы дэбют” Фота-арт-фестывалю “Мост-21”. Гэта экспазіцыя заняла аванзалу Палаца мастацтва. На першым месцы — Сяргей Мядзведзеў, на другім — Вольга Міронава, на трэцім — Антон Талашка.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"