Рэгіёны — Газета — Чытач

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г


— Бярэзінскі раён вядомы на ўсю Міншчыну перш за ўсё тэатральным фестывалем “Бярэзінская рампа”, які праходзіць раз на два гады. Гараджане запаўняюць залу Дома культуры на кожным з конкурсных спектакляў, пастаноўкі ацэньвае слыннае журы. Ці складана арганізаваць высокі ўзровень правядзення фестывалю, і ці цяжка быць актуальным для гледачоў?

Мікалай Пытляк, рэжысёр Бярэзінскага народнага тэатра:

— Праявіць сябе на фэсце “Бярэзінская рампа” хочуць многія абласныя тэатры. Але не ва ўсіх гэта атрымліваецца, бо для падтрымання высокага творчага ўзроўню на нашай пляцоўцы праглядаць спектаклі на месцы прыязджае абласное журы. Як паказвае досвед, лепш за ўсё падрыхтавацца атрымоўваецца ў Слуцкага, Нясвіжскага, Барысаўскага, Жодзінскага тэатраў, нашай трупы. На кожны фестываль імкнемся запрасіць па аднаму гасцявому тэатру з Беларусі або бліжняга замежжа.

Паколькі творчы калектыў наш не прафесійны, а народны, асабіста я, як рэжысёр, перш за ўсё надаю ўвагу не толькі пытанням высокага мастацтва ў тэатральнай пастаноўцы, але ж і яе культурна-асветніцкаму ўзроўню. Ацэньвае фестываль журы з карыфеяў тэатральнага жыцця, узяць хоць бы старшыню Уладзіміра Мішчанчука.

Дарэчы, у 2016 годзе мы правялі рамонт у галоўнай зале тэатра, замянілі кулісы, крэслы, закупілі асвятляльную і гукавую апаратуру. Без гэтага таксама не абысціся.

— У 2019 годзе Бярэзінскі цэнтр рамёстваў атрымаў дзяржаўны статус. Быць можа, гэта неяк паспрыяла вашай працы як маладога спецыяліста ў галіне культуры? Ці падабаецца былым студэнтам у правінцыі?

Карына Карасёва, кераміст Бярэзінскага Цэнтра рамёстваў:

— Я пачала працаваць сёлета ў сакавіку. Дагэтуль адчуваю адказнасць за працяг традыцый нашай слаўнай зямлячкі, члена Міжнароднай акадэміі керамікі Разаліны Бусел, творчая праца якой была адзначана не толькі землякамі, але і ў замежжы: у Польшчы і Аўстрыі. Але я рада таксама, што паглыбляюся ў прафесію менавіта тут, на радзіме. Мяне задавальняе і калектыў цэнтра, і арганізацыя творчай працы. Зараз, напрыклад, я вырабляю сувенірную прадукцыю: гербы Беларусі і горада Беразіно. Акрамя таго, мы часта ездзім на выставы ў іншыя гарады для пераймання вопыту.

Я заўсёды хацела быць дызайнерам, афарміцелем, і вось 3 гады таму паступіла пасля 9-га класа ў Мінскі дзяржаўны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе вывучала яшчэ і выраб скульптуры. У будучыні хачу прапанаваць гораду выставу сваіх карцін і малюнкаў, над якой працую. У жывапісе мне падабаецца рэалізм, а вось у кераміцы, наадварот, абстракцыя. Дарэчы, у Цэнтры я вяду клуб для дзяцей і дарослых аматараў лепкі, які наведвае 12 чалавек. А ўдасканаліцца ў прафесіі рыхтуюся на дызайнерскіх курсах.

— З пачаткам пасяўной кампаніі дадалося працы і для аўтаклубаў. Ці плануюць работнікі культуры падбадзёрыць “рыцараў палёў” у нялёгкай працы?

Любоў Пінчук, дырэктар Бярэзінскага аўтаклуба:

— Гарачая пара для нас усё ж такі не пасяўная, а жніво. У гэты час, падбадзёрываючы хлебаробаў, галоўнае — не перашкаджаць напружанаму рытму работы. Таму аб’язджаем гаспадаркі раніцай, пачынаючы з гаража. Затым ужо наведваем бліжэйшыя вёскі разам з аўталаўкай, якая збірае вяскоўцаў. Ездзім з вакальнай групай “Радасць”, у якую ўваходзяць 9 чалавек, прадстаўнікі самых розных прафесій. Летась мы дадалі новаўвядзенне, праект “Гаварыце”, па якім збіраем хвалюючыя пытанні вяскоўцаў, а пасля перадаем іх у сельскія Саветы. Так што аўтаклубы таксама прыносяць карысць. У гэтым годзе ў нас з’явіўся новы акампаніятар Віталь Быстроў, які ідэальна наладзіў акустычную апаратуру. А, бывае, далучаецца да яго на выезды “ў палі” і вядомы Бярэзінскі гарманіст, лаўрэат многіх дзяржаўных конкурсаў, Міхаіл Папруга. Вядома, мы не абыходзім увагай “святы вёскі”, на якіх, дарэчы, высвятляюцца цікавыя падрабязнасці. Напрыклад, у вёсцы Капланцы, аказваецца, нарадзіўся кампазітар Мікалай Равенскі.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ