А на Дворнай сустракала цукерня

№ 23 (1514) 05.06.2021 - 12.06.2021 г

“Не магу заснуць на лецішчы — задыхаюся, — скардзіцца сусед, — а вось дома ў Мінску сплю, як забіты”. Свежае паветра стала шкодным для здароўя? Свет перакуліўся! Новай зямлі прагнуць хіба што героі хрэстаматыйнай літаратуры. Чым адрозніваецца ячмень піваварны ад ячменю простага памятаюць толькі ссівелыя перадавікі сельгасвытворчасці. А іх унукі даўно і з поспехам “арандуюць” гарадское неба з асфальтам, на якім ячмень чамусьці не родзіць… Мы супакойваем сябе думкай, што ва ўсім свеце так: буяюць гарады, ніякавеюць вёскі. Што будзе з акіянам, калі засохнуць крыніцы? А цяпер пра тое, што мне сэрца грэе: наша вёска чапляецца за жыццё ўсімі клубамі сваімі і бібліятэкамі. Імі, я ўпэўнены, і адраджацца пачне.

/i/content/pi/cult/853/18113/013.jpgТак што як па мне, дык любая ўстанова культуры ў беларускай вёсачцы — гэта помнік нацыянальным мастацкім адметнасцям, на якіх у краіне літаральна ўсё і трымаецца: ад нацыянальнай эканомікі да нацыянальнай адукацыі.

Сённяшняя рэдакцыйная пошта радуе сваёй разнастайнай неабыякавасцю. Навіны, можна сказаць, на любы густ. Пачнем. У адным з нумароў “К” мы анансавалі фестываль кнігі “#ЧЫТАЙГОМЕЛЬ”, асноўным арганізатарам якога выступілі Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка і гарадское аддзяленне Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Свята аматараў кнігі і чытання адбылося 22 мая. Чым канкрэтна запоўніўся адметны фэст, што ладзіцца ўжо ў трэці раз? Не толькі ёмістасцю (за дзень адбылося больш за 60 мерапрыемстваў), але і вытанчанай яскравасцю. Мяркуйце самі, можна было не толькі набыць кнігу сучасных аўтараў, але і сустрэцца з імі, паразмаўляць ды атрымаць аўтограф. А на Бібліятэчным бульвары рэй вялі 23 бібліятэкі горада і вобласці, распавядалі пра стогадовыя юбілеі з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа, прапаноўвалі конкурсы, гульні, выставы, з гатоўнасцю ладзілі экскурсіі з дапамогай літаратурнай карты Гомельшчыны. Дзейнічала і чытальная зала пад адкрытым небам. Дэманстраваліся савецкія плакаты 1920 — 1930-х гадоў пра чытача і чытанне. Гомельскі калекцыянер Аляксандр Шаліпаў прэзентаваў падборку экслібрысаў апошніх вякоў. А інтэрактыўная пляцоўка “Крыптаграфія або тайнапіс” прапаноўвала пазнаёміцца з бестыарыямі (сярэднявечнымі энцыклапедыямі пра міфічных і рэальных жывёл) і далучыцца да мастацтва складання тайнага паслання. Я нават і паловы цікавостак не пералічыў. А няма ў гэтым патрэбы. Калі зачапіла, выдумляйце свой фэст. Творчая канкурэнцыя — рухальнік мастацтва. Зайздрасць у творчасці — рэч для здароўя не надта добрая. Лепей самому апярэджваць у справах думкі іншых.

Наступная навіна — не менш эксклюзіўная. Піша метадыст Смаргонскага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова: “22 мая адбылася прэзентацыя шыльдачак з гістарычнымі назвамі смаргонскіх вуліц. Іх на будынках з’явілася ажно 12 штук. На кожнай пазначаны гістарычная назва, да прыкладу, Скамарохавая, альбо Мядзведжая, і назва сённяшняя — вуліца Танкістаў. Змест шыльдаў прапанаваны мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеем і райвыканкамаўскім аддзелам спорту і турызму. Шыльдачкі ёсць і на знакамітых будынках, да прыкладу — на цукерні. Падчас прэзентацыі былі паказаны анімацыйныя тэатралізаваныя дзеі. На Скамарохавай з’явіўся павадыр з мядзведзем, які распавёў пра знакамітую Мядзведжую акадэмію. А на вуліцы Дворнай да гараджан выйшлі гаспадар цукерні — Шульман са сваёй жонкай”.

Аднаму з беларускіх кірмашоў у жніўні — 300 гадоў. Якому? Правільна, Ганненскаму ў Зэльве! Быў там, пісаў пра згаданы брэнд (калісьці ці не сусветны), зразумеў, што раённы цэнтр жыве ад кірмашу да кірмашу. Жыве не гульма гуляючы, а напружанай падрыхтоўчай працай да важнай падзеі, якая ў XVIII стагоддзі па значнасці саступала толькі лейпцыгскім кірмашам. Намеснік дырэктара Зэльвенскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Матвейчык распавядае: “Гулянні мы запланавалі на 20 і 21 жніўня. Свята пачнецца на вадасховішчы. Адпачынак з вудай і заплыў на чым знойдзецца здавён сталі традыцыяй. А яшчэ можна будзе ўзвесці замак на пяску, паўдзельнічаць у конкурсе “Рыбныя смакі”. На наступны дзень свята працягнецца на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка на чале з гаспадаром кірмашу Антоніем Казімірам Сапегам. Тут пройдуць і раённыя дажынкі. А на падворках сельгасарганізацый і сельсаветаў можна будзе пазнаёміцца з прадстаўнікамі творчых калектываў, аграсядзіб і суб’ектаў малога бізнесу. І які кірмаш без гандлёвых радоў! Завяршыцца дзея балем у Сапегі”.

У Ружанскім (Пружанскі раён) палацавым комплексе працуе персанальная выстава Святланы Несцеравай, якая кіруе клубам сталых людзей пры Пружанскім Палацы культуры, з’яўляецца намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі Пружан, старшынёй мясцовага савета ветэранаў. Малодшы навуковы супрацоўнік Ружанскага палацавага комплексу роду Сапег Алена Паляшчук пераканана, што Святлана Мікалаеўна — цудоўная майстрыха. Вышыўкай яна займаецца больш за 22 гады і аддае перавагу карцінам рэлігійнай тэматыкі. А выстава (25 работ) называецца “Іголкай, як пэндзлем”.

“Шляхецкі фэст “Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх”, —распавядае вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна, — сабраў жыхароў Жамыслаўскага краю 22 мая. Імпрэза, прысвечаная графскаму роду, адбылася на фоне старадаўняй музыкі. Прагучаў і Жамыслаўскі вальс, а на Алеі жыцця высаджваліся ружы. Упершыню выступіў лідскі рыцарскі клуб “Залаты леў”. Выступілі народныя вакальныя ансамблі “Юрацішкаўскі кірмаш”, “Спадчына” і “Варажэя” з гарадскога пасёлка Юрацішкі, аграгарадкоў Лаздуны і Ліпнішкі”.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Наталля Лышчык напісала пра акцыю “Горад з кнігай”. Праект рэалізоўваўся разам са старшакласнікамі гімназіі № 2. У парку, на стадыёне і дзіцячых пляцоўках з’яўляліся школьнікі з кнігамі. Маладыя людзі, хто ўслых, хто пра сябе, чыталі вершы і прозу, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Задумка — нагадаць навакольнаму свету, што апроч інтэрнэту ёсць кніга — спрацавала. Чым менш фармалізму ў дзеяннях, тым больш шчырасці ў стасунках. Пазітыў заўжды справе на карысць.

Надзея Бондар піша. У цэнтралізаванай клубнай сістэме Маладзечанскага раёна прайшоў раённы конкурс самадзейных харавых і вакальных калектываў “Паклон табе, мой беларускі край”. Майстэрства прадэманстравалі 11 творчых калектываў. Гран-пры атрымаў вакальны гурт “Элегія” Аляхновіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Нізка слонімскіх навін. 23 мая народны вакальны ансамбль “Славяначка” з Сянькоўшчынскага Цэнтра культуры і народны ансамбль адной песні “Жывіца” Васілевіцкага Цэнтра народнай творчасці прынялі ўдзел у рэгіянальным свяце-конкурсе вакальна-харавога мастацтва. “Спеўнае поле” ў Пружанах. А дадому вярнуліся з дыпломамі першай і другой ступені.

Дыпломам другой ступені абласнога фестывалю-свята бытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму” ў намінацыі “Побытавы танец” ушанаваны Васіль Шоць і Алена Давыдзенкава з Жодзішкаўскага Дома культуры Смаргонскага раёна.

А ад Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры ў “Танцах па-даўнейшаму” бралі ўдзел пяць пар. Загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ларыса Ланіна напісала, што дыплом першай ступені атрымалі Павел Мурага і Мар’яша Кузьма з Матвееўскага Дома культуры.

У рамках акцыі “Ваенная агітбрыгада”, якая пачалася ў маі і працягнецца да 3 ліпеня, мяркуецца правесці канцэртныя праграмы ў маланаселеных і аддаленых вёсках Слонімскага раёна. У маі агітбрыгада сумесна з работнікамі сельскіх клубных устаноў выязджала ў 11 вёсак. А перасоўная бібліятэка дэманстравала літаратуру па тэматыцы “Народ. Перамога. Памяць”.

Наш сталы пазаштатны аўтар Ала Лялькіна — начальнік аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці — распавяла пра выставы жывапісца Ніны Федарыставай з Віцебска і ганчара ды ткачыхі Сяргея і Ганны Рымдзёнак з Шаркаўшчыны. Ніна Лявонаўна прадстаўляе больш за 40 палотнаў, аб’яднаных любоўю да Бацькаўшчыны. Сяргей Рымдзёнак больш за 20 гадоў займаецца ганчарствам, заснаваў Дом ганчара. А яго жонка Ганна — валодае тэхнікай ручнога і станковага ткацтва. Так што выставы прэзентуюць лепшае, што ў нас ёсць у згаданых жанрах беларускага мастацтва.

Пішыце пра цікавае і здзіўляйце!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"