“Будзь самім сабою...”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

29 кастрычніка 1918 года І Усерасійскі з’езд рабочай і сялянскай моладзі абвясціў стварэнне камсамола. Члены арганізацыі пад сваім гордым сцягам прайшлі разам з усёй краінай гады вялікага будаўніцтва, векапомнага змагання і натхнёнай творчасці. Многія з дзеячаў культуры і мастацтва былі ўганараваны за значныя дасягненні ў сваіх галінах. Сёння, напярэдадні 90-годдзя ВЛКСМ, карэспандэнты “К” сустрэліся з лаўрэатамі прэміі Ленінскага камсамола розных гадоў.

У беларускім выяўленчым мастацтве першымі лаўрэатамі прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 40 гадоў таму сталі скульптары Анатоль Анікейчык і Генадзь Мурамцаў, якія прынялі актыўны ўдзел ва ўвекавечванні подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Потым высокай узнагароды былі ўдастоены жывапісцы Май Данцыг, Віктар Маркавец, Васіль Сумараў, Уладзімір Тоўсцік, скульптары Уладзімір Церабун і Святлана Гарбунова, графікі Георгій і Наталля Паплаўскія, кінамастакі Уладзімір Дзяменцьеў і Аляксандр Чартовіч.

Апошнім у гэтым лаўрэацкім спісе стаў у 1986 годзе мастак-манументаліст Уладзімір КРЫВАБЛОЦКІ, за роспісДзеля жыцця на зямліў інтэреры Музея народнай славы ў г. п. Ушачы Віцебскай вобласці.Вось што Уладзімір Васільевіч расказаў нашаму карэспандэнт:
 /i/content/pi/cult/181/1815/Budz' samim.jpg
У гэтай рабоце я імкнуўся паказаць свае адносіны да гераічнай гісторыі партызанскага руху на зямлі Віцебшчыны, свае філасофскія і этычныя погляды на сутнасць Вялікай Айчыннай вайны, акцэнтаваў увагу на мужнасці майго народа ў смяротнай барацьбе з фашызмам. Мой роспіс з’явіўся не толькі тэматычным стрыжнем усёй музейнай экспазіцыі, але і ідэйна-пластычнай дамінантай. Лічу, што работа арганічна ўвайшла у вельмі складаны архітэктурны аб’ём фае і такім чынам узяла на сябе галоўны эмацыянальны акцэнт усяго музея.
Вядома, што ў манументальным жывапісе як нідзе пераплятаюцца ўсе самыя вострыя і важныя праблемы мастацтва. Калі я пачынаў працу, не мог не задумацца над пытаннямі арганічнай сувязі вялікіх мастацкіх традыцый з сучаснымі задачамі творчасці. Яшчэ да эскізаў і кардонаў мне давялося вывучыць шмат партызанскіх дакументаў і мемуараў, сустракацца з ветэранамі, удзельнікамі таго легендарнага прарыву, пахадзіць па месцах баёў. Амаль тры гады канкрэтныя рэаліі гісторыі і жывыя ўражанні пераасэнсоўваліся і паступова ператварыліся ў цэласны маштабны вобраз народнага подзвігу.
Мой роспіс — гэта 320 квадратных метраў і амаль 600 фігур. Але справа не толькі ў фізічных памерах, галоўнае — трэба было рашыць эпічную задачу: паказаць у абагульненых вобразах сэнс нашай Вялікай Перамогі. Для рэалізацыі задумы выбраў 5 сюжэтаў: “Хлеб зямлі Ушаччыны”, “Барацьба за жыццё”, “Фашызм не пройдзе!”, “Вызваленне” і “Крах фашызму”. Сваю каларыстычную палітру будаваў на двух асноўных колерах — чорным і чырвоным, сімвалах жыцця і смерці, на кантрастах святла і ценяў, на рытме дэталей, што паўтараюцца ды ўзмацняюць эфект неадольнага ўсеагульнага руху людзей да свабоды, да жыцця. А вобраз трагічна-журботнай Маці аб’ядноўвае ўсе сюжэты высокім сэнсам — праклёнам усіх войн...
І калі ў 1986 годзе мой твор вылучылі на атрыманне прэміі камсамола Беларусі, я, канешне, быў вельмі шчаслівы. Па-першае, гэта была мая першая ўзнагарода — мне тады споўнілася 33 гады. Па-другое, такая высокая ацэнка натхніла мяне на далейшую распрацоўку тэмы вайны, якая потым увасобілася ў манументальных работах “Рэквіем. Азарычы” ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у станковых карцінах, а таксама ў іншых роспісах.
А яшчэ добра памятаю, як у святочнай атмасферы Палаца культуры чыгуначнікаў гэтую прэмію мне ўручыў ад імя Камітэта па прэміях Міхаіл Андрэевіч Савіцкі з наказам на дарогу: “Будзь, Валодзя, заўсёды самім сабою!”.
Вось я і імкнуся ў мастацтве і жыцці быць самім сабою...

 Барыс КРЭПАК