Сустракаючы новыя кадры і падводзячы вынікі працы

№ 24 (1515) 12.06.2021 - 19.06.2021 г

8 чэрвеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

/i/content/pi/cult/854/18133/6.jpgАдбылося прадстаўленне новапрызначанага супрацоўніка цэнтральнага апарата Міністэрства культуры — пасаду намесніка начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці заняў Дзмітрый Слясарчык, які перад прызначэннем працаваў галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі галоўнага ўпраўлення культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Начальніку аддзела па кінематаграфіі Аляксею Бязугламу, які пакідае сваю пасаду, была ўручаная ганаровая грамата Міністэрства культуры за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Са свайго боку Аляксей Мікалаевіч падзякаваў калегам за цікавую і плённую працу на карысць развіцця культуры ў Рэспубліцы Беларусь.

Абмяркоўваўся ход конкурсу па стварэнні памятнага знака “Уз’яднанне” ў Мінску, прысвечанага падзеям верасня 1939 года, а таксама мемарыяла на месцы канцэнтрацыйнага лагера, які існаваў у горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці. На разгляд журы прадстаўленыя адпаведна сем праектаў помніка ў Мінску і тры праекта мемарыяла ў Бярозе.

У бліжэйшы час лепшыя праекты будуць канчаткова адабраны і праца па іх пяройдзе ў больш практычнае рэчышча, то-бок памятны знак і мемарыял будуць усталяваны. Хутчэй за ўсё гэта адбудзецца да 17 верасня, бо Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка днямі падпісаў указ аб святкаванні “Дня народнага адзінства” менавіта ў гэты дзень. “Выбар даты падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці”, — паведамляецца ва ўказе.