Як працяг паэтычнага радка…

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Мала каму з мастакоў надаецца магчымасць усё жыццё займацца выключна тым, што даспадобы. Як бы не хацелася засяродзіцца выключна на хвалюючых тэмах і вобразах, калі-нікалі, паводле выслоўя, даводзіцца “наступаюць на горла ўласнай песні”. Далёка не кожная замова кладзецца на сэрца, але сапраўднаму майстру сумленне і гонар не дазваляюць хоць што рабіць абы як. У сапраўднага майстра ягоны подпіс пад выкананай работай — заўжды знак якасці. Такімі грамада ведае скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

/i/content/pi/cult/854/18148/25.jpgБацька і сын у творчым сэнсе асобы самадастатковыя. Пры гэтым даўно плённа працуюць разам. Леў Мікалаевіч — творца трэцяга выпуску кафедры скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1961), Сяргей Львовіч — дваццаць другога (1987). Бацька пачынаў творчы шлях пры сацрэалізме і, адпаведна, мусіў падпарадкоўвацца ягоным канонам і тэматычным прыярытэтам, хоць яны маглі быць яму не надта даспадобы. Сыну пашчасціла сцвярджацца як мастаку ў больш разняволены час, у так званую “перабудову”, што папярэднічала скасаванню камуністычнага ладу і дэмантажу СССР. У тыя гады на нашым культурніцкім абшары ўжо трывала замацаваўся нацыянальны рамантызм, які вельмі пасуе натуры спадара Сяргея. Бацьку давялося рабіць дыпломную работу пра флагман БССРаўскай прамысловасці Салігорск, а дыплом сына называўся “Максім і Вераніка”, і быў прысвечаны вялікаму каханню Максіма Багдановіча.

Сумесныя творы спадароў Льва і Сяргея, які ведае бадай кожны больш-менш дасведчаны беларус, гэта помнікі Янку Купалу ў Маскве, Кірыле Тураўскаму ў Гомелі і надмагілле Максіма Багдановіча ў Ялце. А першым шырока вядомым творам Льва Мікалаевіча з’яўляецца помнік Песняру ў нашай сталіцы. Паўстаў ён у 1972 годзе. Зроблены ён старэйшым Гумілеўскім у сааўтарстве з Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім. Варта згадаць і станковую скульптуру Льва Гумілеўскага ”Крылатая”. Яе манументальная версія стала асновай славутага мемарыяла ў Магілёве.

Творчая практыка Гумілеўскіх зыходна трывала знітавана з беларускай літаратурай увогуле, са спадчынай і вобразам Песняра — канкрэтна. Ды і выставу ў Літаратурным музеі Янкі Купалы скульптары ладзяць не ўпершыню. Гэтая адкрылася 18 мая. Яна мае назву “Ад прадзедаў спакон вякоў”. Як памятаеце, працяг паэтычнага радка — “…мне засталася спадчына”. Геніяльны верш пра родную зямлю.

Большасць твораў экспазіцыі тэматычна звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы. Нададзена ўвага таксама літаратарам часу нацыянальнага Адраджэння, купалавым папярэднікам і паслядоўнікам. Гэта Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Якуб Колас, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч. Кожная работа ўспрымаецца як мадэль манумента, а некаторыя такімі насамрэч і з’яўляюцца.

Усяго на выставе больш за тры дзясяткі работ. У цэнтры залы  — выява высока ўзнятых крылаў. На яе стварэнне маглі натхніць купалаўскія радкі “Падымайся з нізін, сакаліна сям’я, над крыжамі бацькоў, над нягодамі. Занімай, Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” А мо гэта ўвасабленне Караткевічавай “зямлі пад беламі крыламі”.

Абодвум скульптарам уласцівы высокародны рамантызм. Той рамантызм, на грунце якога паўсталі Купалавы боль, Купалавы драматызм, а ўрэшце — асабістая трагедыя Песняра як адбітак трагедыі нацыі. Стылёва спадары Леў і Сяргей арыентуюцца на класічныя формы еўрапейскай пластыкі часоў фармавання на кантыненце нацыянальных дзяржаў. Мне падаецца, што менавіта такога кшталту скульптуры не стае сёння ў нашай грамадскай прасторы. Мы нібыта праскочылі (а мо праспалі?) у развіцці нашай манументалістыкі некаторыя важныя для сцвярджэння беларускай ідэі тэмы і сюжэты. А значыць і адпавядаючая ім стылістыка не дастакова ўкаранёная ў нашу глебу. Можа дзе ў свеце нацыянальная рамантыка — пройдзены этап, а для нас гэта прагал. Калі б творчасць двух выдатных скульптараў не эпізадычна, але шырока выйшла на гарадскія плошчы, калі б іх станковыя творы набылі манументальны фармат, гэты прагал у значнай ступені можна было б запоўніць.

Выстава “Ад прадзедаў спакон вякоў” працуе да 16 чэрвеня.