Адшукаць у сабе чалавека

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

На камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа чарговая і зусім нешараговая прэм’ера — спектакль “Звярыныя апавяданні” па п’есе сучаснага амерыканскага драматурга Дона Нігра. Творы гэтага аўтара набываюць усё большую папулярнасць і вядомасць не толькі на расійскай, але і на беларускай прасторы, хоць, можа, дзесяць гадоў таму пра яго мы нічога не ведалі. У Магілёўскім абласным драматычным тэатры з поспехам ідзе адна з першых п’ес драматурга “Купанне з акуламі”, у Гомельскім маладзёжным — дэтэктыў “Апошняя справа інспектара Рафінга”, у Мазырскім драматычным тэатры імя Мележа ўвасобілі п’есу “З’ехаў цырк”.

/i/content/pi/cult/854/18147/23.jpgАднаму з найбольш папулярных і таленавітых драматургаў сучаснасці (як вядома, яго пяру належыць больш за 450 п’ес) падуладныя самыя розныя жанры. Тут і меладрамы, і дэтэктывы, і біяграфічныя п’есы, прысвечаныя выдатным мастакам і пісьменнікам. Асаблівае месца ў яго творчасці і яго душы займае руская літаратура. Вядомая фраза з аднаго інтэрв’ю драматурга: “Пакуль вы паглынаецеся ў свет амерыканскіх фільмаў, я з галавой паглынаюся у свет Дастаеўскага”. Шэраг п’ес Дона Нігра напісаны пад яе уплывам і не толькі пра выдатных творцаў — Талстога, Чэхава, Ахматаву, Цвятаеву, Мандэльштама і іншых. Адметна, што адзіны перакладчык твораў Дона Нігра Віктар Вебер адзначыў, што ў п’есы “Звярыныя апавяданні” руская душа. І гэта невыпадкова. Яе адрознівае глыбокі псіхалагізм, патрэба ў рэфлексіі, пошук адказаў на вечныя пытанні — аб сэнсе жыцця, унутранай свабодзе і прадвызначанасці лёсу чалавека. У гэтых 11 міні-п’есах адчуваецца ўплыў і Гогаля, і Дастаеўскага, і Чэхава.

Паставіў яе ў Віцебску малады, але вельмі перспектыўны рэжысёр Аляксей Шаўлоў. Гэта ягоны дэбют на коласаўскай сцэне. Сам ён родам з Беларусі, але вучыўся ў Маскве, скончыў Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГІТІС; майстэрня прафесара Сяргея Жэнавача), магістратуру школы-студыі Маскоўскага мастацкага тэатра (МХТ). Паставіў шэраг цікавых спектакляў у Маскве, Пензе, Казані. У дадзеным выпадку пастаноўку можна назваць аўтарскай, бо Шаўлоў выступае, выяўляе сябе з розных бакоў: і як рэжысёр, і як сцэнограф, ён жа прыдумаў музычнае афармленне. Стварыўшы досыць умоўнае асяроддзе, спалучыўшы розныя музычныя стылі, ён спрабуе найперш праз акцёра засяродзіцца на псіхалагічна абгрунтаваных паводзінах гэтых дзіўных персанажаў, а праз іх выйсці на праблематыку сцэнічнага твора. Рэжысёр не ставіць за мэту паказаць нейкія знешнія асаблівасці, пластыку, касцюмы пэўных жывёлін: індычкі, кажан, коткі ды іншыя — усяго толькі метафары, у спектаклі гэта людзі, якія не ўпісваюцца ў пэўнае чалавечае, грамадскае, сацыяльнае асяроддзе. Адным словам, “не такія, як усе”. Рэжысёрскімі прыёмамі, ці, як зараз кажуць, фішкамі Аляксей Шаўлоў не злоўжывае. Але некаторыя з іх, пэўна ж, запомняцца ўразліваму гледачу. Напрыклад, паяданне кілішка ў апавяданні “Пастка для мышы” альбо, як у фільме жахаў, “адламаныя рукі” ў гісторыі “Кажан”.

Усе ролі ў спектаклі выконваюць пяць акцёраў, але толькі трое з іх нясуць асноўны цяжар, бо трымаюць на сабе асноўную фабулу ўсіх сцэнічных расповедаў. Гэта маладыя артысты Арцём Герак, Юлія Крашэўская і — кантрастам да іх — старэйшына коласаўскай сцэны, народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Тадэвуш Кокштыс. Ім дапамагаюць свайго роду “слугі сцэны”, абазначаныя рэжысёрам як шэрыя кардыналы — маладыя артысты Антон Бараноўскі і Герман Дымарэцкі.

/i/content/pi/cult/854/18147/24.jpgГлядач бачыць амаль пустую сцэну, за выключэннем некалькіх металічных бочак, якія па-рознаму абыгрываюцца акцёрамі цягам спектакля. Гэта дазваляе пазбегнуць бытавога асяроддзя, а стварыць умоўнае, дае спажыву да цікавых асацыяцый. Ну чаму б сапраўды, не ўявіць, што дзікія індычкі з першай навелы шукаюць спажыву зусім не ў лесе, а ў нейкай гарадской трушчобе? Ды і самі яны падобныя да бяздомных (вольных) бадзяжнікаў. Кожная з 10 міні-п’ес спектакля мае пэўную гісторыю, у якую трапляе пэўны персанаж (альбо двое ці трое герояў). Канфлікт можа быць як паміж героямі — дзейнымі асобамі, так і са знешнім асяроддзем, альбо ўнутраным, калі героя раздзіраюць пэўныя супярэчнасці. У асобных навелах спалучаюцца і першае, і другое, і трэцяе. Іншым разам, паводзіны героя абумоўлівае прадвызначанасць лёсу, з якой ён дарэмна спрабуе змагацца. Напрыклад, Мыш з навелы “Пастка” (артыстка Ю.Крашэўская) змагаецца са сваім жаданнем паспытаць сыр, што знаходзіцца ў капкане. Бо добра ведае, што ўсе яе і продкі, і сваякі загінулі ў выніку гэтай фатальнай памылкі. Але жаданне ўсё больш і больш ахоплівае гераіню. Быць не такой, як усе, спроба пазбавіцца ад той сацыяльнай ролі, якую навязала табе грамадства, альбо нехта іншы, альбо найвышэйшая сіла — Бог ці фатум, надзвычай складана, амаль немагчыма. І Мыш сапраўды, паспрабаваўшы гэтую сілу падмануць, трапляе ў пастку. Актрыса крыху іранічна, быццам крыху збоку паглядае на свайго персанажа, увасабляючы яе ўнутраную барацьбу, так бы мовіць, жарсць.

Кожнае з апавяданняў малюе тую ці іншую жыццёвую, псіхалагічную сітуацыю, якую віртуозна разыгрываюць артысты. Вось, напрыклад, “Папугаі”. Самца Рычы (А.Герак) вельмі раздражняе яго партнёрка Пэгі (Ю.Крашэўская). Чаму? Бо Пэгі бяздумна паўтарае пустыя фразы, што сыплюцца ў яго самога з дзюбы. Але яго, Рычы, турбуе і тое, чаму ён сам іх прамаўляе. У нейкі момант самка, у адказ на знявагі мужа, нараджае цэлыя кавалкі з нейкіх навуковых трактатаў альбо энцыклапедычных артыкулаў, альбо з іншых крыніц. Спярша гэта здзіўляе Рычы, але не мяняе яго ўпэўненасці ў дурнаватасці жонкі. І нават прызнанне яе ў каханні, відаць, не пачутае дзесьці, а народжанае сэрцам, не кранае яго. Успрыняцце жыцця як суцэльнага абсурду яшчэ больш узмацняецца, і ён праклінае Пэгі. І — цішыня. Цішыня, якую Рычы не можа, не ў стане вытрываць. І ён зноў паўтарае тую злашчасную фразу, з якой пачаўся “сямейны” скандал: “Полі хоча крэкер”. Вось толькі ў адказ — маўчанне. Як часта бывае так, што блізкія людзі сварацца, зневажаюць, лаяць, але пры ўсім пры тым, аказваецца, любяць адно аднаго. І калі сыходзіць адзін, другому здаюцца такімі прывабнымі нават зусім бязглуздыя фразы, што паўтараў каханы. А можа, абсурд - адзін з прынцыпаў, адна з асаблівасцяў нашага жыцця? Хто ведае.

Увогуле, цэнтральнай падзеяй большасці гісторый з’яўляецца, як ні дзіўна, спыненне, прыпынак у нейкім няспынным, дынамічным, але часта бязглуздым руху нашага жыцця. Кропка, статычны момант, калі герой вымушаны задумацца, азірнуцца на сябе і наваколле, паспрабаваць зразумець сябе і сваё месца ў Сусвеце, у Космасе. Вось і персанаж гісторыі “Тэорыя ніткі”, рамантычная котка Мэгі (Ю.Крашэўская) не можа зразумець, у чым сэнс яе жыцця. У сваіх мроях ёй бы хацелася трапіць за плот, у нейкую іншую прастору, але яе, відаць, больш прагматычная сяброўка Тэбі сцвярджае, што і там тое самае, такі самы двор. Больш таго, жыццё — гэта вялікі дом са шматлікімі пакоямі, у якім яна калісьці пабывала. А пагоня за ніткай у руках хлапчука, які яе тузае, — усяго толькі ілюзія.

Тэма мары, ілюзіі ўзнікае і ў гісторыі пра індычак. Адной з іх, відаць, найбольш рамантычнай, Пэні (Ю.Крашэўская) раптам прыйшла ў галаву мара навучыцца іграць на саксафоне. Ужо па тых танцавальных рухах, якія яна робіць яшчэ перад пачаткам спектакля, угадваецца гэтае нястрымнае жаданне. Сябры — Боб (народны артыст БССР Т.Кокштыс) і Джордж (артыст А.Герак) дзівяцца, маўляў, у індычак няма ні пальцаў, ні вуснаў. Вось толькі Пэні пераканаць у чымсьці немагчыма. Яна марыць стаць знакамітым музыкантам і сыходзіць адтуль, дзе звяры (то-бок, людзі) дбаюць толькі пра ежу. Быць не такімі, як усе, гэта значыць, несці ў сабе найперш духоўны пачатак. Можна ўсяго толькі вылучыцца з шэрага асяроддзя, але магчыма і завабіць іншага. Вось і Боба чамусьці надта зацікавіла тэма саксафона. Пэўна ж, ён зразумеў, што можна жыць не толькі кукурузнымі катахамі. Гэта фінал гісторыі.

У асобных навелах — “Бог бабуінаў”, “Дыялог лемінгаў”, “Чаканне” (фінальнай гісторыі) асабліва акцэнтуецца і сацыяльны падтэкст. Праўда, робіцца гэта тонка, неназойліва. Дзякуючы віртуознай ігры майстра коласаўскай сцэны Тадэвуша Кокштыса маналог бабуіна ідзе пад няспынны смех глядзельнай залы. Гэткай акцёрскай апантанасці і тэмпераменту мог бы пазайздросціць і малады выканаўца. З’яўляючыся стрымгалоў, як маланка, з сякерай у руцэ і гэткай жа ваяўнічай прычоскай-іракезам, ён, бабуін, гатовы змагацца не на жыццё, а на смерць з усімі, хто мае іншы светапогляд, іншую пазіцыю, хто спрабуе засумнявацца “ў магутнасці яго бога”. Таксама ж вобраз-метафара, хоць і з негатыўным адценнем. У другім маналогу “Качкадзюб”, больш псіхалагічна-спавядальным, у адрозненне ад гратэскавага папярэдняга, герой асэнсоўвае сваё непадабенства да іншых як вялікую асабістую трагедыю, як боскае пакаранне. Ізноў артыст на вышыні, бо змог за колькі хвілін сцэнічнага існавання стварыць цікавы чалавечы лёс. Але вернемся да сацыяльнай тэматыкі. У “Дыялогу лемінгаў” героі ўвасабляюць сабой чалавецтва, якое нястомным рухам імкнецца ў абрыў, у акіян, у прорву. Ці варта бегчы разам з усімі? А можа, лепей, спыніцца і задумацца аб напрамку руху?

Невясёлыя думкі навявае і фінальная гісторыя “Чаканне”. Яе героі — тры каровы, якіх вязуць на забой. Толькі адна з трох адчувае нешта нядобрае. Ды толькі дарэмна спрабуе зрушыць спакой двух астатніх. Асабліва вылучаецца сваім перабольшаным спакоем і бестурботнасцю Элаіза (Тадэвуш Кокштыс ізноў стварае камедыйна-гратэскавы вобраз). Яна наадварот, пераконвае ўсіх не хвалявацца, не аказваць супраціву: “Усё заўсёды было добра, і ўсё будзе добра. Трэба проста радавацца таму, што ёсць”. І што ж? У фінале “людзі” саджаюць усіх у бочкі з вадой, вось толькі што рабіць з Элаізай, здаецца, не ведаюць. А потым выносяць са сцэны. Як вы думаеце. Чаму?

Юрый ІВАНОЎСКІ літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Фота Таццяны ГАРАВОЙ