Прывід “Чорнай панны…” вяртаецца

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

27 — 28 мая Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы аднавіў спектакль “Чорная панна Нясвіжа”, пастаўлены рэжысёрам Валерыем Раеўскім амаль 20 гадоў таму.

/i/content/pi/cult/852/18105/23.jpgКалі больш дакладна, дык тая колішняя прэм’ера ладзілася 29 снежня 2000 года — літаральна за два дні да пачатку новага тысячагоддзя. Спектакль, як і аднайменны твор Аляксея Дударава, — гэта аўтарскі, на свой лад трансфармаваны пераказ гісторыі пра каханне Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл: пасля заўчаснай смерці маладая жанчына стала зданню ў Нясвіжскім палацы. Дзякуючы мастаку Барысу Герлавану, тая пастаноўка заставалася адной з самых прыгожых. Дый увогуле, багата касцюмаваныя спектаклі, дзе гераіні ледзь паспяваюць змяняць сукенкі,  — мара многіх гледачоў і асабліва глядачак.

Цяперашнюю прэм’еру, як з гонарам паведамілі ў тэатры напярэдадні, рыхтавалі ўсяго месяц. У ролі Боны Сфорцы выйшла Ала Ельяшэвіч, якая без малога паўстагоддзя працуе ў Купалаўскім. Барбарай (і адначасова падобнай да яе распусніцай Бжэнкай) паўстала Таіса Увядзенская. Былая гамяльчанка, яна дзевяць гадоў таму атрымала акцёрскую адукацыю ў Вышэйшым тэатральным вучылішчы (інстытуце) імя М.Шчэпкіна пры Дзяржаўным акадэмічным Малым тэатры Расіі, некаторы час іграла ў Маскоўскім абласным тэатры імя А.Астроўскага, потым — у разнастайных антрэпрызах. І нарэшце вярнулася ў Беларусь. Жыгімонтам выступіў Міхаіл Світа, які ў “Паўлінцы” іграе пана Быкоўскага. Васіль Сушыцкі, што паспеў пабываць бацькам Паўлінкі, цяпер ператворыцца ў Радзівіла Рудага. Станіслаў Арцем’еў — у Радзівіла Чорнага. Далучыўся да каманды і Уладзімір Іваноў (Мнішак, памагаты Сфорцы). Ён працаваў у Маладзёжным тэатры, ТЮГу, Тэатры-студыі кінаакцёра, а пачынаў свой творчы шлях з РТБД, калі той яшчэ называўся “Вольнай сцэнай”. І сярод іншых роляў удзельнічаў там у спектаклі па п’есе Раісы Баравіковай “Барбара Радзівіл”.

Але ж акцёрскі склад “Чорнай панны Нясвіжа” гэтым не вычэрпваецца, бо спектакль насамрэч “густанаселены”, у тым ліку фрэйлінамі і анёламі.