Свята бульбы ў Сібіры

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Новасібірскі цэнтр беларускай культуры створаны ў 2000 годзе. Асноўнай дзейнасцю яго з’яўляецца арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё культурна-дасугавай дзейнасці, адраджэнне і захаванне традыцыйнай беларускай культуры ў Сібіры — абрадаў, святаў, мовы. Развіццю самадзейнай мастацкай творчасці і пашырэнню культурнага міжнацыянальнага супрацоўніцтва таксама надаецца вялікая ўвага.

/i/content/pi/cult/853/18129/027.jpgМетодыка стасункаў

У 2018 годзе Цэнтр увайшоў у склад Дзяржаўнай аўтаномнай установы культуры Новасібірскай вобласці “Дом нацыянальных культур імя Генадзя Завалокіна” (заснавальнік — Міністэрства культуры Новасібірскай вобласці).

На працягу 20 гадоў Цэнтр вывучае месцы кампактнага пражывання беларусаў у Новасібірскай вобласці, спрыяе стварэнню ў раёнах творчых калектываў, сямейных ансамбляў, якія актыўна папулярызуюць беларускую культуру ў сваёй мясцовасці.

Цэнтр з’яўляецца арганізатарам буйных міжрэгіянальных, абласных фестываляў, конкурсаў, святаў: фестываль беларускай культуры “В гостях у Лявонихи”, конкурс беларускай творчасці “От Полесья до Сибири несите, аисты, весну”, свята “Россия и Беларусь — наш общий дом”, “Свята бульбы”, беларускі арт-тыдзень у Сібіры.

Цэнтр аказвае метадычную падтрымку самадзейным калектывам горада і вобласці. Пры ім працуюць такія творчыя калектывы, як ансамбль беларускай песні “Завіруха” і дзіцячы ўзорны гурт народнай песні “Вясёлка”. Пры цэнтры таксама дзейнічае творчае аб’яднанне “Сябры”, у склад якога ўваходзяць члены Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў і ветэраны беларускага руху ў Сібіры.

/i/content/pi/cult/853/18129/028.jpgСябруем са “Спадчынай” і не толькі

Цэнтр актыўна супрацоўнічае з Магілёўскім сацыяльна-культурным грамадскім аб’яднаннем “Спадчына”, Беларуска-Расійскім універсітэтам, Магілёўскім абласным метадычным Цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур (летась гэта ўстанова падаравала нам дзесяць нацыянальных касцюмаў).

Дзякуючы супрацоўніцтву з установамі культуры Беларусі, у Новасібірск ужо неаднаразова прыязджалі спецыялісты і выкладчыкі па саломапляценні, гранні на цымбалах, па вывучэнні беларускай мовы і народнага вакалу, беларускіх танцаў. Беларуская культура выклікае вялікую зацікаўленасць у сібіракоў, якія займаюцца творчасцю.

Канешне ж, мы заўсёды прагнем жывых стасункаў са спецыялістамі з Беларусі. Хаця б два разы на год неабходна сустрэча з носьбітамі ведаў. А для пашырэння рэпертуару для творчых калектываў неабходны нотны матэрыял. Пакуль што беларускія спецыялісты прыязджаюць адзін раз на год.

Не самая лёгкая справа

З якімі праблемамі сутыкаемся? Маладое пакаленне дастаткова складана схіліць да грамадскіх спраў. Увогуле, абудзіць цікавасць дзяцей да народнай творчасці — справа не з лёгкіх. Але мы спрабуем. Напрыклад, працуем са школамі, дзіцячымі цэнтрамі, прэзентуючы беларускую культуру і пашыраючы ўяўленне пра самабытную беларускую культуру, пра краіну Беларусь. Праз інтэрактыўныя гульні, майстар-класы, канцэрты мы прыцягваем дзяцей да вывучэння беларускай культуры. Галоўныя нашы памочнікі ў гэтай справе — дзіцячыя творчыя калектывы, якія хочацца стымуляваць за тое, што яны ўжо сёння разам з намі.

Зацікаўленасць у вывучэнні беларускага мастацтва, несумненна, прысутнічае. Асабліва гэта датычыцца сельскай мясцовасці. У Новасібірскай вобласці ёсць унікальныя калектывы з вёсак, майстры народнага промысла, якія спрыяюць папулярызацыі беларускай творчасці па-за межамі горада. Каб павышаць іх цікавасць і ўзровень майстэрства, неабходна падтрымліваць такіх спецыялістаў, арганізоўваць творчыя стажыроўкі па абмене вопытам на гістарычнай Радзіме.

Ёсць прапанова

Так ужо гістарычна склалася, што Сібір стала другім домам для шматлікіх беларусаў і беларусак. Кожны па сваёй прычыне апынуўся далёка ад дома, але ўсіх аб’ядноўвае адно — Беларусь у іх сэрцах была, ёсць і будзе заўсёды. І для кожнага Радзіма — гэта штосьці сваё, асабістае, запаветнае. Аднойчы ў нашага цэнтра з’явілася ідэя аб’яднаць этнічных беларусак розных узростаў і прафесій, з рознымі інтарэсамі і марамі ў калектыўнай творчасці. Так пачалася праца над фотапраектам “Гісторыі беларусак у асобах”, у якім фота — не проста малюнак, а адлюстраванне чалавечага лёсу.

Было б выдатна прэзентаваць гэты праект у Беларусі, а таксама даць яму працяг у іншых краінах, дзе ёсць беларускія дыяспары. І тады гэга быў бы праект сусветнага маштабу з назвай “Гісторыі беларусак свету”.

У нашым выпадку фотапраект “Гісторыі беларусак у асобах” дазволіў з’яднаць сібірскіх беларусак і праз фотаракурс распавесці пра ўсіх гераінь. Бо ў кожнай — сваё жыццё, свой лёс, свая гісторыя…

Больш падрабязна пра наш фотапраект можна паглядзець на vk.com/ncbkcentr.

Усяго найлепшага, паважаныя землякі!

Настасся ДЗЯМЕНЦЬЕВА,
загадчык Новасібірскага цэнтра беларускай культуры пры Доме нацыянальных культур імя Генадзя Завалокіна