Узаемапавага як мадэль Сусвету

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

8 чэрвеня ў сталіцы распачаўся фестываль манументальнага мастацтва “Манумент”. На ім будзе задзейнічаны шэраг выставачных пляцовак, сярод якіх галоўная — Палац мастацтваў. Падчас фестывалю мяркуецца наладзіць круглы стол па праблемах захавання манументальнай спадчыны савецкай эпохі, вызначэнні яе месца ў культурнай прасторы суверэннай краіны. Што ні кажы, але нацыянальная мастацкая школа, якой мы справядліва ганарымся, сфармавалася ў савецкі час. Магчыма, гледзячы як пойдзе гаворка, сумоўе закране пытанні больш шырокага кантэксту. Днямі адбыўся і першы вернісаж фестывалю. У Нацыяльным гістарычным музеі адкрылася выстава творчасці рэстаўратараў “Зандажы і міражы”.

/i/content/pi/cult/854/18146/22.jpgГаворка ў прыватнасці ішла пра тое, што Саюз мастакоў зараз актыўна выкарыстоўвае такую форму працы з грамадой як фестывалі, бо яна дазваляе ахапіць значна большую аўдыторыю, чым асобныя выставы, не звязаныя комплекснай праграмай. Згаданая практыка ўжо засведчыла сваю эфектыўнасць. На фестывалі, зыходзячы з досведу, ёсць вялікая верагоднасць таго, што, паглядзеўшы адну экспазіцыю, неабыякавы глядач потым наведае і другую, і трэцюю. І такім чынам атрымае пра тэму, якая яго зацікавіла не фрагментарнае, але панарамнае ўяўленне.

Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, якое мы сёння шануем як класіку і называем беларускай мастацкай школай, у агульных рысах сфармавалася ў 70-х — 80-х гадах. Адпаведная кафедра ў галоўнай мастацкай ВНУ Беларусі адкрылася ў 1961 годзе, а ў 1969-м, калі быў напрацаваны пэўны досвед, і ўтварылася кола прафесіяналаў гэтай спецыялізацыі, з’явілася і асобная секцыя ў Саюзе мастакоў.

З таго часу ў нашым манументальна-дэкаратыўным мастацтве сцвярджаліся розныя плыні і творчыя падыходы, розныя погляды на сінтэз архітэктуры і выяўленчага мастацтва, вызначаліся прыярытэты ў трыядзе “архітэктура-мастацтва-дызайн”. Хтосьці з нашых вядомых творцаў глядзеў на сцяну як на палатно, хтосьці пераносіў прынцыпы сценапісу/мурала ў фармат станковага палатна. У адных выпадках гэта было вынікам творчай эвалюцыі, а калі-нікалі за гэтым быў звычайны прагматызм: не маючы заказаў, адпавядаючых ягонай спецыялізацыі, манументаліст ставіўся станкавістам — і каб на хлеб неяк зарабляць, і каб кваліфікацыю не згубіць.

Васіль Зянько гаварыў пра вялікую адказнасць, што кладзецца на плечы манументаліста. Бо ягоныя творы, у адрозненні ад станковых, не здымеш са сцяны, калі карціна ці графічны аркуш надакучылі ці ўжо не адпавядаюць эстэтычным запытам уладальніка. Калісьці Уладзімір Маякоўскі сказаў пра архітэктуру: “Можно сжечь стихов макулатуру, выбросить изделье пошляка, но многоэтажная халтура, к сожаленью, простоит века”. Тое ж датычыць і мастацтва, з архітэктурай звязанага. Фрэскі, мазаікі, іншыя формы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў ідэале разлічаны на стагоддзі, а значыць мусяць падпардкоўвацца не акалічнасцям хуткаплыннай моды, але мець грунтоўныя маральна-эстэтычныя прынцыпы.

Глеб Отчык, згадваючы свае вандроўкі ў Італію, дзе сканцэнтравана большая частка сусветнай культурнай спадчыны, гаварыў, што з дзяцей, якія выхоўваюцца сярод мастацкіх шэдэўраў, і з тых, чыё асяроддзе — шэрыя панелькі, вырастаюць розныя асобы. Першым можна пазайздросць, другім — паспачуваць.

Фёдар Сарока, спасылаючыся на ўласны досвед і досвед сваіх калег, распавёў, што ў рэстаўрацыю прыходзяць нібыта выпадкова, а застаюцца назаўсёды. Мастак на тое і мастак, каб марыць пра самасцвярджэнне ўласнай творчасцю, а тут даводзіцца вяртаць з нябыту, вяртаць у сацыяльна-культурніцкую прастору чужыя творы і імёны. Праца рэстаўратара прывабная тым, што вымагае ад мастака не толькі валодання сваёй канкрэтнай справай — інакш кажучы, добрага валодання рамяством, але і высокага інтэлекту, грунтоўнай дасведчанасці ў самых розных галінах ведаў і сацыяльных практык. У Сярэднявеччы кваліфікацыя ўрача прадугледжвала абазнанасць ў філасофіі, літаратуры, мастацтве. Лічылася, што каб лекаваць чалавека, трэба мець уяўленне пра Сусвет. Такое ж разуменне пра Сусвет трэба мець і калі “лекуеш” праз твор мастацтва. Перш чым пакласці мазок на палатно ці сцяну, рэстаўратар доўга вывучае свой аб’ект. Рэальнай працы можа дзень-другі, а папярэдняй, звязанай з мноствам узгадненняў і карэктываў — месяцы, а тое і гады.

Варта яшчэ дадаць, што ва ўмовах ідэалагічнага ціску на мастацтва, памкнення камуністычнай улады загнаць творчасць у жорскія кананічныя рамкі праца рэстаўратараў па адраджэнню і захававанню нацыянальнай культурнай спадчыны была свайго роду нішай творчай свабоды.

Выстава творчасці рэстаўратараў у Нацыянальным гістарычным музеі мае назву, у якой спалучаны два чыннікі — дослед (“зандаж”) і ўяўленне (“міраж”). Першае — ад канкрэтных ведаў, другое — у значнай ступені ад інтуіцыі. Яўгенія Краснова адзначыла, што падобнай выставы яшчэ не было. Узоры працы рэстаўратараў ёсць і ў пастаяннай экспазіцыі. Невялікая выстава работ музейных рэстаўратаў адбываецца паралельна з выставай “Басталіі”. Але экпазіцыйныя прынцыпы выставы “Басталіі”, інфармацыйная насычанасць, эмацыйны змест прадстаўленых дакументаў, фактычна навуковых, аналагаў у гісторыі выставачнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага не маюць.

На вернісажы сабраўся бадай увесь мастацкі і калямастацкі асяродак сталіцы. Многа было тых, хто мае да рэстаўрацыйнай справы хоць якое дачыненне. Адчувалася, што хоць прафесія рэстаўратара ўнікальная, і людзей, грунтоўна ў ёй дасведчаных не шмат, рэстаўрацыя як з’ява хвалюе ўсё беларускае грамадства, а працы рэстаўратараў маюць шырачэзны сацыяльна-культурніцкі рэзананс.

Паводле задумы арганізатараў выставы экспазіцыя мусіць адлюстроўваць мадэль беларускага мястэчка. Сённяшні жыхар мегаполіса, калі ён недастакова выхаваны, само гэта слова можа ўспрымаць з пагардай. “Местачковасць” за савецкім часам была сінонімам зашоранасці, закрытасці ад вялікага свету, засяроджанасці на побытавай драбязе. Між тым, беларускае мястэчка — гэта сапраўдная мадэль гарманічнага свету, дзе мірна ўжываліся розныя рэлігіі і этнасы, дзе лагічна спалучалася сельская гаспарка і мясцовая прамысловасць, дзе не ведалі сённяшніх экалагічных і сацыяльных праблем.

На выставе прадстаўлена задакументаваная праца рэстаўратараў над храмамі трох рэлігій. Гэта вялікая сінагога ў Слоніме, мінскі Свята Пятра-Паўлаўскі сабор і капэла Унебаўзяцця Найсвяцейшэй Марыі-панны ў Нясвіжы.

Наша немалая паводле еўрапейскага фармату краіна прадстаўлена як мястэчка, дзе ўсё жыхары — суседзі і знаёмыя, звязаныя ўзаемапавагай і ўзаемакарыснай працай. Кантынентальная супольнаць у мініяцюры.

Галоўная выстава фестывалю адкрыецца 17 чэрвеня ў Палацы мастацтва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"