Балетны пераход да лета

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

11 чэрвеня Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі ўрачыста адкрые свой штогодні праект “Балетнае лета ў Вялікім”. Але гэта не значыць, што да пачатку гэтага фестывалю ў нас не было значных харэаграфічных падзей — наадварот! Пад знакам харэаграфіі, прычым самых розных кірункаў, прайшоў увесь канец мая і першыя летнія дні: пераход да новай пары года быў не проста плаўным, а папраўдзе пластычным. Што ні кажыце, а пластычнасць і эвалюцыйнасць — у чымсьці блізкія па сэнсе.

/i/content/pi/cult/853/18116/018.jpgШукаем таленты

Эвалюцыйны шлях харэаграфічнага мастацтва быў заяўлены правядзеннем яшчэ аднаго фэсту з красамоўнай назвай — Dance evolution, што прайшоў 23 мая ў Маладзёжным тэатры эстрады. Больш за 25 калектываў і, агульнай колькасцю ўдзельнікаў, больш за 450 чалавек — лічбы ўражваюць. Прагляды ўзначальвала журы, куды ўвайшлі пераважна прадстаўнікі тэатра і БДУКіМ. А галоўнай мэтай, падобна на тое, стаўся гэткі агляд танцавальнага патэнцыялу, пачынаючы з дзіцячага ўзросту: ніжняя планка ўзроставага цэнзу пачыналася ажно з трох гадкоў. Галоўным прызам — магчымасць далейшага ўдзелу ў праектах тэатра і, шырэй, у канцэртным жыцці краіны.

Намінацыі ахоплівалі розныя танцавальныя кірункі: народны танец, эстрадны, сучасны, танцавальнае шоу. І гэта правільна, бо чым больш будзе ахвочых да любых танцавальных праяў, тым большай павагай прасякнецца грамадства да прафесіяналаў, спасцігнуўшы на сваім уласным прыкладзе ўсю не толькі знешнюю прыгажосць, але і ўнутраную складанасць прафесіі.

Ганарымся

Акурат на наступны дзень, бы так і было запланавана з самага пачатку, у Галерэі “Універсітэт культуры”, што знаходзіцца пад дахам Палаца Рэспублікі, пачала працаваць выстава “Паэзія танца”, прысвечаная 25-годдзю Ансамбля харэаграфіі БДУКіМ. На яе адкрыццё сабраліся ўдзельнікі калектыву розных гадоў — сустрэча папраўдзе была незабыўнай.

Пры ўсёй паэтычнасці назвы і мастацкасці фотаздымкаў, што спынілі на імгненне імклівы танцавальны рух, выстава атрымалася вельмі інфарматыўнай. Бо акрамя фота, там былі прадстаўлены сцэнічныя строі калектыву, іх шматлікія эскізы. Узнікла таксама суцэльная “сцяна радасці”, цалкам аддадзеная ўзнагародам: дыпломам пераможцаў міжнародных конкурсаў, падзякам, ганаровым граматам, прызам. Але самае галоўнае, мабыць, тое, што харэаграфічнае мастацтва было прадстаўлена не толькі “спыненымі імгненнямі”, хай сабе і вельмі прыгожымі, але і дзейснымі, рухавымі. Вядома, у спецыфічнай прасторы Галерэі карагод не разгорнеш. Але арганізатары паклапаціліся пра тое, каб выступленні калектыву можна было паглядзець у запісу на экране. Сучасны музейна-выставачны падыход! І адначасова — моцны стымул для наведвальнікаў адчуць уласную прагу да руху і паразважаць над філасофскім сэнсам гэтага дзеяння.

Глядзім і разважаем

Убачыць розныя кірункі сучаснага танца, зведзеныя ў аднаактовыя харэаграфічныя спектаклі (і, дарэчы, з удзелам выпускнікоў кафедры харэаграфіі БДУКіМ), можна было ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. Асаблівасцю гэтага калектыву з’яўляецца тое, што ў яго складзе не адна трупа, а дзве: акрамя драматычных акцёраў, ёсць яшчэ артысты балета. Таму і ў афішы тэатра раз-пораз з’яўляюцца адмысловыя пластычна-танцавальныя спектаклі. Гэтым разам адзін за адным, з разбежкай роўна ў тыдзень, на Камернай сцэне прайшлі прэм’еры харэаграфічных спектакляў “Прыгажосць” і “Пасляпаўдзённы адпачынак”. У абодвух задзейнічаны адныя і тыя ж артысты — практычна адным складам: чацвёра дзяўчат і хлопец. Але працуюць яны ў розных стылістыках — у адпаведнасці з аўтарскімі задумамі розных харэографаў.

“Прыгажосць” паставіў Кірыл Балтрукоў, які саліраваў у “… Адпачынку”. Вядомыя песні замежнай эстрады, выкарыстаныя ў якасці музычнай асновы, атрымліваюць пластычнае вырашэнне пераважна эстраднага кірунку. Але гэта не звыклыя “падтанцоўкі”, а самастойная харэаграфічная канва, што ў спалучэнні з песнямі ўтварае новыя сэнсы — пошукаў, знаходак, а часам збянтэжанасці і нават расчаравання. Пры абранай сцэнаграфіі “чорнага кабінета” ўдзельнікі спачатку быццам “дапаўняюць” яе сваім чорным убраннем. Але пад лёгкім пінжаком кожнага бачны рознакаляровыя майкі-футболкі як намёк на творчую і асабістую індывідуальнасць: чырвоная, ружовая, блакітная, сіняя, жоўтая, што пазней зайграюць дадатковымі адценнямі. Сцяна і дзверы, што апрыёры існуюць у гэтай зале (ну, збудавалі так памяшканне), становяцца неад’емнай часткай задумы, нагадваючы пра заканамернасці так званых сайт-спецыфік пастановак, дзе асаблівасці сцэнічнай прасторы не проста ўлічваюцца, а непасрэдна ўключаюцца ў тканіну тэатральнага аповеду. Сярод найбольш запамінальных фрагментаў — скокі ўдзельнікаў на сцяну як сімвал пераадолення, узаемадзеянне саліста Яўгена Іванова са сваімі двума ценямі, што атрымліваюцца ад не самага, мякка кажучы, тэатральнага светлавога абсталявання. А яшчэ — інфернальнае аблічча дзверы з чырвоным падсвятленнем, да якой рушаць героі, ды не наважваюцца ўвайсці. Чым не філасофія жыцця і творчасці?

Невыпадкова гэтая “канцэртная” частка спектакля становіцца толькі прэамбулай далейшага дзеяння. Падзел паміж часткамі акрэслены цалкам відавочна: артысты сядаюць на авансцэну і дэманстратыўна “адпачываюць”. П’юць ваду, выціраюць пот, бінтуюць пальцы, пераапранаюцца — і раптоўна ўскокваюць дзеля паклонаў. Другая частка канчаткова пераводзіць дзеянне ў прыпавесць пра тое, што прыгажосць — гэта вынік нябачнай працы. Але насамрэч тлумачыць пластыку словамі — справа марная. Размоўнае суправаджэнне харэаграфіі, што з’яўляецца пасля ўмоўнага адпачынку, зноў-такі не “ілюструе” ўбачанае, а дадае да яго новыя фарбы і сэнсавыя адгалінаванні.

Яшчэ больш выхадаў у космас асацыяцый і алюзій утварае “Паслапаўдзённы адпачынак” у пастаноўцы галоўнага балетмайстра тэатра Вольгі Скварцовай. Сама назва спектакля адразу вядзе да “Паслапаўдзённага адпачынку фаўна” — сімфанічнай паэмы Клода Дэбюсі паводле аднайменнага верша (а больш дакладна, эклогі) Стэфана Малармэ. Па прапанове Сяргея Дзягілева Вацлаў Ніжынскі паставіў на гэту музыку балет, паказ якога на “Рускіх сезонах у Парыжы” суправаджаўся скандальнай славай. Потым гэтай музыцы неаднойчы даваліся іншыя харэаграфічныя рашэнні, але ж ці магло гэта спыніць нашу Вольгу? Тым больш, што падобны пачатак гэткіх постмадэрнісцкіх “перапрачытанняў” сусветных шэдэўраў быў пакладзены ёй у звароце да “Вясны свяшчэннай” Ігара Стравінскага: той яе балет называўся “Весна священна ли…” (гл. “К” № 33 за 2017 г.).

У цяперашнім можна заўважыць некаторыя ранейшыя прыёмы, але ўжытыя яшчэ больш смела. Гэтак жа часткова скарыстоўваецца ранейшая музыка (у дадзеным выпадку — Дэбюсі), да якой дададзены іншыя фрагменты: тут і ягоны сучаснік Эрык Саці, і пачатак вядомай песні “Трава ля дома” Уладзіміра Мігулі, што калісьці зрабіла імідж гурту “Зямляне”. Але ўсё гэта — у перапрацаваным выглядзе (саўнд-дызайнер — Весялін Румянцаў), з дадаткам разнастайных гукавых эфектаў і тэатральных шумаў.

Цалкам новае лібрэта, якое, тым не менш, адштурхоўваецца ад ранейшых абрысаў. І безліч тонкіх асацыятыўных спасылак: ад позы Фаўна Ніжынскага да шматлікіх біблейска-жывапісных пакладанняў у труну. Але ж спектакль можна ўспрымаць і на побытавым узроўні. Тым больш, што размова ідзе пра самаізаляцыю, якую ў цяперашняй сітуацыі каранавіруса перажылі вельмі многія. Дзверы, канапка-тахта, лядоўня, таршэр — атачэнне-“заточенье” для героя (згаданы вышэй Кірыл Балтрукоў, толькі ў звыклай ролі адметнага артыста). Амаль адразу побач апынаюцца нябачныя яму чатыры дзяўчыны (усё тыя ж Ганна Архіпава, Юлія Асмалоўская і дзве Кацярыны — Герасіменка і Ясюк) з мяккай, зачаравальнай пластыкай — ці то, паводле арыгінала, “німфы”, ці то матэрыялізаваныя думкі, творчыя імпульсы, музы, прывіды. Кожны можа расшыфраваць іх па-свойму.

Гэтак жа па-свойму можна прачытваць змест — неабавязкова з “прывязкай” да пандэміі, а як залежнасць чалавека ад наваколля, духоўнага і матэрыяльнага. Бо тут ёсць вечная філасофская дылема — між замкнёным светам простых побытавых рэчаў і неабсяжным космасам складаных таямніц светабудовы, між прыземленай рэальнасцю і ўзвышанымі марамі. Нарэшце, між цывілізацыяй і культурай. Ці можна знайсці паміж імі гармонію?

Фінал таксама кожны прачытае па-свойму. Хтосьці скажа, што гармонія знойдзена: герой амаль загінуў, прыціснуты канапай, але ўсё ж адарваўся ад таршэра, выйшаў за дзверы, смакуе шакаладны сырок з лядоўні — і назірае за зоркамі. А хтосьці ўбачыць тонка прыхаваную іронію: маўляў, на ўсё гэтае герой глядзіць праз жудасна скрыўленае-зламанае “акно ілюмінатара”, бо песня даецца ў “канфліктнай” апрацоўцы. З’ядае сырок і… зноў прымайстроўваецца спаць.

Падвынікоўваем

Дзень абароны дзяцей быў адзначаны канцэртам уганараванай Балетнай школы Вежнавец на сцэне Вялікага тэатра — між іншым, з нумарамі са спектакляў Валянціна Елізар’еава. Ды ўсё ж самая значная харэаграфічная падзея напярэдадні “Балетнага лета” — юбілей народнай артысткі Беларусі Людмілы Бржазоўскай. Яе гераіні, беручы прыклад са сваёй гаспадыні, былі ўвасабленнем самой чалавечай душы — жывой і “матэрыялізаванай”, пазбаўленай меркантыльнасці і залежнасці ад усяго, акрамя мастацтва. Учора Людмілу Генрыхаўну віншавалі ў балетным класе: яна працягвае працаваць у Вялікім тэатры педагогам-рэпетытарам. А ў канцы чэрвеня ў яе гонар будзе дадзена “Лебядзінае возера” — менавіта з яе выхаванкамі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"