Візіт Патрыярха

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

23 кастрычніка пачаўся афіцыйны візіт Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ у нашу краіну. Адна з першых яго сустрэч з грамадскасцю ў гэты ж дзень адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі...

 /i/content/pi/cult/181/1811/Vizit.jpg
Сёння завяршылася наведванне Рэспублікі Беларусь Найсвяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем ІІ. Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы ўзначальваў урачыстасці, прысвечаныя 1020-годдзю Хрышчэння Русі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні Алексія ІІ, а таксама Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ордэнам Пашаны за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і культурных сувязей паміж народамі Беларусі і Расіі.
Праграма ўрачыстасцей адкрылася 22 кастрычніка прынясеннем часцінкі мошчаў Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, які хрысціў Русь у 988 годзе. Каб пабачыць святыню, у Мінск з’ехаліся паломнікі з розных куткоў краіны. Прывезеная з украінскай сталіцы праваслаўная рэліквія была кругласутачна даступная для пакланення вернікаў у Свята-Духавым кафедральным саборы.Алексій ІІ прыбыў у Беларусь на наступны дзень. З Нацыянальнага аэрапорта “Мінск-2” ён накіраваўся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзе наведаў выстаўку рэдкай кнігі. Пасля Найсвяцейшы Патрыярх прыняў удзел у Міжнародным “круглым стале” “Хрышчэнне Русі ў лёсах народаў Расіі, Беларусі і Украіны”. На пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні хрысціянства ў айчынных гісторыка-філасофскіх даследаваннях XX-га стагоддзя, распаўсюджвання хрысціянства ў землях Заходняй Русі. У кантэксце гісторыі Праваслаўнай Царквы гаварылі пра дакументы, што захаваліся ў Нацыянальным архіве РБ, ролі праваслаўя ў перыяд раз’яднання Русі і ролі заходнерускіх княжацкіх родаў у зацвярджэнні праваслаўнай духоўнасці, культуры і асветы.— Сёння мы, натхняемыя Святым Духам Божым, знаходзімся на новым этапе асэнсавання вялікай падзеі — Хрышчэння Русі, — сказаў Алексій ІІ. — Уся наша гісторыя вяртае нас да гэтага лёсавызначальнага цуду, які сфарміраваў духоўную, нацыянальную самабытнасць трох братніх народаў, вызначыўшы ім тым самым адметны шлях у гісторыі.
Найсвяцейшы Патрыярх падкрэсліў: навукова-гістарычныя, сацыяльна-культурныя і царкоўна-багаслоўскія змены за апошнія дваццацьгадоў шмат у чым вызначылі шлях развіцця народа, краіны і царквы Беларусі. Пераважная большасць людзей вярнулася да бацькоўскай веры. Яго Найсвяцейшасць падкрэсліў, што шматтомная праваслаўная энцыклапедыя, выданне якой распачалося яшчэ ў 1998 годзе (на сённяшні дзень свет пабачыла 18 алфавітных тамоў), ствараецца пры актыўным удзеле беларускіх навукоўцаў. Ён падарыў Нацыянальнай бібліятэцы адзін з асобнікаў гэтай энцыклапедыі, а таксама 12-томную гісторыю Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Макарыя з каментарыямі на падставе апошніх навуковых распрацовак, і сваю працу аб праваслаўі ў Эстоніі.Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які кіраваў працай “круглага стала”, аддзячыў Алексію ІІ ад імя ўсіх прысутных і паднёс дакладную галаграфічную копію Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Першы дзень знаходжання Кіраўніка РПЦ у Беларусі завяршыўся наведваннем сталічнага Дома міласэрнасці.
Праграма наведвання Алексіем ІІ нашай краіны ўключала правядзенне ім 24 кастрычніка ўрачыстага набажэнства ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, перадачу ў дар гэтаму праваслаўнаму храму набору еўхарыстычных прадметаў. У праграме візіту Найсвяцейшага Патрыярха — сустрэча з вышэйшым кіраўніцтвам нашай дзяржавы, наведванне канцэрта ў Вялікай зале Палаца рэспублікі, а 25 кастрычніка — азнаямленне з выстаўкай “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны і Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі, гашэнне памятнай паштовай маркі ў гонар 1020-годдзя Хрышчэння Русі, заканчэнне чыну асвячэння прыходскага храма Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад Мінскам, паездка да Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай, а таксама да драўлянай царквы ў імя Святой Жываначальнай Троіцы. 

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА