Інвестыцыі ў будучыню

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

16 чэрвеня Косаўскі палацава-паркавы ансамбль наведалі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка, міністр культуры Анатолій Маркевіч.

Як запэўніў Прэм’ер-міністр, дзяржава зробіць усё магчымае для аднаўлення гісторыка-культурных славутасцяў, іх далейшага інвеставання.

“На жаль, практычна ўсё, што было створана ў Беларусі за многія стагоддзі і пакаленні, аказалася разбураным у сілу розных гістарычных падзей, галоўным чынам вайсковых. Між тым у краіне трэба развіваць унутраны турызм. Заморскія паездкі, вядома, добра, але ўсё роўна вялікую частку часу беларусы адпачываюць дома. Каб было куды ездзіць, трэба ўкладаць у інфраструктуру турызму, у тым ліку ў аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Таму дзяржава інвеставала і працягвае ўкладваць вялікія грошы ў аднаўленне ацалелых аб’ектаў”, — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр пабываў у экспазіцыйных залах Косаўскага палаца, азнаёміўся з рэстаўрацыйнымі працамі. Ужо адноўлены гістарычныя інтэр’еры ў пяці залах, яны адкрыты для наведвання. Акрамя мэблі і антыкварных рэчаў атмасферу дапаўняюць роспіс, вітражы і ляпніна. Увагу турыстаў асабліва прыцягвае Белая зала. У ёй адрадзілі традыцыю правядзення баляў. У адным крыле палаца ўжо добраўпарадкавана гасцініца, у іншым — працуе рэстаран.

Апошнім часам рэстаўрацыйныя работы вядуцца на другім паверсе. Спецыялісты працуюць над аднаўленнем інтэр’ераў бальнай залы ў стылі неаготыкі, гасцёўні, назіральнай пляцоўкі.