Кніжная вясёлка лета

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

У першы дзень школьных летніх вакацый, я, вучань, ішоў у бібліятэку, каб забяспечыць сябе шчаслівай тэорыяй. А шчаслівай практыкі ў лесе, на рэчцы ды азёрах, у матчынай вёсцы было вышэй за неба… Цешаць душу ўспаміны. Давайце зробім з гэтай нагоды маленькі культуралагічны шпацыр па Ветцы майго дзяцінства. Яе ўжо збольшага няма, бо было гэта паўсотні гадоў з горачкай таму. Пачаць варта з аўтастанцыі. Побач у спісаным аўтобусе працаваў пнеўматычны цір. Я быў пастаянным яго наведвальнікам. Страляць навучыў бацька. А праз дарогу, ля прадзільнай фабрыкі, знаходзіўся цір сапраўдны. Мы разам адтуль не вылазілі. Уменне рабіць штосьці якасна — гэта ж таксама культура? Другое месца па аўтарытэтнасці займалі бібліятэкі. Школьная знаходзілася супраць майго дома. Да дзіцячай трэба было дабірацца да цэнтра мястэчка, бо працавала яна ў доме культуры. Каб трапіць у дарослую, неабходна было зайсці ў ДК з другога боку. Мяне туды не пускалі гадоў да дзесяці. Прыкладна на той час высокі ўзровень бібліятэк ужо не абмяркоўваўся. Іхні недахоп быў толькі адзіны: у фондах адсутнічала кніжка “Аліса ў Залюстэраччы”. Мо таму я нічога і не зразумеў у матэматыцы?.. Не забыцца б на дом піянераў. Маляваць мяне навучыў бацька, а ў доме піянераў я толькі ўдзельнічаў у конкурсах. Дарэчы, прызы дзяліў з Галей Нячаевай, будучай цудоўнай музейшчыцай. Паколькі музея ў Ветцы яшчэ не было, Галя складала вершы ды малявала. Культура бярэ нас у абдымкі паступова, але назаўжды…

/i/content/pi/cult/854/18142/17.jpgШто яшчэ? Музычная школа — установа стабільная, бо знаходзіцца ў тым жа будынку (тут быў калісьці мой дзіцячы сад), але маці мяне так і не прымусіла сур’ёзна заняцца сальфеджыа. Шкадую цяпер страшэнна. Але ўсё роўна мне пашэнціла: стараверская традыцыя “піць” прыгожае нагбом перамагла і я працую там, дзе хачу працаваць. У тым ліку і для таго, каб зноў прачытаць тое-сёе з вашых лістоў.

І вось што сёння прачытаў. Ва ўсіх раёнах вітаюць лета. Вось што напісалі загадчыкі аддзелаў па арганізацыі дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадкоў Елка і Бародзічы Зэльвенскага раёна Святлана Богуш і Марына Ражкова: “Героямі нашага свята сталі Сонца, Лета і Баба Яга. Яна, безумоўна, не здолела сапсаваць школьныя вакацыі… Адметнасцю нашай акцыі стаў этнамарафон побытавых танцаў у рамках абласнога праекта “Этнабум”. І пачаліся такія забіяцкія завадныя танцы, што ў скокі нават дарослыя пайшлі. Дарэчы, такія танцы будуць праходзіць па нядзелях ля ўстаноў культуры аграгарадкоў усё лета”. Вось гэта — заяўка сур’ёзная ды ўхвальная. Спадзяюся, вулічныя танцы будуць гэткімі ж “забіяцкімі”…

А мне землякі паведамляюць, што ў Ветцы, на жаль, даўно ўжо няма ніякіх танцаў пад адкрытым паветрам. Скасавана “клетка” на галоўным пляцы, не дзейнічае дыскатэчная “падлога” ў дубовым гаі ля прадзільнай фабрыкі. І моладзі, падаецца, хапае. Але ж калі няма культурнай паслугі, яе месца займае іншая, і, бывае, зусім не культурная.

У вёсцы Журавы Гродзінскага сельскага савета Ашмянскага раёна прайшоў дзень калектыўнага адпачынку “Сустрэча на Сёмуху”. Падзея мела абрадавы фармат. Спачатку ўдзельнікі паказалі “Ваджэнне Куста”. Потым шанавалі 90-гадовых мужа і жонку Тамашэвічаў, якія вось ужо 70 гадоў жывуць разам.

Для навучэнцаў сярэдняй школы № 3 і выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры правялі экскурсію па музейна-этнаграфічнай экспазіцыі “Спадчына маіх бацькоў” і арганізавалі майстар-клас па кераміцы ад Мар’яна Козара. Падчас экскурсіі можна было пагладзіць бялізну драўляным прасам. Атрымлівалася не ва ўсіх.

Хто будзе спрачацца, што ўсе мы таленавітыя? У Ваўкавыску не спрачаюцца, у Ваўкавыску справу робяць. І вельмі цікавую, трэба сказаць. Гаворка пра раённы фэст-конкурс сямейнай творчасці “Сваякі” запрашаюць”, які прайшоў у ДК аграгарадка Юбілейны. “Сваякі” — гэта народны сямейны ансамбль пад кіраўніцтвам Марыі Бачынскай. Дык вось, сабралася 16 сем’яў. У фае працавала выстава традыцыйнага мастацтва. Свой талент паказалі сямейнікі і на клубнай сцэне. Дыплом першай ступені атрымалі: у намінацыі “вакальная творчасць” — маці і дачка Лілія Мароз і Алеся Чурак, у “літаратурна-мастацкай творчасці” — сям’я Сямак, у “дэкаратыўна-прыкладным мастацтве” — сем’і Януцэвічаў і Якубовічаў, у “арыгінальным жанры” — сям’я Лосікаў.

Як заўжды, свежай навіной парадаваў Дзяржынск. У мясцовым ГДК 30 гадоў творчага жыцця адзначыў народны гурт народнай песні “Карагод”. Артыстак любяць за невынішчальны аптымізм. Як яго іншым разам не стае! Вось тады “Карагод” і прыходзіць на дзейсную дапамогу. Ёсць у калектыву і абярэг — лялька, збіральны, так бы мовіць, вобраз пявунняў.

Вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава трымае руку на пульсе творчага жыцця і паведамляе: “Майстры вобласці бралі ўдзел у XII рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Вясновы букет”. Прадстаўніцтва Магілёўшчыны было салідным: 17 рамеснікаў з 13 раёнаў. Дыплом першай ступені — у Горацкага раённага Дома рамёстваў, Быхаўскай дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў, бондара з Глускага раёна Уладзіміра Станкевіча, каваля з Мсціслаўскага раёна Сяргея Кудзікава”.

Чарговае свята — чарговы брэнд. Пра Зецельскі фэст напісала Марына Лукіянец — загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Пра гэты фестываль сямейнага адпачынку сам пішу пастаянна і з задавальненнем. Вельмі паважаю тых, хто ў канве сталага мерапрыемства пастаянна прыдумляе штосьці новае ды незвычайнае. І не толькі забег паўзункоў маю на ўвазе.

Да клубнікаў далучаецца загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Алена Якаўчык. Яна распавядае пра адкрыццё кніжнага сезона “Літ Фэст”, які стаў неад’емнай часткай Зецельскага фэсту.

Свята малака прайшло ў аграгарадку Крывічы Зэльвенскага раёна. Дырэктар РЦК Святлана Сонец паведаміла, што называецца мерапрыемства “Малочныя рэкі” і цалкам адпавядае скіраванасці мясцовай сельгасвытворчасці.

А ў Карэлічах адбыўся дзіцячы фестываль “Сузор’е талентаў”. На яго сабраліся ў РЦК лепшыя выканаўцы песень, вершаў і танцаў.

Святочны канцэрт Свіслацкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці называўся “Рознакаляровая планета”. Метадыст установы Ірына Русак распавяла, што гэтае мерапрыемства арганічна спалучылася са спартыўнымі гульнямі і танцавальным батлам.

Краснаполле — радзіма самадзейнага тэатральнага мастацтва. Мясцоваму народнаму тэатральнаму калектыву — больш за сто гадоў. Сёння, як піша Сяргей Чыгрын, тут адкрываецца традыцыйны міжнародны фестываль аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”. Гэта восьмае па ліку мерапрыемства. Мяркуюцца госці не толькі з Беларусі, але і з расійскіх Смаленска, Екацярынбурга, Гатчыны.

Летні пазітыўны настрой падтрымліваюць і нашы бібліятэкары. Адна з раённых акцый была так і названа “Кніжная вясёлка лета”…

Кацярына Сандакова — супрацоўнік аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. “Дзень абароны дзяцей, — піша яна, — светлае свята шчаслівага дзяцінства. У першы дзень лета работнікі гарадскіх і сельскіх бібліятэк Лідчыны запрасілі дзяцей усіх узростаў на забаўляльныя мерапрыемствы”.

Бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Міхалішкі Вольга Багдановіч разам з загадчыкам мясцовага аддзела культуры і дасугу Надзеяй Вайцяховіч падрыхтавалі для дзяцей віктарыны і конкурсы. Была арганізавана кніжная выстава “Дзеці. Лета. Кніга”. Пра гэта паведаміла бібліятэкар, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская.

Краіну вясёлага дзяцінства малявалі крэйдай на асфальце маленькія чытачы Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі. У Часопісным скверыку можна было пазнаёміцца з навінкамі перыёдыкі. Добра, што нашы бібліятэкары арганізуюць культурныя акцыі не толькі ў сценах бібліятэк.

Нядаўняя добрая знаёмая з Узды — загадчык аддзела РДК Людміла Цвірко працягвае гаворку пра бібліятэчныя праекты. “Аддзел культурна-дасугавай дзейнасці распрацаваў і паступова рэалізоўвае сацыяльна-культурны праект “Праблемны ракурс”, арыентаваны на работу з дзецьмі і сем’ямі, — распавядае яна. — У межах праекта сярод клубных устаноў раёна абвешчаны творчы конкурс на лепшы тэматычны сцэнарый і правядзенне масавага мерапрыемства. Вынікі будуць падведзены на фестывалі талентаў работнікаў культуры “Калядная зорка - 2021”. Вельмі просты, як мне падаецца, падыход да раскрыцця складанай тэмы. Вельмі спадзяюся, што мы яшчэ не раз пачуем пра “Праблемны ракурс” і пра канкрэтнае стымуляванне тых устаноў культуры, што пакажуць лепшы вынік.

І на завяршэнне згадка з журналісцкай практыкі. На пытанне “Адкуль у вас так шмат сёння чытачоў?” кабета з сельскай бібліятэкі дзесьці на Асіповіччыне адкрыта паглядзела мне ў вочы і вельмі спакойна патлумачыла небараку-журналісту: “Люблю я гэту справу”. Вельмі хацелася б, каб такое тлумачэнне мелі за душой усе нашы сельскія работнікі культуры. Больш святла на вясковых вуліцах будзе.

Пішыце і здзіўляйце, шаноўныя!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"