“Цалуй мяне, Кэт!” альбо Любоў да яго вялікасці тэатра

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа звярнуўся да вядомага твора, амаль класікі сусветнай музычнай драматургіі — “Цалуй мяне, Кэт!” За аснову быў узяты брадвейскі мюзікл, праўда, у крыху адаптаваным варыянце.

Магчыма, рэжысёр не быў упэўнены ў выдатных вакальных магчымасцях трупы: усё ж такі ў драматычным тэатры гэты матэрыял ніколі не ставіўся (магчыма, за выключэннем асобных студэнцкіх спектакляў). Таму было вырашана паставіць хутчэй драматычны твор (жанр якога пазначаны ў афішы як лірычная камедыя) па лібрэта Сэмюэла і Бэлы Співак, вядомых амерыканскіх драматургаў і кінасцэнарыстаў, а музыку (усё ж такі ў спектаклі спяваюць — найперш галоўныя героі — і яшчэ больш актыўна танчаць) было прапанавана напісаць віцебскаму кампазітару Руслану Стаброўскаму, які ўжо меў досвед плённага супрацоўніцтва з коласаўцамі.

/i/content/pi/cult/855/18162/8_3.jpg

Фрэд (Пятруча) — А.Блахін, Лілі (Катарына) — Т. Краснабаева-Чарняк.

Паставіў лірычную камедыю мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў, а сцэнаграфію (дастаткова лапідарную, у якой можна было аб’яднаць два сюжэты — класічны і сучасны) і касцюмы прыдумала галоўны мастак Святлана Макаранка. Харэаграфію ўвасобіла Дзіяна Юрчанка. Пераклаў лібрэта і напісаў тэксты песень Алесь Замкоўскі.

Спектакль гучыць як свайго роду прызнанне ў любові яго вялікасці тэатру. Гэта ўжо прасочваецца ў самым пачатку, своеасаблівым пралогу. Ідзе падрыхтоўка да генеральнай рэпетыцыі. Бегае подскакам памочнік рэжысёра Ральф (артыст У. Жураўлёў), размінаюць ногі танцоркі, а галасы — артысты. У прасторы блукае атмасфера звыклага і разам з тым такога заманлівага закуліснага жыцця. І вось, нарэшце, на сцэну выбягае Фрэд Грэхэм (артыст А.Блахін) — рэжысёр тэатра ў Балтыморы, і рэпетыцыя пачынаецца.

Усе чакаюць прымадонну трупы — Лілі Ванэсі (артыстка Т. Краснабаева-Чарняк), досыць наравістую, капрызлівую, з гонарам, што, магчыма, і стала прычынай яе расстання з Фрэдам, які ў жыцці не змог праявіць пэўныя мужчынскія, валявыя якасці і ўтаймаваць жонку і вядучую актрысу. Выканаўцы цэнтральных роляў з самага пачатку дэманструюць гэтае сутыкненне моцных характараў людзей, якія, між тым, па-сапраўднаму закаханыя адно ў аднаго. Дастаткова яскрава пабудаваны рэжысёрам ужо першы выхад праз глядзельную залу Лілі ў шыкоўным строі зусім не беднай правінцыйнай актрысы, а сапраўднай арыстакраткі.

Да цэнтральнай сюжэтнай лініі дапасуецца другая — заляцанне крывадушнай дзяўчыны і няшчырай актрысы, шукальніцы ўплывовых кавалераў міс Лэйн (артыстка Д.Французава) да Фрэда. Яна, можна сказаць, віртуозна выкарыстоўвае мужчын для дасягнення сваёй мэты — стаць зоркай Брадвея.

/i/content/pi/cult/855/18162/8_4.jpg

Сцэна са спектакля.

Трупа тэатра — гэта свайго роду сям’я, а ў сям’і здараюцца канфлікты, бо сутыкаюцца розныя характары, не заўсёды людзі станоўчыя, а часцяком апанаваныя ганебнымі жарсцямі. Такім з’яўляецца Біл Кэлхоўн, сябрук Лу (артыст А.Герак), які ўшчэнт прагуляўся ў карты, а доўг запісаў на Фрэда. І тут, у самы непадыходзячы момант, напярэдадні прэм’еры, да яго з’яўляюцца гангстэры. Іх ролі выконваюць Яўген Бераснеў і Цімур Жусупаў. Магчыма, яны і могуць у пэўных абставінах быць жорсткімі, але тут мы іх бачым падкрэслена ветлівымі і карэктнымі. Відаць, гадзіны, праведзеныя ў турэмнай бібліятэцы, іх шмат чаму навучылі. Гэта, вядома, пададзена з уласцівым спектаклю гумарам.

Цікава заяўлены ў спектаклі і вобраз бізнесоўца Харысана Хоўэла (Ю.Цвірка), якому насамрэч няма аніякае справы да тэатра (у яго ёсць больш важныя праблемы), але яму вельмі даспадобы Лілі, з якой ён хоча пабрацца ўзаемна выгадным шлюбам. Выканаўца добра падкрэслівае самазадаволенасць, упэўненасць свайго персанажа ў перавазе такога ладу жыцця, да якога ён прывык. Але ж Лулу вагаецца. Асабліва гэта відаць у сцэне, дзе Фрэд апісвае ёй будучае сямейнае жыццё з Харысанам.

І ўсё ж такі гісторыя, напісаная амерыканскімі драматургамі Сэмуэлам і Бэлай Співак ды ўвасобленая коласаўцамі — гэта так званае “апавяданне ў апавяданні”. Знешні сюжэт — пастаноўка знакамітай камедыі Уільяма Шэкспіра “Утаймаванне наравістай”, а ўнутраны — непасрэдна сама гэтая камедыя. Асаблівасць унутранага, так бы мовіць, начыння і палягае ў тым, што адносіны, канфлікты, асаблівасці характараў галоўных герояў уплываюць на саму пастаноўку геніяльнага драматурга, на тыя ролі, якія яны выконваюць. Перад артыстамі стаяла задача пераўвасобіць абодва сюжэты, якія паралельна існуюць у спектаклі “Цалуй мяне, Кэт!” Упартая Лілі падобна да наравістай Катарыны, настойлівы і рашучы Фрэд да грубаватага, але шчырага Пятруча, слізкая, учэпістая Лу да такой жа хітрай Б’янкі. Пэўная завостранасць асобных рысаў характараў, кіпенне жарсцяў выклікае захапленне публікі, пераважна ў асобах ужо знаёмых нам гангстэраў, улюбёных у Шэкспіра, а цяпер ужо і захопленых тэатрам. Прычым гэтая захопленасць даходзіць да таго, што яны і самі гатовы выйсці на сцэну, што, зрэшты, і адбываецца.

Сюжэт спектакля пабудаваны так, што ў цэнтры аказваецца закаханы тандэм. Гэтыя вобразы, як у знешнім, так і ўнутраным “апавяданні”, распрацаваныя найбольш падрабязна і дакладна. У фінале Лілі, як і належыць лёгкаму жанру, вяртаецца да свайго каханага Фрэда, вяртаецца ў той самы тэатр, які калісьці іх разлучыў. “Мы, артысты, людзі вольныя” — спяваюць у фінале героі. Тут трэба працаваць, хвалявацца з нагоды прэм’еры, а вось багацце — доля іншых. Грошы зарабляюць адзінкі. А ўсе астатнія — проста апантаныя людзі.

Юрый Іваноўскі