Зберагчы помнікі, захаваць спадчыну

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Без удзелу дзяржавы дасягнуць станоўчага выніку наўрад ці ўдасца
24 чэрвеня, у вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна, адбудзецца калегія Міністэрства культуры, прысвечаная праблеме распрацоўкі праектаў зон аховы на аб’ектах, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сёння, прэзентуючы гэтую падзею, мы акцэнтуем увагу нашых чытачоў на наступных пытаннях. Якім быў пакручасты лёс інстытуцый па ахове спадчыны ў незалежнай Беларусі? З якімі цяжкасцямі сёння найчасцей сутыкаюцца ахвочыя дапамагчы захаванню архітэктурных каштоўнасцяў? Якія элементы са спісу нашай спадчыны могуць прыцягнуць найбольшую ўвагу за межамі краіны? Пра ўсё гэта, а таксама пра іншыя праблемы і дасягненні ў сферы захавання беларускіх помнікаў і традыцый распавядае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

— Якімі былі Вашыя першыя крокі ў сферы аховы спадчыны, што прывяло ў гэтую галіну?

— Мая кар’ера пачыналася ў 1991 годзе, калі я трапіла на пасаду сакратара ў створаны акурат тады Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Францішка Скарыны, які ўзначаліў вядомы даследчык беларускай культуры прафесар Адам Мальдзіс. У той час там склаўся выдатны калектыў — працавалі такія мэтры беларусазнаўства, як гісторык і краязнавец Генадзь Каханоўскі, мастацтвазнавец Майя Яніцкая, філолаг Вячаслаў Рагойша, філосаф Уладзімір Конан і многія іншыя. Такое кола зносінаў не магло не спрыяць зацікаўленню лёсамі помнікаў культуры.

/i/content/pi/cult/855/18154/3_1.jpg

У адпаведнасці з законам “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, прынятым у 1992 годзе, была ўтвораная Дзяржаўная інспекцыя па ахове спадчыны, якая мела шэраг аддзелаў, што займаліся ўласна аховай помнікаў, пытаннямі праектнай дакументацыі і нават міжнароднымі дачыненнямі ў сферы спадчыны. Паралельна таксама існавалі іншыя арганізацыі, якія займаліся падобнымі пытаннямі — Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры пры Савеце міністраў, Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут, акрамя таго, у кожным з абласных цэнтраў дзейнічалі праектныя ўстановы, якія займаліся рэстаўрацыяй помнікаў. Менавіта ў той час я прыйшла на працу ў Дзяржаўную інспекцыю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая пазней была рэарганізаваная паслядоўна ў адпаведныя камітэт, дэпартамент і ўпраўленне Міністэрства культуры, якое я ўзначальваю з 2017 года.

— Якая работа сёння праводзіцца па рэстытуцыі артэфактаў, вывезеных у свой час за межы нашай краіны, а таксама па выяўленні і ўліку каштоўнасцяў?

— 27 мая ў Міністэрстве культуры адбылося пасяджэнне Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўленне мерапрыемстваў, прадугледжаных Планам работы Камісіі на 2019 — 2020 гады, дазволіла вярнуць на тэрыторыю Беларусі пяцьдзясят шэсць асобнікаў кніжных выданняў, дваццаць твораў беларускіх майстроў і мастакоў беларускага паходжання, адзін слуцкі пояс, дзве калекцыі дакументаў і фатаграфій, атрымаць дзесяць лічбавых копій кніг і дакументаў. Сярод яркіх прыкладаў рэстытуцыі — тры кнігі з колішняй бібліятэкі графаў Храптовічаў у Шчорсах, тры карціны славутага мастака Фердынанда Рушчыца, асобнік Берасцейскай Бібліі 1563 года, рыцарскі меч XV — XVI стагоддзяў.

Што тычыцца ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на працягу 2020 — 2021 гадоў Дзяржаўны спіс папоўніўся на трыццаць адзін аб’ект, у тым ліку — на пяць матэрыяльных. На жаль, мясцовыя органы ўлады работу па наданні аб’ектам спадчыны статусу каштоўнасці праводзяць не надта актыўна. Але ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, якая неўзабаве мусіць быць прынятая, кампетэнцыя разгляду пытання аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, якую пэўны час выконвалі мясцовыя органы ўлады, будзе вернутая Міністэрству культуры. Намі таксама створаны пошукавы сайт “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь” (gosspisok.gov.by), які з’яўляецца адзіным у Беларусі дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам, што дазваляе любому карыстальніку хутка знаходзіць інфармацыю аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку праз мабільныя прылады.

— Якія поспехі дасягнутыя ў сферы папулярызацыі беларускай нематэрыяльнай спадчыны ў свеце?

— Я лічу пашырэнне беларускай прысутнасці ў спісе нематэрыяльнай спадчыны UNESCO прыярытэтнай задачай, бо менавіта гэтыя элементы найбольш аўтэнтычныя і могуць выклікаць зацікаўленасць за межамі нашай краіны. 17 снежня мінулага года на 15-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO прынята рашэнне аб уключэнні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва беларуска-польскай намінацыі “Культура ляснога бортніцтва”. Прыняцце гэтага рашэння стала вынікам работы Міністэрства культуры, уключаючы мерапрыемствы па вывучэнні бортніцтва ў Беларусі, метадычных кансультацый і фінансавання работ па падрыхтоўцы дасье і арганізацыі ўзаемадзеяння з польскім бокам. Культура ляснога бортніцтва стала чацвёртым беларускім элементам, уключаным у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Таксама на працягу 2020 года, дзякуючы ініцыятыве ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, было вывучанае і зафіксаванае такое нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, як саломапляценне. Асаблівасцю бытавання беларускай саломкі з’яўляецца яе распаўсюджанне на ўсёй тэрыторыі Беларусі, носьбітамі гэтых практык з’яўляюцца больш за дзвесце майстроў і рамеснікаў, якія жывуць у васьмідзесяці раёнах і гарадах. У адпаведнасці з пунктам 1 Плана дзеянняў па папулярызацыі беларускай культуры за мяжой у 2021 годзе дасье па элеменце нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” накіравана ў Сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Акрамя таго, завершаны першы этап работы па падрыхтоўцы для прадстаўлення ў Сакратарыят Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO намінацыі па элеменце “Беларускае мастацтва выцінанкі”.

— Распавядзіце аб дзейнасці па захаванні і аднаўленні помнікаў архітэктуры.

— У 2020 і першым квартале 2021 года ўпраўленнем было падрыхтавана семдзясят пяць пастаноў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, прынятых Міністэрствам культуры, у тым ліку шэсцьдзясят чатыры з іх — аб зацвярджэнні праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Падрыхтавана і выдадзена 597 дазволаў на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, 412 заключэнняў аб узгадненні навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ, 139 заключэнняў аб адпаведнасці прыманай у эксплуатацыю нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці навукова-праектнай дакументацыі.

У найбліжэйшы час, 24 чэрвеня, у вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна адбудзецца калегія Міністэрства культуры, прысвечаная праблеме распрацоўкі праектаў зон аховы на аб’ектах, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У мерапрыемстве мусяць прыняць удзел прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку Генеральнай пракуратуры, мясцовых органаў улады, аддзелў архітэктуры і будаўніцтва. На сённяшні дзень, на жаль, працэнт аб’ектаў, для якіх такая дакументацыя распрацаваная, вельмі невялікі. Распрацоўка такіх праектаў - задача вельмі важная, бо адсутнасць зон аховы вядзе да парушэння заканадаўства ў сферы аховы спадчыны з-за розначытанняў і непаразуменняў пры вызначэнні статусу тых ці іншых пабудоў у складзе комплексных помнікаў.

На жаль, мясцовыя ўлады не заўжды належным чынам дбаюць аб захаванні архітэктурнай спадчыны — напрыклад, цягам мінулага года ў Віцебскай вобласці былі зруйнаваныя тры аб’екты, што ўваходзілі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: стайня колішняга маёнтка Камянполле Мёрскага раёна і два дамы ў Віцебску па вуліцах Чэхава і Путна, усе гэтыя будынкі адносіліся да канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. У такіх выпадках даводзіцца звяртацца ў праваахоўныя органы, узбуджаюцца крымінальныя справы. Частай праблемай застаецца невыкананне нормаў размяшчэння вонкавай рэкламы на фасадах аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці, калі рэкламныя шыльды ствараюць перашкоды для агляду архітэктурнага аблічча будынка — з такімі парушэннямі таксама даводзіцца змагацца.

Агулам за 2020 год адрэстаўраваныя альбо прыстасаваныя пад новыя функцыі больш за сто трыццаць помнікаў архітэктуры, а за 2016 — 2020 гады — больш за семсот. Сёння ўпраўленне ажыццяўляе кантроль за правядзеннем работ па рэканструкцыі і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя і рэканструкцыі будынкаў у ахоўнай зоне запаведніка на Верхнім замку ў Полацку, на шэрагу аб’ектаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, работ па рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамбля ў Косаве Івацэвіцкага раёна, кансервацыі з рэстаўрацыяй фрагментаў замкаў XIV стагоддзя ў Навагрудку і Крэве Смаргонскага раёна, рэстаўрацыі і прыстасаванні пад гісторыка-археалагічны музей Старога замка ў Гродна, рэканструкцыі з рэстаўрацыяй крыпты касцёла Божага Цела ў Нясвіжы і кансервацыі колішняга езуіцкага касцёла ў Мсціславе.

Таксама сёлета стаіць задача працягнуць работы па аднаўленні палацава-паркавых комплексаў у Ружанах Пружанскага раёна, Свяцку Гродзенскага раёна, Жылічах Кіраўскага раёна, комплексу былога калегіума езуітаў у Юравічах Калінкавіцкага раёна. Першачарговую ўвагу імкнемся надаваць аб’ектам, якія патрабуюць тэрміновай кансервацыі — нават калі гаворка пра рэстаўрацыю пакуль не ідзе, руіны, прынамсі, мусяць быць захаваныя для будучыні. Што тычыцца рэканструкцыі з прыстасаваннем — нярэдкія выпадкі, калі помнікі пераходзяць ва ўласнасць прыватных асоб, якія з найлепшымі намерамі спрабуюць адрадзіць іх і давесці да ладу. Але і ў такіх выпадках без удзелу дзяржавы дасягнуць выніку наўрад ці магчыма — занадта вялікія сродкі неабходныя для арганізацыі паўнавартасных работ па аднаўленні.