Папраўшы міжнароднае права

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г


 

Алена Лазарава, прадстаўнік Саюза беларусаў Латвіі, Рыжскага беларускага грамадства “Прамень”, член Кансультацыйнага камітэта прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцяў пры Міністэрстве культуры Латвійскай Рэспублікі:

“24 мая падчас правядзення Чэмпіяната свету па хакеі ў Рызе адбыліся нечаканыя падзеі, якія ўскалыхнулі не толькі латвійскую грамадскасць, але і мелі міжнародны рэзананс.

Каля гасцініцы “Латвія”, дзе пражываюць зборныя каманд-удзельніц чэмпіянату, мэр Рыгі Марціньш Стакіс, які нядаўна выконвае свае абавязкі, зняў дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і замяніў яго на бел-чырвона-белы. Яшчэ ў пяці месцах, дзе размяшчаліся сцягі краін-удзельніц чэмпіянату, дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь быў заменены на сцяг Міжнароднай хакейнай федэрацыі. Аднак ужо 25 мая Рэнэ Фазель, прэзідэнт Міжнароднай хакейнай федэрацыі, у сваёй афіцыйнай заяве асудзіў гэтыя дзеянні Латвіі, як арганізатара чэмпіянату свету па хакеі, і запатрабаваў прыбраць неадпаведныя міжнароднаму пратаколу сцягі.

Ёсць правілы размяшчэння дзяржаўнай сімволікі падчас правядзення афіцыйных міжнародных мерапрыемстваў і іх неабходна выконваць арганізатару падобных мерапрыемстваў. Спадар Стакіс гэта прызнаў, і пазней неадпаведныя міжнародным устаноўкам сцягі былі знятыя.

Хакейная каманда Рэспублікі Беларусь працягвае свой выступ у чэмпіянаце, аднак удзел міністра замежных спраў Латвіі Эдгара Рынкевіча ў гэтых падзеях прывяло да таго, што дзве суседнія краіны апынуліся ў дыпламатычным крызісе.

Са свайго боку мы выступаем за больш хуткае ўрэгуляванне недарэчнага канфлікту. Сфера культуры заўсёды застанецца адкрытай для далейшага супрацоўніцтва, як, зрэшты, і спорт павінен прыносіць радасць як удзельнікам, так і заўзятарам. Цяперашняму кіраўніцтву горада Рыгі хачу пажадаць працаваць у рамках сваёй кампетэнцыі, паважаць і выконваць міжнароднае права і выбудоўваць добрасуседскія адносіны з Беларуссю”.

Людміла Аннус, кіраўнік беларускага грамадства “Сябры” (Нарва, Эстонія), член Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Рэспублікі Беларусь:

Ад імя членаў праўлення беларускага грамадства “Сябры” з Эстоніі хачу выказаць наша агульнае абурэнне ў сувязі з апошняй падзеяй у Рызе. Выклікае здзіўленне, калі мэр і міністр замежных спраў Латвіі ў парушэнне міжнародных пагадненняў здымаюць дзяржаўны сцяг РБ і мяняюць яго на бел-чырвона-белы. Культурныя межы міжнароднага права былі парушаны, безумоўна.

Ёсць краіна, ёсць яе дзяржаўныя сімвалы і НІХТО, акрамя самой краіны не можа іх змяняць. На жаль, у апошні час пайшла так званая вайна сцягоў… У Стакгольме на Чэмпіянаце свету па фігурным катанні прыбралі сцяг Расіі, як і ў Варшаве — на чэмпіянаце па шашках...

У гэтай сувязі хацелася б запытацца ў дадзеных спадароў з Рыгі: а калі б у 2014 годзе ў добразычлівым Мінску на Чэмпіянаце свету прыбралі дзяржаўны сцяг Латвіі? Як бы вы гэта ўспрынялі?

Лічым, што ўсе нападкі на нашу гістарычную Радзіму надуманыя і відавочна справакаваныя дзеля звяржэння не асабіста Лукашэнкі, а таго ладу, які дапамагае Беларусі жыць у міры і спакоі.

Беларусы Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці таксама выказалі заклапочанасць у сувязі з беспрэцэдэнтнымі дзеяннямі мэра горада Рыгі і міністра замежных спраў Латвіі:

“24 мая мэр Рыгі Марціньш Стакіс і міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч замянілі дзяржаўны сцяг Беларусі ў цэнтры латвійскай сталіцы на бел-чырвона-белы, тым самым перакрэсліўшы ўсе дыпламатычныя і пратакольныя працэдуры. Дадзенае дзеянне выходзіць за рамкі прынятых ва ўсім свеце традыцый і супярэчыць нормам міжнароднага права.

Усё гэта можа негатыўна адбіцца на беларускіх грамадзянах і спартсменах, якія зараз знаходзяцца за межамі рэспублікі. Спорт традыцыйна знаходзіцца па-за палітыкай, як, зрэшты, і культура.

Мы не можам прыняць самавольныя дзеянні прадстаўнікоў латвійскіх уладаў. Не факт, што яны адказваюць і ўнутраным інтарэсам інтэрнацыянальнага горада Рыгі, у якім жывуць людзі розных нацыянальнасцяў.

Замена сцяга на Чэмпіянаце свету можа стаць адным з чарговых дзеянняў, накіраваных супраць Рэспублікі Беларусь. У беларускага народа дастаткова сіл, волі і магчымасцяў для таго, каб самастойна вырашыць свой лёс”.