Беларускі Манчэстэр.

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Які лёс чакае славуты маёнтак Цюндзявіцкіх?
Гісторыя маёнтка роду Цюндзявіцкіх у вёсцы Галошава (Талачынскі раён, Віцебскай вобласці), які сто гадоў таму меў вельмі арыгінальную назву “Беларускі Манчэстэр”, ізноў у фокусе нашай увагі. У адрозненне ад папярэдніх публікацый (гл. “К” №№ 16, 2019 і 13, 2021) гэтым разам навіны не сумныя. Але перад тым, як мы падзелімся апошнімі навінамі, варта распавесці “гісторыю” маёнтка. У свой час мы паабяцалі гэта зрабіць. І слова сваё трымаем.

/i/content/pi/cult/854/18137/9+.jpgГістарычная даведка

Мясціны, у якіх на беразе возера Глыбокае (ранейшая назва Глухое) прытулілася вёска Галошава, да XVI стагоддзя належалі вядомаму княскаму роду Друцкіх. Пазней, валодалі імі Сапегі, Нарушэвічы і Агінскія. У выніку Першага падзела Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый (1772 год) маёнткі вялікага гетмана літоўскага Казіміра Агінскага, якія апынуліся па расійскі бок мяжы былі канфіскаваныя па загаду Кацярыны ІІ. Неўзабаве гаспадаром Галошава стаў вядомы на Віцебшчыне род Лускінаў. Ужо ад іх, у 1833 годзе, амаль на сто гадоў Галошава перайшло да іншага, не менш вядомага роду Цюндзявіцкіх, карані якога былі з Віленшчыны. З гэтага роду паходзіў вядомы паўстанец Міхал Цюдзявіцкі (1836 — 1863), які быў некалі расстраляны на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца паштамт у Мінску. Дарэчы, яго цёткай была Ганна з роду Прушынскіх Цюндзявіцкая (1803 — 1850), аўтарка бестселера ХІХ стагоддзя — падручніка па хатняй гаспадарцы “Гаспадыні Літоўскай”. Іншым яе пляменнікам быў вядомы мастак Генрых Семірадскі (1843 — 1902).

Апошнім жа гаспадаром маёнтка, пры якім Галошаў атрымаў “прыдомак” “Беларускі Манчэстэр”, стаў Міхал Цюндзявіцкі (1867 — 1927). Менавіта ён давёў і без таго неблагую гаспадарку да бліскучага стану. У маёнтку запрацавалі заводы — цагельны, крухмальны і вінакурны, два тартакі. Але асобую ўвагу гаспадар скіраваў на фабрыку сельскагаспадарчых машын і інструментаў. У 1897 годзе ён пабудаваў побач са старым драўляным сядзібным будынкам цагляны двухпавярховы палацык з тэрасай. Той самы, які ў сённяшніх дакументах праходзіць як пасляваенны будынак, але ж дата пабудовы выкладзена цэглай на франтоне палацыка і выдатна бачна няўзброенным вокам. Кінуць маёнтак, каб выратаваць сям’ю і жыццё, Міхала Цюндзявіцкага прымусілі падзеі 1917 — 1918 гадоў. Так, сям’я Цюндзявіцкіх апынулася ў Варшаве, без даху над галавой, як і яшчэ тысячы сем’яў з тэрыторыі Беларусі, якія назаўжды пакінулі Радзіму.

/i/content/pi/cult/854/18137/10.jpgДарэчы, гісторыя маёнтка добра даследавана беларускім архівістам спадаром Вітальдам Ханецкім, які прывозіў нас у Галошава ў 2019 годзе. У сваім зборы мае ён не толькі фотаздымкі і ўспаміны Цюндзявіцкіх, але і розныя дакументы, датычныя маёнтка.

Пасля Другой сусветнай вайны сядзіба стала школай. Некаторы час таму школу зачынілі. І тады ў сядзібе пачалося тое, чаго не было нават падчас вайны. За кароткі час сядзіба з-за марадзёраў пераўтварылася ў вельмі сумнае глядовішча. А цагляныя калонны параднага ўвахода ў пачатку 2019 года незразумела з якой мэтай знеслі мясцовыя ўлады.

Менавіта такое імклівае руйнаванне і прымусіла нас у 2019 годзе “ударыць у набат”. І, нягледзячы на публікацыі ў СМІ, лісты занепакоеннай грамадскасці, улады Віцебскага аблвыканкама ўнеслі будынак сядзібы ў “ПЕРЕЧЕНЬ объектов, подлежащих списанию с последующим сносом и рекультивацией земельных участков в 2021 году”.

На сучасным этапе

Але ж некалькі дзён таму мы даведаліся, што сядзібны будынак у вёсцы Галошава, выключаны з таго “ПЕРЕЧНЯ”. Мы звярнуліся да старшыні ГА “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” спадара Антона Астаповіча, каб спраўдзіць інфармацыю па Галошава. Аказалася, што так. У якасці доказу прывядзем некаторыя месцы з ліста, які атрымаў спадар Астаповіч у адказ на свой другі зварот, накіраваны ў Віцебскі аблвыканкам 17 сакавіка 2021 года.

У лісце старшыні камітэта дзяржаўнай маёмасці Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта спадара Віктара Зайцава, датаванага 21 красавіка 2021 года, сярод іншага кажацца наступнае:

“Накіраваныя Вамі (старшынёй таварыства Антонам Астаповічам — З.Ю.) 22 сакавіка 2019 г. прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці былой сядзібе ў в. Галошава Талачынскага раёна ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт паступілі і былі накіраваны з выкарыстаннем электроннай сістэмы міжведамственнага дакументазвароту для выканання і адказу заявіцелю ва ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама. Разам з тым, у журнале рэгістрацыі дадзеных дакументаў у азначаны перыяд не зарэгістравана, што магло быць выклікана збоем у рабоце сістэмы міжведамственнага дакументазвароту ці неналежным выкананнем сваіх службовых абавязкаў вядучым рэферэнтам упраўлення культуры. Дадзеная адказная асоба за работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2019 годзе па выніках праведзенай у пачатку 2020 г. праверкі была прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, а ў чэрвені 2020 г. звольнілася з упраўлення”.

І далей:

“Прадстаўленыя зараз заявіцелем дакументы не адпавядаюць патрабаванням, якія з’яўляюцца да прапаноў аб наданні статусу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, замацаваных у арт. 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. У прыватнасці адсутнічаюць матэрыялы тэкставага апісання культурнай каштоўнасці (і асобных аб’ектаў у яе складзе); нідзе не адзначаны акрамя прыкладзеных да звароту медыйных публікацый адметныя мастацкія, духоўныя і дакументальныя вартасці культурнай каштоўнасці; не прадстаўлены фотаздымкі аб’екта спадчыны, выкананыя ў адпаведнасці з другім абзацам пункта 7 арт. 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры (усіх фасадаў сядзібнага дома і (пры наяўнасці) астатніх аб’ектаў у складзе былой сядзібы)”.

“Разам з тым, у сувязі з пазіцыяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое звярнула ўвагу на тое, што названы аб’ект можа адпавядаць крытэрыям для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, публікацыямі крытычнага характару ў рэспубліканскіх галіновых СМІ (газета “Культура ад 27 сакавіка 2021 г.), інфармацыі мясцовага сацыяльна-культурнага фонду “Адраджэнне” пра падрыхтоўку дакументаў для атрымання грашовай падтрымкі з мэтай аднаўлення ансамбля сядзібы ў в. Галошава Талачынскаму райвыканкаму даручана да 30 красавіка 2021 г. падрыхтаваць на аснове названых зваротаў, а таксама іншых фактычных, гістарычных і навуковых дадзеных (уключаючы публікацыі па дадзенай тэматыцы вядучых спецыялістаў у галіне архітэктуры і гісторыі) абгрунтаваныя прапановы, выкананыя ў адпаведнасці з нормамі арт. 91 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, для іх далейшага разгляду на пасяджэнні Віцебскага абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і прыняцця канчатковага рашэння”.

“З мэтай захавання аб’екта, які можа ўяўляць гістарычную і культурную каштоўнасць, на падставе хадайніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, камітэтам падрыхтаваны праект распараджэння старшыні аблвыканкама, у якім будынак бібліятэкі ў в.Галошава, Талачынскага раёна выключаны са спіса аб’ектаў, якія запланаваны да зносу ў 2021 годзе”.

Тут варта ўдакладніць важны момант. У гэтым спісе “будынкам бібліятэкі” названы сядзібны палац (мяркуючы па фота). А бібліятэка была ў іншым цагляным будынку, былым гаспадарчым корпусе, што ў парку. Гэты будынак, нягледзячы на больш як стагадовы ўзрост і “руплівасць” вандалаў, знаходзіцца ўсё яшчэ ў выдатным стане. Прычым, гэта абсалютна ўсім вядомы факт, а не нейкая архіўная таямніца.

Навіны з Талачына

Каб даведацца, ці паспелі ў азначаны тэрмін у Талачынскім райвыканкаме падрыхтаваць “абгрунтаваныя прапановы… для іх далейшага разгляду на пасяджэнні Віцебскага абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і прыняцця канчатковага рашэння”, мы звярнуліся да начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вышэйзгаданага райвыканкама спадарыні Алены Валевіч. Аказалася, што ўсе неабходныя дакументы ўжо адпраўлены ў Віцебскі аблвыканкам. Што датычыцца самой сядзібы, то там рэгулярна праводзіцца абкос травы і аднаўляецца кансервацыя. Пацікавіліся мы і наконт магчымасці правядзення суботнікаў і летнікаў на тэрыторыі комплексу. Аказалася, што гэта пытанне вырашальна. Толькі трэба загадзя дамовіцца пра час для жадаючых валанцёраў.

Што ж тычыцца мастацкіх пленэраў з удзелам мастацкіх школ, то тут усё больш складана. Пачынаецца сезон адпачынкаў, а ў шкаляроў вакацыі. Таму вынікае, што надзея толькі на вольных мастакоў, якія з надыходам цёплага часу пачынаюць свае вандроўкі па Беларусі з эцюднікам на плячы.

Якія ж будуць вынікі разгляду заяўкі на ўключэнне Галошаўскай сядзібы ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мы абавязкова праз нейкі час паведамім нашым чытачам.

Летні палявы сезон

Наперадзе тры месяцы лета. І, думаецца, што самы час зрабіць другі крок грамадскасці “насустрач” пакуль яшчэ закінутай сядзібе. Дарэчы, а чаму б не правесці ў Галошава або Талачыне краязнаўчыя чытанні? Ведаем, гісторыкам, архівістам і краязнаўцам ёсць пра што распавесці, у тым ліку і пра сам маёнтак.

А мясціны там не толькі вельмі цікавыя для аматараў даўніны, але і маляўнічыя. Лёгкія пагоркі, лясы, велізарнае возера, на беразе якога ўсталяваны каменны крыж, ёсць і курганны могільнік. Дарэчы, крыж і могільнік знаходзяцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Тым, хто вырашыць наведацца ў Галошава, магу параіць пешы маршрут ад станцыі Коханава, у паўднёвым накірунку.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар