Мера ў кожнага свая

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

У Палацы мастацтва адначасова з выставай “МІЖ НАМІ/INTER NOS” (Ігар Гардзіёнак, Павел Татарнікаў, Аляксандр Шапо і Сяргей Шэмет) днямі прайшла і яшчэ адна творчая імпрэза, таксама групавая — выстава “Мера”. Яе ўдзельнікі — мінскія мастакі Уладзімір і Андрэй Савічы і палачанін Аляксандр Канавалаў.

/i/content/pi/cult/854/18149/26.jpgУладзімір Савіч у нашым мастацтве постаць знакавая. У 1976 годзе ён па заканчэнні вучобы на аддзяленні графікі нашага Тэатральна-мастацкага інстытута трыумфальна абараніў дыпломную работу — серыю каляровых літаграфій паводле “Пінскай шляхты” Дуніна-Марцінкевіча. Потым гэты твор на Усесаюзнай выставе работ студэнтаў мастацкіх ВНУ быў адзначаны медалём Акадэміі мастацтваў СССР. Плённа працаваў у станковай графіцы і ў кніжнай аздобе. Выпрацаваў стыль, які выразна адрозніваў яго ад мастакоў, што шчыравалі ў рэчышчы пануючай тады плыні. А плынь та ўяўляла водгулле брутальнага “суворага стылю”. Спадар Уладзімір маляваў лёгкімі штрыхамі, будаваў прастору аркуша нюансамі манахромнай гамы альбо на танальнасці збліжаных колераў. Аддалены аналаг такой стылістыкі можна пры жаданні знайсці ў традыцыйным кітайскім жывапісе, але сутнасна гэта зусім не тое.

Яшчэ адным чыннікам творчага почырку Уладзіміра Савіча быў эфектны дэкаратывізм.

А потым быў нечаканы для аматараў мастацтва Савіча адыход ад рэалістычнай формы да беспрадметнасці. Назваць гэта абстракцыянізмам неяк не выпадала, бо нейкая асацыятыўнасць усё ж такі прысутнічала. Але відавочна, што колер і фактура ўжо сталі для яго самадастатковай эстэтычнай каштоўнасцю.

Тое, што можна было пабачыць на выставе — вынік творчай эвалюцыі, плён пошуку меры суадносін рэальнага і падсвядомага, уяўнага і прадметнага ў прасторы аркуша ці палатна. Ну а мера ў кожнага свая.

Андрэй Савіч распачаў самастойную творчасць, калі ягоны бацька ўжо меў статус мэтра. У Андрэя тая ж Alma mater, што ва Уладзіміра Пятровіча. БДТМІ ён скончыў у 1998 годзе, але вучыўся не на графіцы, а на манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Ужо ў тыя гады мастакі не прытрымліваліся жорстка цэхавай прыналежнасці. Вось і Андрэй Савіч у рэшце рэшт рэалізаваў сябе ў мастацтве станковым. Вонкава выглядае так, нібыта спадар Андрэй не меў патрэбы “вынаходзіць ровар” і распачаў свой уласны шлях ад той кропкі, да якой Уладзімір ішоў некалькі дзесяцігоддзяў. Так здараецца ў мастакоўскіх дынастыях. Але, як ні дзіўна, у Андрэевых работах апошняга часу пільным вокам можна адшукаць вобразныя коды, уласцівыя старэйшаму Савічу, калі ён быў маладым.

Аляксандра Канавалава як мастака я ведаю не настолькі добра, каб мець пераканаўчае меркаванне пра ягоную творчасць. Я толькі аднойчы меў магчымасць блізка яго бачыць і з ім паразмаўляць, і было гэта даволі даўно — у тыя часы, калі беларускія мастакі цураліся абстракцыянізму як чагосці нязвыклага, нязведанага і непатрэбнага. Дык вось спадар Аляксандр ужо тады быў абстракцыяністам/беспрадметнікам. І, як мне падаецца, ставіў сабе звышзадачу намаляваць нешта такое, што было б зусім ні на што непадобнае. Калі-нікалі ў яго гэта атрымліваецца…

На гэтай выставе цікавыя мо нават не самі прадстаўленыя на ёй работы, а пабудова экспазіцыі, пры якой сама прастора вялікай залы Палаца мастацтваў успрымалася экспанатам. А сярод твораў мне запомніліся тыя, дзе праз умоўнасць стылістыкі ўсё ж такі прачытваюцца хвалюючыя рэаліі, ад якіх усё не закрыешся тарчай “Чорнага квадрата” — тым больш, што гэта не атрымалася і ў самога Малевіча.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"