“Трэба помніць дом свой...”

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

Маналог з адпаведным пасылам
22 чэрвеня 41-га... Гэтая дата навісае над намі, над нашай геннай памяццю як жахлівая, бязлітасная чорная зграя, што і дасюль, праз восем дзесяцігоддзяў, прымушае скалануцца ад страшэннага болю цэлыя народы. Прымушае “НІКОЛІ НЕ ЗАБЫЦЬ!” ні нам, беларусам, хто жыве на Бацькаўшчыне сёння, ні нашым суайчыннікам, хто з той або іншай прычыны апынуўся на хвалі абставін за мяжой. А яна, гэтая журботная дата, як векапомны факт у гісторыі Беларусі, жорсткімі лічбамі паўстане ўжо праз некалькі дзён...

/i/content/pi/cult/854/18135/7.jpg...Сустрэча ў рэдакцыі “Культуры” адбылася якраз напярэдадні гэтага дня з адным з нашых землякоў у Год народнага адзінства. І першы ж пасыл чалавека, які амаль ужо два дзесяцігоддзі жыве па-за межамі Беларусі, супаў з запланаваным мной першым пытаннем, такім чынам замацаваўшы фармат і акцэнтацыю гутаркі. Урэшце, нічога дзіўнага ў гэтым няма: мой суразмоўца Міхаіл Ганкін чвэрць стагоддзя адпрацаваў, у прыватнасці, вядучым рэжысёрам літдрамрэдакцыі на Беларускім тэлебачанні, так што, зразумела, выдатна валодае ўласцівай яму “рэжысурай” выбудоўвання дыялогу ў рамках прапанаванага кантэксту. Ды і беларускай мовай ён валодае цудоўна. Дарэчы, словы, вынесеныя ў загаловак — з ягонага верша “Спатканне з Радзімай”: “Бібліі радкі я ўспамінаю:// “Трэба помніць дом свой і сям’ю”... Такім чынам — слухаю споведзь суайчынніка.

Што ты нарабіла, праклятая!

 — Нарадзіўся я ў Гомелі, але мне не давялося жыць у ім, бо пачалася вайна. Зрэшты, у мяне гісторыя, звязаная з вайной, увогуле жахлівая. У першыя дні бамбёжкі Гомеля бомба трапіла проста ў наш дом. Маці маю адразу забіла на месцы. А я на той момант ляжаў дзевяцімесячным немаўлём у калясцы ў двары. Мяне кудысьці адкінула з той каляскі выбуховай хваляй. Насупраць нас жыла суседка Вера Маісееўна Анціна, якая пачула, што дзесьці плача дзіця. Яна мяне знайшла, падабрала і потым вывезла ў эвакуацыю. Дзякуючы ёй я і застаўся ў жывых. Да сямі гадоў яна мяне расціла... Пазалетась, калі прыязджаў у Гомель, знайшоў ейную магілу, прывёў усё ў парадак і паставіў помнік. Тут забягу крышачку наперад. Перад маім ад’ездам у Германію я працаваў арт-дырэктарам ансамбля “Свята” Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І дасюль у мяне захаваліся цесныя кантакты з тымі маімі калегамі. Дарэчы, тры песні на мае вершы — і сёння ў рэпертуары ансамбля. Адна з іх называецца “Беларуская мова”. Дык вось, былыя калегі-“святаўцы” тады дапамагалі мне шукаць апошні прытулак маёй прыёмнай маці, прайшоўшы могілкі з канца ў канец.

Бацьку майго прызвалі ў армію адразу ў сорак першым. Ён ваяваў, прайшоў танкістам, як кажуць, праз усю вайну, дэмабілізавалі яго ў 1946-м у Празе. Я тату ўбачыў упершыню, калі мне споўнілася мо гадоў шэсць. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам Чырвонай Зоркі, пяццю медалямі за ўзяцце тых або іншых гарадоў на шляху да перамогі, двойчы атрымаў раненні. А маміну фотакартку я ўбачыў толькі тады, калі мне было ўжо за трыццаць. Вы спытаеце — адкуль гэтае фота, бо ад нашага гомельскага дома нічога ж не засталося? Маёй старэйшай сястры пасля людзі перадалі — з маміным дарчым надпісам, адрасаваным камусьці з ейных даваенных знаёмых. Мама, Эма Міхайлаўна Амхінец, па нацыянальнасці — руская, а тата — яўрэй. Але адкуль матуля была родам — нават і не ведаю, бо выхоўвалася ў дзіцячым доме. Дарэчы, бацька мой — таксама дзетдомавец, там яны і пазнаёміліся.

Ветка ў стоп-кадры памяці

 — Пасля вайны тату паслалі працаваць дырэктарам вытворчасці ў разбураную ўшчэнт Ветку, што на Гомельшчыне, адбудоўваць тамтэйшую тэкстыльную фабрыку. І я туды трапіў, заканчваў там сем класаў. Па тых часах было ўсё вельмі складана. Што тут казаць — галоднае басаногае дзяцінства без маці... Памятаю, як у тры гадзіны ночы займалі чаргу за боханам хлеба на сям’ю, а калі раптам давесак табе трапляўся, дык гэта ўжо законна тваё і ты мог яго спакойна з’есці. І так жылі ўсе...

Я зноў прыехаў у Ветку ўжо будучы дырэктарам ансамбля “Свята”. Сустрэўся там са знакамітым у тыя часы Фёдарам Шкляравым, пазнаёміліся мы з ім, а ён гаворыць мне, маўляў, знаёмае тваё прозвішча. У выніку аказалася, што Шкляраў працаваў на фабрыцы пад кіраўніцтвам майго бацькі. Гэта ўжо потым ён пачаў ратаваць іконы, збіраць пакрысе калекцыю: дзе выкупляў іх у стараабрадцаў, дзе выменьваў, каб стварыць у будучыні ўнікальны музей. Цяжка сабе ўявіць, якіх высілкаў яму ўсё каштавала. Я зноў узгадаў у той паездцы свой пасляваенны час, эпізод, што адбіўся ў памяці бы фотакадр. У Ветцы працавалі дзве школы — беларуская і руская, пад нумарамі адзін і два. І вось збіраліся, здаецца, вызваліць для адной з іх будынак, дзе знаходзілася ці то царква, ці то штосьці іншае. Памятаю, побач з будынкам на вуліцы палаў вялізны касцёр, а ў агонь кідалі кніжкі, іконы. І там людзі бездапаможна бегалі вакол кастра і спрабавалі выхопліваць з вогнішча гэтыя найкаштоўныя рэчы, сапраўдныя артэфакты, каб выратаваць хоць што-небудзь з абразоў і фаліянтаў. Назаўсёды тое відовішча застанецца ў маёй памяці...

Ну а ў чатырнаццаць я ўжо пайшоў на свой хлеб. Паступіў у Петразаводску ў будаўнічы тэхнікум, потым — армія. Служыў на Поўначы падводнікам. Дзякуючы флоту ў мяне лёс інакш і павярнуўся. У нашай эскадры быў створаны самадзейны ансамбль, а я пісаў вершы. Ну і хлопцы падбіралі пад гітару мелодыі на тыя тэксты. Аднойчы гастраляваў у нас галоўны ансамбль Паўночнага флоту, і дырыжор, паслухаўшы нашы песні, забраў мяне да сябе ў калектыў яшчэ на два гады службы. Адтуль у званні малодшага лейтэнанта я і дэмабілізаваўся. І трапіў потым у Мінск.

Яны там рускіх салдат не бачылі

 — У заходняй частцы Германіі, дзе я жыву, маладое пакаленне немцаў нават не ведае сёння, з кім была мінулая вайна. Спытай у школьнікаў — з кім жа? — яны табе адкажуць, што з Амерыкай, бо ўваходзілі на тую тэрыторыю і вызвалялі яе амерыканскія войскі. Ды і ўвогуле нямецкую моладзь не цікавіць гэтая тэма. Не разумею, але іхняе грамадства ці то забыла ўсё, ці то ведаць не хоча. А памяць пра тую жахлівую вайну неабходна захоўваць, бо зараз літаральна на вачах ідзе непрыхаванае перапісванне гісторыі Другой сусветнай. Кожны цяпер цягне коўдру на сябе, вобразна кажучы. Тыя ж амерыканцы: маўляў, толькі яны зрабілі вялізны ўнёсак у перамогу, а рускія ну дык — паколькі-пастолькі. І тое, што на Беларусі тэма гістарычнай праўды пра гады страшэннага ліхалецця не затухае ў сённяшнім працэсе патрыятычнага выхавання маладога пакалення, а наадварот — педаліруецца, мусіць, неаспрэчна правільна.

Тое, як была бязлітасна вынішчаная ўся Беларусь, тое, як яна была разадраная, спапялённая гітлераўцамі, маё пакаленне “дзяцей вайны” ведае не па кніжках. Я магу нават назваць імёны людзей, якія ў часы акупацыі тут немаведама што вычваралі, бо грунтоўна вывучаў гісторыю, корпаўся ў архівах, працуючы над перадачамі, тэле- і кінапраектамі ўжо на тэлебачанні ў якасці рэжысёра. У Мінску ўрад быў створаны, некалькі з’ездаў у падтрымку Гітлера правялі пад рознымі там флагамі розныя дактары філалогіі астроўскія ды обер-бургамістры горада Барысава — дактары станіславы станкевічы, а таксама рагулі, абрамавы...

...Гэтым разам прыехаў я ў Мінск, калі ішоў Чэмпіянат свету па хакеі. Яўная правакацыя, якую ўсчынілі ў Рызе з дзяржаўным сцягам суверэннай краіны — Рэспублікі Беларусь, не проста абурае. Яна аспрэчвае цяпер тое, што раней дэкларавалася: маўляў, спорт — па-за палітыкай, але ў дадзеным прэцэдэнце аказалася, што тое і ёсць самая сапраўдная палітычная зброя, якая неправамоцна прымянілася. Гэта самыя нізкія козыры.

...Чамусьці я зараз прыгадаў цыкл перадач, якія мы рабілі на тэлебачанні пра тых людзей, якія ў вызваленых ад гітлераўцаў гарадах уздымалі на флагштоках сцяг Радзімы. Аднаго такога чалавека мы знайшлі ў Кіеве. Ён працаваў на той час швейцарам у нейкім рэстаране ці гатэлі. Салдацкі лёс даручыў яму ўзняць пераможнае чырвонае палотнішча над вызваленым Брэстам. Гэта быў зусім іншы сімвал!

На спатканнях ...

— Я штогод бываю на Радзіме. Грамадзянства не мяняю. У мяне пашпарт грамадзяніна Беларусі, а там — пастаянны від на жыхарства. Састаю на ўліку ў генеральным консульстве нашай краіны ў Мюнхене, каб ездзіць сюды без візы. У Мінску жывуць дзве мае дачкі і два ўнукі. Старшая, Вера, журналіст — аглядальнік у газеце “Рэспубліка”, малодшая — гісторык-архівіст па прафесіі, яна разам з мужам працуе на тэлебачанні. Заўсёды сустракаюся з сябрамі. Вядома ж, настальгірую. Мне пашчасціла ў жыцці, што на Беларусі давялося супрацоўнічаць з сапраўднымі ўнікальнымі людзьмі, якіх няма больш сёння. Усім вядома, хто такія Віктар Карпілаў, Аляксандр Гутковіч — мэтры Беларускага тэлебачання. Гэта ўсё першы выпуск нашага тэатральна-мастацкага інстытута. Ілья Курган з імі вучыўся, Эльвіра Герасімовіч, якая потым стала рэктарам той жа ВНУ, ды іншыя выбітныя асобы. Словам, пашчасціла...

Ну а ў Франкфурце-на-Майне ёсць рускі клуб “Посев”. У ім на літаратурных імпрэзах сустракаюцца рускамоўныя людзі розных нацыянальнасцяў, а калі не было пандэміі, дык да нас прыязджалі вядомыя літаратары, артысты, кінематаграфісты. Дарэчы, там, у Германіі, я напісаў тры кнігі, але выдаваў іх у Мінску.

Цяпер, калі вось ужо напрацягу дзевятнаццаці гадоў пастаянна наведваю Бацькаўчыну, дык увесь час дзіўлюся яе ператварэнню. Беларусь вельмі хутка мяняецца, вядома ж, у лепшы бок. Мой стары прыяцель Валера Мацюшэўскі, ён таксама рэжысёр, мы разам працавалі ў літдрамрэдакцыі на БТ, пачынае мяне вадзіць па ўсіх мясцінах, якіх я нават і не бачыў раней. Пры мне гэтага не было. Якія палацы адбудаваны, якія гандлёвыя цэнтры, жылыя мікрараёны! У Мінска, канешне ж, свая спецыфіка, свая аўра еўрапейскасці. Люблю адпачываць у санаторыі на Нарачы, на іншых беларускіх курортах, і кожны год гэта раблю.

...Урэшце, любая краіна — жывы арганізм. Усё ў ёй бывае ў розныя часы станаўлення: і непагадзь, і хваробы, кажучы вобразна. Але галоўнае, каб перамагалі мудрасць, любоў і стваральнасць. І жаданне ісці за тымі пастулатамі па жыцці.

Маналог слухала Людміла Крушынская