“Рыа-Рыта!” як успамін пра вайну

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

80-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай — сумная дата, але з музыкай перажыць яе будзе лягчэй. І адначасова задумацца пра паўсядзённыя супярэчнасці нашага існавання, нягледзячы на якія, жыццё ўсё роўна працягваецца.

Дзяржаўны камерны хор Беларусі пазаўчора прэзентаваў новую адметную праграму са сціплай назвай “Рыа-Рыта!” і жанравым азначэннем “тэатралізаваны канцэрт”. Насамрэч, гэта быў сапраўдны музычна-песенны спектакль — з асобнымі запрошанымі артыстамі, размеркаванымі ролямі, сцэнічнымі строямі і адмысловым відэашэрагам.

/i/content/pi/cult/855/18161/8_1.jpg

— Мы вельмі адказна, з вялікай зацікаўленасцю рыхтавалі гэты праект, — распавяла мастацкі кіраўнік калектыву, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Міхайлава. — Ён задумваўся яшчэ год таму, але з-за пандэміі не быў ажыццёўлены. Раней мы ніколі не рабілі суцэльных ваенных праграм. Але для кожнага гэта — балючая тэма. І нам хацелася аддаць даніну памяці тым людзям, якія перажылі гэты пераломны момант, уявіць сябе на іх месцах. Мы, па сутнасці, іграем саміх сябе — хор, які існаваў у даваенны час. Вывучалі шмат матэрыялаў пра Беларусь: што было тады ў нашай культуры, якая музыка гучала. І ў выніку такіх “даследаванняў” сутыкнуліся з тым, што многія песні, якія лічацца ваеннымі, насамрэч былі створаны да вайны, а надалей проста спяваліся з іншымі тэкстамі. Гэта здалося нам настолькі цікавым, што некаторыя такія гісторыі мы сталі распавядаць у сваім фэйсбуку для прыхільнікаў. Каб стварыць адпаведную атмасферу, пазычылі касцюмы на “Беларусфільме”, звярнуліся ў архіў кінафотадакументаў, таму вы ўбачыце на экране і дакументальныя здымкі, і нават кіначасопісы тых часоў. Разгорнецца выстава ў фае. Але такая аўтэнтычнасць, што распаўсюджваецца і на песні, не тычыцца іх аранжыровак. Калі песні захаваліся амаль на стагоддзе, гэта сведчыць пра якасць іх музыкі. Яны і сёння могуць гучаць сучасна, таму мы замовілі аранжыроўкі старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алене Атрашкевіч, з якой плённа супрацоўнічалі і раней: выконвалі яе цыкл “Дарогамі вайны”, які быў выдадзены разам з нашым запісам. На ролі двух цэнтральных герояў запрасілі прафесійных артыстаў: дзяўчыну будзе іграць актрыса тэатра імя Максіма Горкага Вольга Здярская, а яе каханага лётчыка — Ігар Пятроў, які выступіў таксама аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам. Дый нашы артысты хору растуць як акцёры: гэта ж далёка не першая наша тэатралізаваная праца. Назву ўзялі “Рыа-Рыта!”, бо гэтая мелодыя праходзіць лейтматывам скрозь усё дзеянне, гучыць у розных варыянтах. Задзейнічаны і студыя гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, Народны тэатр “На Доўгім Бродзе”, інструментальны ансамбль на чале з Аляксандрам Крамко, танцавальны калектыў “Феерыя”, нават дзеці нашых артыстаў. Нягледзячы на любімыя многімі мелодыі, гэта не святочны канцэрт, а размова пра тое, як у момант бурацца лёсы — разбураецца ўсё, што было з такой любоўю створана, перакрэсліваецца будучыня. Такое не павінна паўтарацца!

У Вялікім тэатры ў зале імя Л.Александроўскай 22 чэрвеня пройдзе камерны канцэрт “На безназоўнай вышыні”.

— Гэта паэтычна-музычная кампазіцыя без звыклага канферансу, — гаворыць рэжысёр канцэрта Наталля Бараноўская. — Праз песні і вершы адбудоўваецца хроніка вайны. Але будуць не толькі вядомыя нумары. Да прыкладу, Таццяна Гаўрылава ўпершыню праспявае Вакаліз Лізы з оперы Кірыла Малчанава “А досвіткі тут ціхія”. Акрамя вядучых салістаў, будзе Vivat-quartet, складзены з лепшых музыкантаў нашага аркестра. Мы хочам не толькі прасачыць нашу гісторыю, але і пагаварыць пра надзею і волю, пра тое, што калі наперадзе ёсць высокая мэта, дык для яе і жыцця не шкада. А галоўнае — хочам выказаць пашану тым людзям, дзякуючы подзвігу якіх мы жывем.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"