100 партрэтаў: “урасці” ў новую фармацыю

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

У выдавецтве “Чатыры чвэрці” выйшаў у свет цудоўна ілюстраваны альбом-кніга пад назвай “Времен связующая нить” (“Повязь часоў” — “The connection of times”), у які ўвайшлі 100 рэпрадукцый жывапісных партрэтаў XVI — XX стагоддзяў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама падрабязныя мастацтвазнаўчыя анатацыі да кожнага твора.

 /i/content/pi/cult/181/1812/100-2.jpg
Гэта ўжо трэцяе навукова-папулярнае выданне такога
кшталту. Першыя два альбомы — “Асобы і лёсы” і “Непадуладныя часу...”, падрыхтаваныя мастацтвазнаўцамі Нінай Марчанка і Кірылам Зеляным, былі выдадзены, адпаведна, у 2002 і 2006 гадах.
Альбом “Времен связующая нить” прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Алены Аладавай — шматгадовага дырэктара нашага мастацкага музея, якая вельмі многа зрабіла для нацыянальнай духоўнай культуры Беларусі.
У чым асаблівасць візуальнай структуры гэтага выдання?Прадстаўленыя тут палотны пэндзля мастакоў розных краін і эпох былі набыты музеем у гады дырэктарства А.В. Аладавай і даюць пэўнае прадстаўленне аб развіцці рускага і беларускага жывапіснага партрэта ад XVI стагоддзя да 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Ёсць тут і некалькі партрэтаў невядомых мастакоў XVIІІ ст. і заходнееўрапейскіх майстроў з Аўстрыі, Францыі і Германіі.Канешне, асабліва ўражваюць партрэты рускіх жывапісцаў XVIІІ— пачатку ХХ стагоддзяў: А.Антропава, Д.Лявіцкага, В.Трапініна, Ф.Рокатава, К.Брулова, І.Крамскога, І.Рэпіна, В.Сурыкава, В.Сярова, М.Урубеля, К.Каровіна, Б.Кустодзіева, З.Серабраковай, А.Галавіна, якія Алена Аладава асабіста “здабывала” ў прыватных калекцыях Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў былога Савецкага Саюза.
У альбоме прадстаўлены і палотны беларускіх мастакоў ХІХ і ХХ стагоддзяў — ад С.Заранка, І.Хруцкага, А.Гараўскага і да І.Пэна, Я.Кругера, М.Станюты, Я.Зайцава, І.Ахрэмчыка, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Кішчанкі, Н.Шчаснай, Л.Шчамялёва...
 /i/content/pi/cult/181/1812/100.jpg

М.Станюта. “Партрэт дачкі”.

Гегель казаў, што гісторык — перш за ўсё той, хто мае ў жывым сузіранні мноства фактаў і з’яў, ды ў той жа час ніколі не забываецца пра цэлае. Аўтары альбома паказваюць мастацкі працэс не згодна з прынцыпам “выбіральнага сродку”, не як набор дыскрэтных велічынь, акамянеласцей, але менавіта як шматскладнае, шматзначнае адзінае цэлае пад назвай “партрэтвобраз”. Можна сказаць, што ў альбоме ёсць вобраз руху партрэтнага мастацтва ў прасторы і часе — руху пакручастага, незвычайнага, падчас выпадковага, але і заканамернага ў першую чаргу. Быццам на нашых вачах нараджаюцца, відазмяняюцца формы, сродкі выразнасці, пластыка, абліччы людзей, якія крышталізуюцца ў пэўны парадак, перастройваюцца, урастаюць у новыя “фармацыі”, забываюцца, каб у свой час зноў аднавіцца, займець іншы сэнс.
У рабоце над альбомам прынялі ўдзел складальнікі Ніна Марчанка і Надзея Усава, кіраўнік праекта і аўтар уступнага артыкула дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзімір Пракапцоў, а таксама больш за 10 вядомых мастацтвазнаўцаў — аўтараў анатацый.
Падагульняючы артыкул “Ад выдавецтва” — зварот да чытачоў з заклікам “праз пэндзаль выдатных мастакоў — “пабачыць і асэнсаваць свет і людзей”, падрыхтавала дырэктар выдавецтва Ліліяна Анцух.
Кніга-альбом — гэта цудоўны падарунак усім, хто цікавіцца выяўленчым мастацтвам, а таксама — своеасаблівы даведнік для наведвальнікаў музея і турыстаў.

Барыс КРЭПАК