Рэгіёны — Газета — Чытач

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

— Уся краіна чакае святкавання “Славянскага базару”. А як да ўрачыстасці рыхтуюцца самі віцебляне?

Галіна Баркевіч, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама:

— Асноўная частка свята будзе доўжыцца з 15 па 18 ліпеня, але і дагэтуль і пасля названых дат будуць праводзіцца забаўляльныя мерапрыемствы. Сярод іх — спаборніцтвы па пляжным валейболе і футболе. Ва добраўпарадкаванні горада будуць задзейнічаны ўсе службы, каб для гасцей можна было годна сустрэць і праводзіць экскурсіі. Розныя ўстановы культуры горада і вобласці прымуць ва ўрачыстасці непасрэдны ўдзел. З мерапрыемстваў, акрамя асноўнага эстраднага канцэрта, чакаецца: фэст “На 7 вятрах”, выстава “Горад майстроў”, восьмы турнір народных танцаў для ўсіх жадаючых пар на цэнтральнай плошчы, выстава “Славянскі калейдаскоп”, выступ лялечнага тэатра, выстава сучасных віцебскіх мастакоў, мерапрыемства ад МНС. А да музея-сядзібы Іллі Рэпіна “Здраўнева” будзе рэгулярна хадзіць транспарт.

— Яшчэ адно свята адбудзецца ў хуткім часе — “Александрыя збірае сяброў”. Якая праграма запланавана там?

Алег Стэльмашонак, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:

— Аблвыканкам цалкам падрыхтаваўся да гэтага свята. Яно пройдзе ў адзін дзень 10 ліпеня на дзвюх сцэнічных пляцоўках і скончыцца начной дыскатэкай. Свята на малой сцэне распачнецца праграмай маладых талентаў Магілёўшчыны “Галасы будучыні”. Запланаваны і канцэрт калектываў з усёй краіны “Люблю Беларусь”. Працягне праграму мюзікл “Вянок на вадзе” на аснове абрадавых стылізаваных песень. Выступяць таксама творчыя калектывы “Палаца культуры МТЗ”, шматлікія калектывы з нашага абласнога цэнтра, адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Уладар сяла”. У 17 гадзін — адкрыццё свята і эстрадны канцэрт.

— Будынку філіяла музея Янкі Купалы, што ў Вязынцы, тэрмінова патрэбны рамонт. Які менавіта?

Вольга Лебедзь, намеснік дырэктара па адміністратыўнай і гаспадарчай працы Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”:

— Перш за ўсё замены патрабуе дах. Гэта тое асноўнае, што дапаможа захаваць наш будынак. Папярэдняе абследаванне ўжо ёсць, і зараз мы чакаем фінансавання, каб зрабіць інжынерны праект і пачаць работы. Аб’ект невялікі, і многа грошай не патрэбуе.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ