Тры кірункі рамяства

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Як вядома, 22 мая ў Мінску адбыўся ХІІ рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”. Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прадстаўлялі супрацоўнікі ўстановы — тры знакамітыя ў раёне майстры-прафесіяналы, удзельнікі шматлікіх фестываляў, выставак і кірмашоў народнай творчасці.

/i/content/pi/cult/854/18143/18.jpgПры падвядзенні вынікаў свята аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры стаў пераможцай і атрымаў Дыплом І ступені! Чым не матывацыя для далейшых творчых пошукаў?!

За што ж канкрэтна нашы праекты былі адзначаны перамогай? На фестывалі традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння дэманстравала майстар па ткацтву Валянціна Сільвановіч.

— Я не толькі прэзентавала свае работы, вытканыя за апошні час, але і за кроснамі падчас фэсту працавала для, так бы мовіць, папулярызацыі дадзенага кірунка дзейнасці.

Аўтарская выстава выцінанкі Дар’і Юрчык была прэзентавана па ўсіх канонах традыцыйнага выразання з бумагі. Вобразы прыроды і родных мясцін, святы і абрады, якія жывуць у памяці беларусаў, перадае ў сваіх работах мастачка.

— Я сустрэлася са сваімі сябрамі-калегамі па рамястве, што дазволіла мне ацаніць свой прафесійны ўзровень. Галоўным маім дасягненнем з’яўляецца адаптацыя ў сучаснае асяроддзе аднаго з цікавейшых накірункаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Людзі жадаюць набываць выцінанку, каб упрыгожыць сучасны інтэр’ер, — гаворыць Дар’я.

Майстар па кераміцы Алена Свідэрская таксама годна ўпрыгожыла кірмаш выставай традыцыйнай жгуцікавай керамікі. Гэта былі талеркі, глыбокія вазы, дэкаратыўныя пано, а калекцыя свістулек уразіла аўтарскай непаўторнасцю.

— У мяне засталіся найлепшыя ўспаміны аб свяце. Я сустрэла апантаных сваёй справай людзей, убачыла высокі ўзровень мастацтва па ўсіх кірунках рамесніцкай дзейнасці, пераняла каштоўны вопыт, — падзялілася ўражаннямі Алена Міхайлаўна.

Ірына ДЫДЫШКА, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці