Адрадзіць старую сядзібу...

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Райца. Клопат сучасніка
У мінулым нумары “К” мы распавялі нашым чытачам пра палац роду Радзівілаў у Паланечцы (Баранавіцкі раён), які нядаўна займеў гаспадароў і пачынае аднаўляцца. У той публікацыі была згадка пра іншыя прыклады, удалыя і не вельмі. Сёння мы распавядзем пра ўдалы прыклад — сядзібу роду Раецкіх-Верашчакаў-Жалтоўскіх у Райцы (Карэліцкі раён). Ад якой да Паланечкі, дарэчы, зусім побач, нейкіх дваццаць кіламетраў на паўночны захад. Гэтай публікацыяй мы працягваем серыял пад умоўнай назвай — “Маёнткі і людзі”. Дзесяць гадоў таму Райца таксама ўжо трапляла ў фокус цікавасці нашай газеты (гл. “К” № 43, 2011 год). Тады яна толькі год як выйша з “піке” заняпаду…

/i/content/pi/cult/852/18103/18.jpgГісторыя Райцы

Кароткія і змястоўныя нарысы па гісторыі гэтага маёнтка маюцца ў працах такіх вядомых даследчыкаў, як Раман Афтаназы (1992 год) і Анатоль Федарук (2015 год). Кніга спадара Федарука — “Старажытныя сядзібы Беларусі. Карэліцкі раён” — выдатны дапаможнік для тых, хто вандруе па гэтаму кутку Гарадзеншчыны. Бо ў адрозненне ад працы Афтаназы, які давёў гісторыю сядзіб і палацаў толькі да 1939 года, “Старажытныя сядзібы” ахопліваюць і паваенныя часы.

Першая згадка гэтага маёнтка прыпадае на 1510 год, калі Райца належала Багушу і Мішке Верашчакам. Далей гаспадарылі ў ёй, па чарзе, Наўмовічы і Гаштольды. Але ў другой палове XVI стагоддзя Райца стала ўласнасцю роду, які ўзяў прозвішча ад назвы маёнтка. Так у Райцы загаспадарылі Раецкія (Дунін-Раецкія). Пасля смерці Атона (1838 год), сына наваградскага маршалка Францішка Раецкага, маёнтак перайшоў у спадчыну да старэйшай дачкі Францішка, Людвікі. А тая “прынесла” Райцу свайму мужу — наваградскаму маршалку Юзафу Верашчаке. Ва ўласнасці Верашчакаў маёнтак заставаўся да 1898 года, калі Казімір, сын Юзафа, перадаў Райцу сваяку Ваврынцу Путкамеру, унуку той самай Марылі Верашчакі, у якую быў закаханы Адам Міцкевіч(!). Але абраннікам прадстаўніцы заможнага роду стаў граф Ваврынец Путкамер. Бо нельга было дапусціць, каб у сям’ю Верашчакаў увайшоў прадстаўнік худародных Міцкевічаў, сын нейкага шараговага наваградскага адваката, у якога за душой быў толькі паэтычны талент.

Ад Путкамера ў 1910 годзе Райца перайшла прафесару, графу Адаму Жалтоўскаму, які ажаніўся на дачцэ Варынца Путкамера Яніне. Маёнтак, які стаў летняй рэзідэнцыяй прафесара, часам здаваўся ў арэнду. Пакуль Жалтоўскія не вырашылі падараваць маёнтак жаночаму манаскаму ордэну Палатынак, якія і гаспадарылі ў ім з 1933 па 1943 гады.

Пасля вайны сядзібны будынак выкарыстоўваўся савецкімі ўладамі ў якасці медычнай установы, таму і захаваўся ў адносна добрым выглядзе. Пасля ж вываду вясковай амбулаторыі ў іншае месца, сядзіба была закінута. І, пэўна, падзяліла б лёс падобных будынкаў, якія былі разрабаваны, развалены або спалены нашымі “руплівымі” землякамі, калі б у 2009 годзе на яе не звярнула ўвагу сям’я мінскіх мастакоў.

/i/content/pi/cult/852/18103/19.jpgПрыехаць, каб застацца

У другой палове 1990-х Аляксандр і Вера Салдатавы пераехалі з Мінска на хутар блізу Райцы. Спадар Аляксандр — мастак-іканапісец, спадарыня Вера — майстар-саломкапляцельшчыца сталі ўласнікамі Райцы, можна сказаць, дзякуючы выпадку. Набыць двухсотгадовую сядзібу за адну базавую велічыню, якая ўжо некалькі гадоў стаяла закінутая, ім запрапанавалі мясцовыя ўлады. Яны адмовіліся ад больш “прывабнай” прапановы ад прадпрымальніка, які хацеў стварыць турыстычны комплекс у Райцы. Праўда, дзеля здзяйснення сваіх планаў ён меў намер спярша пазбавіцца “панылай-заброшкі”. Такі варыянт развіцця падзей, акрамя яго, нікога не задавальняў, таму выбар паў на Салдатавых. Дарэчы, нейкім дзіўным чынам, ужо ў незалежнай Беларусі сядзіба ў Райцы была пазбаўлена статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, які яна яшчэ мела ў 1980-х гадах.

Вось так, з 2009 года, пачалося адраджэнне Райцы. А вясной 2010 года, пасля афармлення ўсіх неабходных папер, Салдатавы пераехалі ў сядзібу. На той час сам будынак ледзь праглядаўся праз тапаліную парасць. Таму першай справай стала барацьба з кустоў’ем. Прыйшлося наводзіць парадак і ў самой сядзібе, аднаўляць печы, рамантаваць дах. Так, крок за крокам, сядзіба пачала ажываць і напаўняцца жыццём.

Ідэя ўстроіць у сядзібе агра-балявальню гаспадарамі нават не разглядалася. А вось людзям творчым і тым, хто шануе такія зацішныя куткі, тут заўсёды рады. І гэта не галаслоўнае сцвярджэнне. Бо на нейкі час і мы знайшлі прытулак пад райчанскім дахам. Днём робячы краязнаўчыя вандроўкі ва ўсе бакі свету, а ўвечары, на ганку сядзібы, з кубкам кавы размаўляючы на розныя прыемныя тэмы. Як тут і было, дарэчы, сто ці дзвесце гадоў таму...

Пры сядзібе за гэты час быў створаны сапраўдны музейчык, які ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі. Аднойчы ў сядзібу патрапіла крэсла, якое, верагодна, паходзіла з маёнтка Варончы роду Чарноцкіх. Магчыма, гэта ўсё, што засталося ад некалі спаленай сядзібы.

Але ёсць і іншыя экспанаты, гісторыя якіх не такая сумная. Напрыклад, калекцыя старых ключоў, прасаў і, вядома ж, шыкоўных вырабаў з саломкі спадарыні Веры, якая з ахвотай усім зацікаўленым распавядае пра сакрэты майстэрства, музей і пра гісторыю маёнтка. Можна нават зазірнуць і ў майстэрню спадара Аляксандра і паслухаць ягоную частку экскурсіі.

Зразумела, падняць такі маёнтак, не маючы сродкаў, якімі валодалі Раецкія ці Верашчакі-Путкамеры, задача не простая. Але праца ідзе. Год таму распачаліся маштабныя працы ў левым крыле сядзібы, дзе плануецца зрабіць залк. Працягваюцца яны і сёння.

Справы аднаўлення

Што ж да тэрыторыі маёнтка, то тут без дапамогі валанцёраў, відаць, не абысціся. Вельмі старыя дрэвы, якія маглі нарадзіцца яшчэ ў ВКЛ і чуць бразгатанне зброі падчас “Апошняга наезда на Літве” (Пан Тадэвуш), усё ж, паступова адыходзяць у вечнасць. Чым ствараюць пэўную небяспеку. Нядаўна была прыбрана старая спарахнелая таполя, якая пагражала адзінаму ў Беларусі васьмітычынкаваму каштану, помніку прыроды рэспубліканскага значэння.

Вясной у Райцу на некалькі дзён прыехала група валанцёраў. Іх клопатам быў вычышчаны кавалак колішняга парку. Жадаючым дапамагчы гаспадары будуць толькі рады, бо працы хапае. А ўзамен гарантуюць дах над галавой і цёплы прыём. Рады бачыць у маёнтку і мастакоў. Не толькі “ў гасцях”, але і на пленэры. І ў маёнтку, і ў вёсцы ёсць на што паглядзець і на чым спыніць вока.

Сам будынак сядзібы натхняе ўзяцца за пэндзаль. Пабудаваны з дрэва недзе напачатку ХІХ стагоддзя, потым атынкаваны, ён уяўляе з сябе тыповую вялікалітоўскую шляхецкую сядзібу. Такія, і падобныя ім, раней былі ў кожным сярэднезаможным маёнтку. У Грушаўцы (род Рэйтанаў), у Чомбраве (Узлоўскіх) — не хопіць месца, каб усе пералічыць. Большасць з іх згінула без следу ў дыме Першай сусветнай вайны. Потым сваю “лепту” ўнесла і Другая… Тыя сядзібы, якія засталіся — неацэнны скарб, які неабходна любым клопатам берагчы, аднаўляць. Бо іншых ужо не будзе. І перадача за адну “базавую велічыню” можа быць рэальным шанцам на выратаванне. Таму патрабаваць на аўкцыёнах нейкія шалёныя грошы за палацыкі і сядзібы (яны, бывае, на вачах развальваюцца) не самы дальнабачны крок.

Што да сядзібы ў Райцы, то нагадаем, што за сядзібай, калі прайсці наперад, захаваўся велізарны каменны слуп з выявай герба “Лебедзь”. Калі ён быў усталяваны, з якой нагоды, існуюць толькі здагадкі. Анатоль Федарук падае такую версію. Каменны слуп быў пастаўлены Францішкам Раецкім у памяць пра сына Атона, які памёр ва ўзросце 17 гадоў. Раней да слупа ад сядзібы вяла ліпавая алея. А зверху на ім стаяла скульптура Божай маці з дзіцём, перавезеная з капліцы-пахавальні князёў Шуйскіх. Побач з гэтым слупом знаходзіцца магіла манашкі Чаславы Малёк (1913 — 1938), адзначаная памятным камянём.

А яшчэ там непадалёк старая цагляная грамадская прыбіральня, якую варта было знесці яшчэ дзесяць гадоў таму. Бо такое суседства не зусім дарэчнае. І, быццам бы, ніхто не супраць, але рук не хапае.

Капліца-царква

У 1817 годзе Францішак Раецкі пабудаваў на дамінуючым пагорку, насупраць сядзібы, капліцу-пахавальню роду Раецкіх. Здалля яна крыху падобна на сярэднявечны замак. Быў раней у яе вежы гадзіннік, а зверху стаяла скульптура Божай маці. У 1863 годзе, пасля паразы вызвольнага паўстання, капліцу перарабілі на праваслаўную царкву. У 2000 годзе, пасля гадоў занядбання, яе аднавілі. Ёсць у храме свой невялічкі музейчык. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — метрычныя запісы мясцовага прыходу на беларускай мове, праўда, толькі часоў Другой сусветнай вайны.

Зварот-абвестка

На завяршэнні хочацца дадаць, што зусім побач з Райцай, у некалькіх кіламетрах, ёсць вёсачка Малюшычы. Там 24 чэрвеня 1796 года нарадзіўся славуты паэт-рамантык, фалькларыст Ян Чачот. Адна з зорак беларускай філамацкай кагорты, з якой выйшлі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка і многія іншыя, можа, не такія вядомыя ў наш час асобы. Сёлета мы маем цудоўную нагоду адзначыць 225-ю гадавіну нараджэння Яна Чачота не толькі ў межах усёй Беларусі, але і на яго малой радзіме. З гэтай нагоды мы звярнуліся да гаспадароў Райцы з прапановай правесці ў іх маёнтачку вечарыну памяці Яна Чачота і другога юбіляра — Тамаша Зана, чые 225 гадоў нараджэння прыйдуцца на гэты год. Запрашаем усіх зацікаўленых падтрымаць імпрэзу ўдзелам і прысутнасцю!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар