Фонды ажывуць у “чырвоных казармах”

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Брэсцкім абласным і Бярозаўскім раённым выканаўчымі камітэтамі быў абвешчаны конкурс эскізных праектаў стварэння (рэканструкцыі) памятнага знака на месцы Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці (аб гісторыі гэтага месца “К” пісала ў нумары № 20 ад 15 мая).

Аб перспектывах узнікнення гэтага мемарыяла распавядае намеснік старшыні Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта Леанід КАЧЫНА.

— Сёння на тэрыторыі колішняга канцэнтрацыйнага лагера, які дзейнічаў у 1934 — 1939 гадах, знаходзіцца памятны знак, усталяваны ў 1962 годзе. Для таго, каб паглыбіць веды аб гэтым месцы і раскрыць яго трагічную гісторыю, арганізаваны конкурс, па выніках якога, з удзелам мясцовых уладаў і грамадскіх арганізацый, будзе вызначана, якім менавіта чынам на базе існага абеліска мусіць быць створаны новы, пашыраны мемарыял.

Сёння тэрыторыя былога канцлагера добраўпарадкаваная. Побач знаходзяцца рэшткі былога кляштара картэзіянцаў XVII стагоддзя, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Непасрэдна будынкі былых царскіх казармаў, у якіх некалі размяшчаліся памяшканні лагера, цяпер выкарыстоўваюцца пад гандлёвыя кропкі, цэнтры культурнага адпачынку і занятасці насельніцтва.

Падчас візіту міністра культуры краіны Анатолія Маркевіча ў Бярозу 17 мая была агучана прапанова вылучыць у будынку так званых “чырвоных казарм” тры памяшканні для стварэння экспазіцыі, прысвечанай падзеям, якія адбываліся ў канцэнтрацыйным лагеры. Міністэрствам культуры вызначаны эксперты, разам з якімі мы будзем займацца пошукам канцэпцыі будучай экспазіцыі. Яна мусіць быць выкананая на высокім прафесійным узроўні з выкарыстаннем сучасных інтэрактыўных тэхналогій. Сёння ў Бярозаўскім краязнаўчым музеі ўжо існуе экспазіцыя, прысвечаная гісторыі лагера, але частка матэрыялаў таксама захоўваецца ў фондах — яны могуць быць выкарыстаныя пры напаўненні новага мемарыяла.