Падтрымка дзяржавай кінематаграфіі — максімальная

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Самае масавае мастацтва — кіно: усе яго глядзяць, усе цікавяцца. Па той бок ад гледача тыя, хто кіно здымае, хто яго паказвае, хто яму вучыць — цэлая галіна, што называецца кінематаграфіяй. 1 чэрвеня споўніўся 31 год, як у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыйшоў працаваць Аляксей Мікалаевіч БЯЗУГЛЫ. Зараз у Міністэрстве ён узначальвае аддзел па кінематаграфіі — нясе, такім чынам, адказнасць за ўсё, што ў гэтай сферы ў нас адбываецца. Пра надзённыя, актуальныя праблемы і падзеі мы з ім і пагаворым.

/i/content/pi/cult/854/18136/8.jpg— На пачатку, калі ласка, давайце акрэслім, што ўваходзіць у сферу кінематаграфіі, якой у Беларусі кіруе ваш аддзел у Міністэрстве культуры.

— Кінематаграфія — такая сінтэтычная галіна, якая ўключае ў сябе і прамысловасць з эканомікай, і высокія тэхналогіі, і ідэалогію, і мастацтва. І па абсалютна аб’ектыўных прычынах гэта галіна, патрабуючая вялікіх матэрыяльных затрат, важная ў тым ліку і ў сацыяльна-палітычным аспекце — бо дзяржава трансліруе свае каштоўнасці праз кінематограф. Заўважу, што далёка не ў кожнай краіне ёсць свая ўласная кінематаграфія з развітай інфраструктурай, а мы маем поўны цыкл — пачынаючы ад падрыхтоўкі спецыялістаў, якіх навучаем у Акадэміі мастацтваў, Універсітэце культуры і мастацтваў, тэхнічных ВНУ, працягваем таксама падрыхтоўку кадраў для Беларусі ў Санкт-Пецярбургскім інстытуце кіно і тэлебачання і ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі. Да таго ж у нас ёсць уласная база ў выглядзе Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, якая забяспечвае поўны цыкл вытворчасці фільмаў, — а гэта проста ўнікальная з’ява, вельмі нятанная. Тым не менш, дзяржава разумее каштоўнасць такога накірунку ў культуры і ідзе на выдаткі. І ў нас ёсць сучасная дзяржаўная кінасетка, што ахоплівае ўсю краіну.

Дзякуючы падтрымцы дзяржавы і асабіста Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўдалося не толькі захаваць савецкую спадчыну, але і значна прыбавіць у развіцці гэтай галіны. Нагадаю, у свой час Прэзідэнт двойчы наведваў Нацыянальную кінастудыю, аказваў ёй падтрымку ў складаныя перыяды, дзякуючы чаму “Беларусьфільм” захаваўся і пазней быў рэканструяваны. Сваімі даручэннямі Прэзідэнт стварае ўмовы для заканадаўчага і эканамічнага развіцця кінематаграфіі. Гэта значыць, што дапамога і падтрымка дзяржавы гэтай галіне — максімальная і абсалютна дастатковая. Трэба не забыцца пра апошнія па часе рашэнні, прынятыя 16 красавіка, — указ “Аб развіцці кінематаграфіі” і распараджэнне Кіраўніка краіны аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі “Беларусьфільму”, які ў сувязі з каранавіруснымі абмежаваннямі апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі.

— Кінатэатры пасля паўзы пачалі актыўна працаваць, пракат, я так разумею, паціху аднаўляецца…

— Сапраўды, адбываецца вяртанне да поўнамаштабнай, поўнафарматнай дзейнасці, і вельмі заўважна, што гледачы ахвотна пацягнуліся ў кіно. Летась шэсць месяцаў кінатэатры Мінска проста стаялі, у рэгіёнах моцна была абмежавана колькасць сеансаў і працоўных дзён. Зразумела, гэта не магло не адбіцца на паказчыках. У параўнанні з савецкім перыядам колькасць кінатэатраў зменшылася ў два разы, тым не менш мы здолелі захаваць кінатэатральны паказ. Залы алічбоўваюцца, узбагачаюцца самымі сучаснымі тэхналогіямі. Увогуле, у дзяржаўнай сістэме зараз 87 стацыянарных кінатэатраў, якія агулам маюць 132 глядзельныя залы — і 107 з іх ужо алічбаваны! Трэба заўважыць, што ў сталіцы, напрыклад, сур’ёзную канкурэнцыю нам складаюць прыватныя, недзяржаўныя кіназалы. Калі ў 2015 годзе іх было 27, то ў 2020-м — ужо 41. У Гродне бліжэйшым часам запланавана адкрыццё гандлёва-забаўляльнага цэнтра з пяццю кіназаламі, у перспектыве падобны камерцыйны комплекс з’явіцца і ў Баранавічах. Такім чынам, у буйных гарадах маецца альтэрнатыва дзяржаўнаму кінапракату.

16 красавіка ў Маладзечне ў кінатэатры “Радзіма” адбылося выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, дзе пытанні, звязаныя з сістэмай пракату фільмаў, былі разгледжаны комплексна і ва ўвязцы з кінавытворчасцю. Мы пачулі меркаванні кіраўнікоў рэгіянальных пракатных арганізацый і выступленне генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Уладзіміра Карачэўскага. Бо без сумеснай працы гэтых двух складнікаў — пракату і вытворчасці — я не ўяўляю сабе паспяховага развіцця беларускага кіно. Нацыянальная кінастудыя мусіць здымаць тое, што будзе запатрабавана ў пракаце, і мусіць клапаціцца пра ліквіднасць сваёй прадукцыі. Уладзімір Карачэўскі паведаміў пра графікі выпуску фільмаў, пра тэматычны план на гэты год і два наступныя, пра гатоўнасць інфармацыйна-рэкламнай
прадукцыі, — кінапракатныя арганізацыі павінны быць у курсе спраў. Увогуле, у нас існуе Савет кіраўнікоў кінапракатных арганізацый, і на яго пасяджэнні мы заўсёды запрашаем дырэктара кінастудыі.

— На гэты момант якая задача асноўная датычна кінапракату?

— Мадэрнізаваць інфраструктуру, завяршыць гэты працэс — хаця працэс можна назваць і перманентным, бо тэхналогіі ўвесь час удасканальваюцца. І яшчэ мы павінны зрабіць кінапаказ элітарным, у сэнсе — ён павінны быць настолькі ўтульным і камфортным, каб людзі на яго імкнуліся. Каб у кіно можна было прыйсці, напрыклад, у вячэрнім строі, у шыкоўнай сукенцы — як у тэатр. Такая задача стаіць, бо ў некаторых выпадках прыватныя залы перахопліваюць у нас гледача тым, што прапануюць
больш камфортныя ўмовы.

— Ізноў жа пасля перапынку беларускае кіно пачынае серыю з гучных прэм’ер. Першым у гэтым прэм’ерным спісе стаў фільм “Лёс дыверсанта” — пра подзвіг падпольшчыка Фёдара Крыловіча на чыгуначнай станцыі ў Асіповічах. Стужка не проста пайшла ў пракат напярэдадні свята 9 Мая, а суправаджалася шэрагам мерапрыемстваў. Амаль месяц “Лёс дыверсанта” ў пракаце — ці можна падвесці нейкія вынікі? Якая рэакцыя публікі, якія зборы ў карціны?

— Запуск у пракат фільма “Лёс дыверсанта” — наша першая масіраваная акцыя пасля працяглай паўзы. І сапраўды, прэм’ерныя паказы ператварыліся ў комплексныя дзеі. Мы прыцягнулі музеі, што працуюць з ваеннай гісторыяй, — у Мінску гэта Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, зладзілі перад сеансамі выставы ваеннай тэхнікі, ваенных плакатаў, выступленні артыстаў і, што важна, шмат дзе і сустрэчы са стваральнікамі фільма. Я лічу, што акцыі атрымаліся вельмі паспяховымі. Сам бачыў поўныя залы і як людзі нават у праходах стаялі на прэм’ерах — няхай такія ўрачыстыя мерапрыемствы маглі быць і па запрашальных білетах. Увогуле, тут важна менавіта сацыяльна-палітычная акцыя. І я назіраў за рэакцыяй гледачоў, асабліва тых, для каго фільм прызначаўся ў першую чаргу — а гэта моладзь. Ніводнага чалавека, што выйшаў бы з залы, не даглядзеўшы фільм, я не бачыў.

Гэтак жа з шэрагам акцый мы зараз запусцілі ў пракат новы анімацыйны мюзікл “Зоркі сёмага неба” — 1 чэрвеня была ўрачыстая прэм’ера ў Мінску ў Доме кіно, далей рэжысёр стужкі Алена Турава разам з іншымі стваральнікамі ездзіць па рэгіёнах з фільмам. У сэнсе, гэта не проста шэраговыя сеансы, а яшчэ і творчыя сустрэчы. Сумесна з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны правялі прэзентацыю анімацыйнага фільма “263 ночы” — шырокія яго паказы яшчэ наперадзе.

І цяпер мы вяртаем у поўнай меры прысутнасць беларускага кіно на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”.
Калісьці яно было там традыцыйна, а потым здарыўся некаторы перапынак. Сёлета будзе насычаная праграма з паказам новых і рэтраспектыўных стужак, плануецца адкрыццё кінатэатра на вольным паветры. І, натуральна, мы арганізуем творчыя сустрэчы з рэжысёрамі, акцёрамі, пакажам як ігравыя, так і дакументальныя і анімацыйныя стужкі. Сумесна з Міністэрствам інфармацыі, з тэлеканаламі зараз распрацоўваем праграму таго, як лепей прасоўваць нашу прадукцыю на тэлеэкраны. Бо ўрадам і Прэзідэнтам пастаўлена задача актыўна прапагандаваць беларускае кіно. У тым ліку гэта і патрабаванне нашага міністра культуры Анатолія Маркевіча: прэм’ера кожнага беларускага фільма павінна стаць падзеяй.

— Што нас чакае наперадзе, якія фільмы беларускай вытворчасці — найперш, мабыць, ігравыя — мы зможам убачыць неўзабаве?

— Трэба разумець, што пандэмія спыніла вытворчасць пэўнага шэрагу праектаў, а цяпер праца адноўлена. Днямі я ўжо паглядзеў мантажна-таніровачную версію чатырохсерыйнай тэлевізійнай карціны “У пошуках анёла” — думаю, будзе выдатны фільм для сямейнага прагляду, цікавы юнацкай аўдыторыі, літаральна праз месяц-другі гледачы яго ўжо ўбачаць. Пастаўлена задача стварыць і варыянт для кінатэатраў. Далей — заканчваецца праца, якая, прызнацца, была не самай простай, над вельмі цікавым чатырохсерыйным праектам “Сляды апосталаў — 2” сумеснай вытворчасці “Беларусьфільма” і “Першай КінаВідэаКампаніі”.

Акрамя таго, ідзе праца над фільмамі, што ўдзельнічалі ў конкурсах Міністэрства культуры, — гаворка пра стужкі, над якімі працуе “Першая КінаВідэаКампанія”: “За паўгадзіны да вясны” — прысвечаная нашаму славутаму песняру Уладзіміру Мулявіну, і “10 жыццяў Мядзведзя” — пра легендарнага спартсмена Аляксандра Мядзведзя. Я бачыў матэрыялы, і ў мяне вельмі добрыя чаканні ад гэтых праектаў, яны стануць вельмі заўважнымі для нашага кіно. Таксама працуе студыя R2 над стужкай “Двайны дотык” — гэта гісторыя пра дзяўчынак-падлеткаў з правінцыйнай баскетбольнай каманды, якія мараць трапіць у зборную Беларусі.

Вельмі важная тэматыка — тут і сацыяльная праблематыка, і спорт, і дружба, і пытанні маральнага выбару, і здаровы лад жыцця.

Не ўсе фільмы, створаныя цягам яшчэ 2019-га, мы ўжо паказалі. Пакуль улічваюцца стратэгія і тактыка іх фестывальнага прасоўвання, а шэраг фестываляў па пэўных прычынах быў перанесены.

— У цэнтры ўвагі — Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” і яе шляхі выхаду з крызісу. Што адбываецца зараз?

— У першую чаргу стаіць задача завяршыць фільмы, праца над якімі пачалася раней. Аднавіць эканоміку. Рэалізаваць усе пазіцыі, закладзеныя ў распараджэнні Кіраўніка дзяржавы. Далей — запусціць да канца года новыя праекты з улікам патрабаванняў, акрэсленых указам “Аб падтрымцы кінематаграфіі”, — гэта значыць, фільмы, здольныя прывабіць масавага гледача, фільмы, цікавыя моладзі, фільмы, што адлюстроўваюць ідэалогію дзяржавы і яе культурна-гістарычныя каштоўнасці. Нацыянальная кінастудыя, што летась не мела магчымасці ўдзельнічаць у конкурсах Міністэрства культуры на вытворчасць фільмаў, зараз ужо падаецца са сваімі заяўкамі — а конкурсы і ідуць, і будуць ісці. На гэты момант актуальныя два конкурсы на ігравыя фільмы, ёсць цэлых пяць лотаў на дакументальныя стужкі па перадваеннай гісторыі Беларусі і два лоты на відэаролікі, што адлюструюць ролю культуры ў Год народнага адзінства.

Зараз праводзіцца конкурс сінопсісаў пад назвай “Мая Беларусь”: прыём заявак скончыўся, адборачная камісія працуе. Упершыню мы праводзім конкурс не сцэнарыяў, а сінопсісаў — сцэнарных заявак, для таго каб потым спецыялісты дапрацавалі іх да літаратурных сцэнарыяў адпаведна з камерцыйнымі, ідэалагічнымі і рознымі іншымі патрабаваннямі, якіх вымагае час. Гатовыя сцэнарыі адразу пойдуць у вытворчасць, а не ў стол ці ў архіў, як здаралася раней, — цяпер гэты конкурс арыентаваны на практычнае прымяненне. Плануецца, што па выніках мы атрымаем: ігравы фільм, які адлюструе падзеі міжваеннага перыяду і гістарычнае значэнне ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР, ігравы фільм, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і поўнаметражны анімацыйны фільм пра Усяслава Чарадзея.

У сэнсе, мы пераходзім на практычныя рэльсы. І ўсю прадукцыю цяпер падзяляем на камерцыйную, ідэалагічную і фестывальную. Загадзя арыентуемся на патрабаванні фестываляў — яны самыя розныя, кожны са сваімі асаблівасцямі. А не спачатку здымаем кіно, а толькі потым думаем, куды яго адправіць. Будзем планаваць адразу, што гэты будучы праект пойдзе на такія-та фестывалі, гэты — будзе выкарыстаны ў ідэалагічнай, палітыка-выхаваўчай і контрпрапагандысцкай працы, а правы на паказ гэтага  мы будзем
прадаваць і тым самым зарабляць грошы. Мяркуем, што такі падыход прывядзе да станоўчых вынікаў. І перад намі пастаўленыя канкрэтныя тэрміны: на канец гэтага — пачатак наступнага года мы павінны выйсці ў ноль у эканоміцы кінастудыі, і павінны цалкам аднавіць паказчыкі дзейнасці кінапракатных арганізацый. Такім чынам, мы павысім эфектыўнасць па ўсіх напрамках, каб стаць больш заўважнымі, больш запатрабаванымі і больш карыснымі нашаму грамадству.