Маладое Маладзечна

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, што пачынаўся з 1993 года, святкуе юбілей: 11 — 12 чэрвеня ён пройдзе ў 20-ты раз.

/i/content/pi/cult/853/18127/80e6163956ce104a5bdfea_opt.jpegЯкія цікавосткі нас чакаюць? Чым будзе адметны юбілейны фестываль “Маладзечна-2021”? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да дырэктара Палаца культуры горада Маладзечна Святланы САРОКА:

— Сёлетні фестываль, усе яго падзеі праходзяць пад знакам юбілею. Можна сказаць, што юбілей — своеасаблівы лейтматыў усіх творчых сустрэч і праектаў на фестывальных пляцоўках. Таму сімвалічна, што і канцэрт адкрыцця пад назвай “Талака” ядняе нядаўнія юбілеі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і кампазітара Ігара Паліводы: праграму, прысвечаную гэтым славутым творцам, падрыхтаваў народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг і яго Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр. На гэтым канцэрце, паводле традыцыі, будуць ушанаваны пераможцы Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Абодва туры спаборніцтва, у якім бяруць удзел 20 канкурсантаў, адбудуцца ў Палацы: зранку ў пятніцу ўдзельнікі выступяць пад фанаграму “мінус адзін”, а ўдзень — у суправаджэнні згаданага аркестра. Вельмі цікавым павінен быць канцэрт закрыцця “Маладзечна — насустрач шлягерам”, што пройдзе ў Амфітэатры. Рэжысёр Уладзіслава Арцюкоўская плануе ўсталяваць на сцэне невялікія столікі, каб удзельнікі сустракаліся ў нязмушанай абстаноўцы, быццам у нейкай кавярні. Вечарына будзе аздоблена відэаінсталяцыямі, перад вачыма гледачоў пройдзе багатая гісторыя гэтага фестывалю. Дарэчы, яскравыя моманты з гісторыі фестывалю паўстануць не толькі для гледачоў гэтага канцэрта. У фае Палаца адкрыецца выстава “Фестываль. Духоўнасць. Культура”, а ўздоўж парка будуць змешчаны банеры, што складуць арт-праект “Фестывальны шлях”.

Захаванне добрых традыцый — вельмі важная дэталь любога праекта. Вось і ў нас — будуць і творчая сустрэча “Асоба эпохі”, і здымкі тэлепраграмы “Суразмоўцы”, якую вядзе на БТ-3 паэт і журналіст Навум Гальпяровіч, і музычна-паэтычная гасцёўня (літаратары, як заўжды, пачнуць свой “маладзечанскі шлях” з Вязынкі, з ускладання кветак да помніка Янку Купалу). Вершаваныя радкі можна будзе не толькі пачуць, але і ўбачыць: праект “Роднае слова” прадугледжвае змяшчэнне іх на бігбордах, інфармацыйна-рэкламных стэндах.

Не забыліся мы і на іншыя віды мастацтваў: пройдуць і выстаўка знакамітага скульптара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандра Фінскага “Спявак культуры края” ў краязнаўчым музеі, і арт-пленэр, і “Горад майстроў” з яго дэкаратыўнымі вырабамі. Як ніколі многа будзе сёлета спектакляў. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прывязе адноўленую “Паўлінку”, а нашы артысты прапануюць “Казкі з куфэрка” ў тэатры лялек “Батлейка”, спектаклі “На другі дзень Сёмухі” і “Проста Мяфа” ў драматычным.

Шмат падзей адбудзецца на Цэнтральнай плошчы, іншых фестывальных пляцоўках, якіх у нас, як заўжды, багата. Тут і парад духавых аркестраў, і, галоўнае, праект “Колер маёй краіны”, які збярэ прадстаўнікоў з усіх абласцей Беларусі. Як заўсёды, будзе шмат выступленняў таленавітых дзяцей. Асабліва вылучу гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” ў Палацы культуры, дзе можна будзе ўбачыць і пачуць, як добра спяваюць лаўрэаты IX адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2021”.

Літаральна зашкальвае сёлета і колькасць канцэртаў акадэмічнай музыкі беларускіх кампазітараў — і ў асноўнай праграме, і сярод разнастайных дадатковых мерапрыемстваў. Гэта не толькі традыцыйны канцэрт камерных калектываў аркестра Міхаіла Фінберга, але і “Сімфанічная рапсодыя”, дзе выступіць наша творчая моладзь, і канцэрт народнага духавога аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, і праграма айчыннай духоўнай музыкі ў касцёле святога Іосіфа, якую выканае харавы ансамбль Concertino Беларускага саюза кампазітараў, і аўтарскі праект вядомага кампазітара Дзмітрыя Лыбіна “Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох”.

Ну а завершыць святкаванні яшчэ адна юбілейная вечарына ў Палацы культуры: Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” прадставіць праграму да 80-годдзя Уладзіміра Мулявіна — “Прысвячэнне Песняру”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"