САГА пра Беларусь

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

У Год народнага адзінства “К” не магла абмінуць увагай такі важны аспект, як жыццё нашых суайчыннікаў за мяжой. Праз Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур наша газета звярнулася да прадстаўнікоў беларускай дыяспары з розных краін свету. Сёння на пытанні “Культуры” адказвае прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына ГЛУСКАЯ:

/i/content/pi/cult/852/18095/13.jpg— Колькі слоў пра вашу супольнасць, яе гісторыю, удзельнікаў, самыя цікавыя праекты, рэалізаваныя вамі.

— Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Рэспублікі Беларусь (САГА) “Руска-Беларускае Братэрства 2000” створана ў снежні 1999 года, афіцыйна зарэгістравана 27 красавіка 2000 года.

У Самарскай вобласці жыве больш за 9 тысяч беларусаў і выхадцаў з Беларусі і наша дзейнасць накіравана ў першую чаргу на гэтую катэгорыю жыхароў рэгіёна, але разам з тым, з самабытнай беларускай культурай мы знаёмім і іншыя народы, якія жывуць на самарскай зямлі.

Праектаў шмат, большасць з якіх традыцыйна сталі штогадовымі. Да іх можна аднесці беларускі дзіцяча-юнацкі фестываль-конкурс мастацтваў “Беларусь — мая песня!”, які праводзіцца з 2005 года, і конкурс-фестываль дзіцяча-юнацкага мастацтва “Единство” — з 2003 года. Гэтыя два творчых Форума пачыналіся як абласныя мерапрыемствы. Сёння — гэта ўжо Міжнародныя фестывалі, у якіх прымаюць удзел салісты і творчыя калектывы з розных рэгіёнаў Расіі, краін блізкага і далёкага замежжа.

Вельмі важным для нас з’яўляецца рэалізацыя сацыяльна значнага праекта — складанне Рэестра воінаў, якія пайшлі на вайну з Куйбышаўскай вобласці і загінулі, абараняючы і вызваляючы Беларусь, і пахаваны ў беларускай зямлі.

Назаву праекты, якія можна назваць умоўна завершанымі. У жніўні 2015 года беларусы Самарскай вобласці адгулялі беларускае вяселле і не пастановачнае, а сапраўднае, з улікам самабытнай беларускай культуры і традыцый.

У самым сэрцы Расіі на волжскіх берагах наша арганізацыя выступіла ініцыятарам стварэння незабыўнай падзеі з нацыянальным каларытам. Жаніху і нявесце ідэя спадабалася, нашу ініцыятыву падтрымалі і бацькі маладых з абодвух бакоў.

Асаблівую ўвагу і падтрымку беларускае вяселле займела і з боку Дома дружбы народаў Самарскай вобласці і асабіста яго дырэктара Ігара Віктаравіча Бурава, які прыцягнуў да рэалізацыі гэтай ініцыятывы і сваю жонку Юлію Уладзіміраўну, загадчыцу ЗАГСа Самарскага раёна гарадской акругі Самары, якая ўзяла на сябе ўсе клопаты правядзення вясельнага абраду ў час афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу.

/i/content/pi/cult/852/18095/14.jpgЧаму я назвала гэты праект умоўна завершаным? Маладая сям’я цяпер выхоўвае сыночка Цёмку, цудоўнага хлапчука, які як і бацькі любіць нашу гістарычную радзіму — Беларусь...

Да ўмоўна завершаных праектаў я мабыць занясу і выпуск нашага грамадска-папулярнага і літаратурна-мастацкага часопіса “Адзінства”/“Единство”, першы нумар, якога выйшаў 27 красавіка 2014 года. Выданне ўпершыню было прадстаўлена на фестывалі “ПРЭСА — 2014”, які праходзіў у Самары 31 мая 2014 года. Галоўны рэдактар нашага часопіса — Мікалай Іванавіч Бойка, член Беларускага саюза журналістаў. Часопіс прадстаўлены для шырокай аўдыторыі ў друкаваным і электронным фарматах.

У 2020 годзе арганізацыя адзначыла 20-годдзе з дня ўтварэння. За два дзесяцігоддзі мы здолелі назапасіць значны ўнікальны вопыт захавання і развіцця самабытнай беларускай культуры на Самарскай зямлі.

Аналізуючы ўсе мерапрыемствы, якія арганізуе і праводзіць САГА, іх умоўна можна падзяліць на пяць груп: першая група — фестывалі і фестывальныя мерапрыемствы ў Самарскай вобласці; другая група — правядзенне нацыянальных беларускіх святаў у Самарскай вобласці; трэцяя група — візіты і паездкі беларусаў Самарскай вобласці на сваю гістарычную радзіму — Рэспублiку Беларусь; чацвёртая група — удзел творчых калектываў САГА у нацыянальных беларускіх прэзентацыях, выставах і іншых мерапрыемствах Самарскай вобласці, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы; пятая група — супрацоўніцтва САГА з нацыянальнымі аб’яднаннямі іншых этнасаў, якія пражываюць у Самарскай вобласці, Расійскай Федэрацыі, блізкім і далёкім замежжы.

Пры арганізацыі створаны і рэгулярна выступаюць на ўсіх мерапрыемствах: беларускі вакальны ансамбль “Сузор’е”, мастацкі кіраўнік Алена Аляксандраўна Кірылашава, беларускі вакальны ансамбль “Каданс” і яго спадарожнік — Узорны дзіцячы вакальны ансамбль “Очарование”, мастацкі кіраўнік Іна Ігараўна Сухачэўская, харэаграфічны ансамбль “Сяброўкi” і “Мозаика”, мастацкі кіраўнік Наталля Іванаўна Меліхава, сямейны вакальны калектыў “Крыніца”. Гэтыя творчыя калектывы сталі візітнай карткай беларусаў, якія пражываюць на самарскай зямлі.

Для захавання і папулярызацыі лепшых традыцый беларускага народа ў сферы культуры і адукацыі, у рамках падпісаных Дагавораў і Пагадненняў аб адукацыйным і творчым супрацоўніцтве, ажыццяўляецца партнёрства з агульнаадукацыйнымі школамі, Цэнтрам пазашкольнай адукацыі “Творчество”, дзіцячымі музычнымі школамі і школамі мастацтваў гарадской акругі Самары.

Праўленне арганізацыі таксама рэгулярна праводзіць дабрачынныя акцыі для ветэранаў вайны, працаўнікоў тылу і для дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.

— Якую падтрымку ваша суполка на сёння атрымлівае з Беларусі? І якая яшчэ дапамога падаецца вам найбольш істотнай (канцэртныя касцюмы, кніжныя навінкі, метадычна-рэпертуарная дапамога, арганізацыя адмысловых семінараў для кіраўнікоў ансамбляў)?

— За гады актыўнай дзейнасці наша арганізацыя атрымлівала і зараз мае сталую падтрымку гістарычнай Радзімы, якая адлюстроўваецца ў перадачы арганізацыі беларускай літаратуры і нацыянальных касцюмаў.

Перыядычна прадстаўнікі, у тым ліку і кіраўнікі творчых калектываў нашай арганізацыі, праходзяць навучанне ў Міжнароднай летняй школе беларусістыкі. І два кіраўнікі нашых творчых калектываў прайшлі стажыроўку ў горадзе Мінску, арганізаваную Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. Дружны калектыў РЦНК на чале з дырэктарам Вольгай Вітальеўнай Антоненка з намі рэгулярна на сувязі і гатовы аказаць усебаковую дапамогу ў рэалізацыі нашых праектаў.

— Ці часта да вас трапляюць цікавыя госці з Беларусі (дзеячы культуры, навукоўцы і гэтак далей)?

— Штогод у Самары праходзіць Міжнародны фестываль “Кино — детям”. У “Міжнароднай праграме” гэтага Форуму заўсёды свае работы прадстаўляюць і беларускія рэжысёры.

Яркай падзеяй з’яўляюцца адкрытыя Міжнародныя Славянскія чытанні, якія праходзяць у Самары штогод на базе МБАУ Школа № 132, і рэгулярна ў іх праграме ўдзельнічаюць прадстаўнікі з Беларусі. У гэтым годзе ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй Славянскія чытанні праходзілі ў красавіку ў дыстанцыйным фармаце. І, нягледзячы на гэта, па выніках правядзення XVII адкрытых Міжнародных Славянскіх чытанняў для навучэнцаў 3 — 11 класаў у намінацыі “СЛАВЯНСКАЯ КУЛЬТУРА И ХРИСТИАНСТВО” трэцяе месца заняла Валерыя Герасіменка  — Рэспубліка Беларусь, ДУА “Гімназія № 36, г. Гомеля імя І. Мележа”, педагог Уладзімір Дзмітрыевіч Сіндзеяў.

У красавіку гэтага года з візітам Самарскую вобласць наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Уладзімір Ільіч Сямашка.

Крыху раней, але таксама ў красавіку, Самарскую вобласць наведала беларуская дэлегацыя кіраўнікоў прадпрыемстваў. Нашы творчыя калектывы і салісты правялі для гасцей у Доме дружбы народаў Самарскай вобласці невялікую канцэртную праграму.

— Адно з самых важных пытанняў — забеспячэнне пераемнасці пакаленняў. Ці ёсць з гэтым праблемы ў вашай супольнасці — і калі так, дык як вы іх вырашаеце? Можа, падзеліцеся нейкімі канкрэтнымі творчымі “ноу-хау”, якія дазваляюць прыцягнуць увагу моладзі да сваіх каранёў?

— Не сакрэт, што беларусы, якія жывуць у Расійскай Федэрацыі, абруселі, многія не ведаюць наогул беларускую мову і беларускія нацыянальныя традыцыі, ахвотна ўступаюць у шлюбы з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў.

Асаблівае месца ў дзейнасці Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі займаюць пытанні па адраджэнні і развіцці культуры і мовы беларускага народа, захаванню яго самабытнасці, традыцый і звычаяў у Самарскай вобласці. Гэтаму шмат у чым спрыяюць партнёрскія адносіны з адукацыйнымі ўстановамі гарадской акругі Самары. Наша арганізацыя распрацавала свой унікальны праект — Супрацоўніцтва са школамі і ўстановамі дадатковай адукацыі, з бібліятэчнай сеткай.

Так, у перыяд з 2004 па 2021 гады для захавання і папулярызацыі традыцый беларускага народа ў сферы культуры і адукацыі, з ініцыятывы Праўлення арганізацыі, былі падпісаны Пагадненні аб адукацыйным і творчым партнёрстве з Дзіцячымі музычнымі школамі № 7, 9, 17, 20 і Школай мастацтваў №3 “Младость” гарадской акругі Самары, агульнаадукацыйнымі школамі № 36, 123, 124, гімназіі № 2 і ўстановай дадатковага адукацыі ЦВА “Творчество” гарадской акругі Самары.

На базе гэтых навучальных устаноў былі створаны беларускія творчыя калектывы, якія неаднаразова перамагалі на міжнародных, усерасійскіх, рэгіянальных, гарадскіх, фестывалях і конкурсах.

Наша моладзь разам з педагогамі з задавальненнем вывучаюць беларускую мову ў нядзельнай школе “Родны кут”.

У вакальныя і харэаграфічныя калектывы нашай арганізацыі ахвотна прыходзяць юныя таленты, ім падабаецца беларускія песні і танцы, а праз іх яны спазнаюць сваю гістарычную радзіму і многія пры выбары месца вандроўкі і адпачынку — выбіраюць менавіта Рэспубліку Беларусь.

— Нацыянальныя суполкі здатныя не толькі захоўваць гістарычную памяць, але і папулярызаваць беларускую культуру ў іншых краях. Ці ёсць зацікаўленасць беларускім мастацтвам там, дзе вы жывяце? Якія захады, на вашу думку, найбольш эфектыўныя?

— Узаемадзейнічаючы з нацыянальна-культурнымі аб’яднаннямі Самарскай вобласці і іншых расійскіх рэгіёнаў магу ўпэўнена сказаць, што цікавасць да беларускага мастацтва ёсць і яна трымаецца на дастаткова высокім узроўні. Нашы беларускія калектывы і калектывы нашых творчых партнёраў, якія выконваюць беларускія песні, танцы і папулярызуюць беларускую прозу і паэзію, заўсёды запатрабаваныя на мерапрыемствах, гледачы іх заўсёды вельмі цёпла прымаюць.

Мы рады прымаць удзел у мерапрыемствах на гістарычнай радзіме і з задавальненнем гатовыя сустрэць гасцей у сябе.

Так у кастрычніку 2018 года я ўзначаліла творчую дэлегацыю Самарскай вобласці на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У яе складзе ў горад Магілёў адправіліся шматразовы лаўрэат міжнародных, усерасійскіх фестываляў і конкурсаў беларускі вакальны ансамбль “Каданс” (мастацкі кіраўнік Іна Ігараўна Сухачэўская) САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000” і пяць найбольш яркіх майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Самарскай вобласці, якія прадставілі такія напрамкі, як лозапляценне, валянне, дэкаратыўны роспіс па дрэве, выраб нацыянальнай лялькі.

Творчая дэлегацыя прыняла ўдзел у выставе-кірмашы “Горад майстроў” і канцэртнай праграме “Садружнасць культур — садружнасць народаў” лепшых творчых калектываў Беларусі і Расіі. Галоўнае, каб чыноўнікі пра нас не забывалі і выкарыстоўвалі патэнцыял дыяспар разнапланава і на належным узроўні падтрымлівалі дзелавы аўтарытэт кіраўнікоў беларускіх грамадскіх аб’яднанняў.

— Сёння час шмат у чым дастаткова ўнікальны. Тэхналогіі, інтэрнэт, новыя формы працы дазваляюць беларусам замежжа жыць у самых розных кутках зямнога шара, але пры гэтым адчуваць сваю непасрэдную датычнасць да культурных традыцый сваёй краіны. Ці ёсць якія-небудзь прапановы па сумеснаму ўзаемадзеянню ў культурнай сферы? Па прасоўванні культурных праектаў як на Радзіме, так і за яе межамі?

— Мабыць, я паўтаруся, але скажу, ва ўсіх фестывалях якія арганізацыя арганізуе і праводзіць, дзякуючы Інтэрнэт-тэхналогіям, удзельнічаюць салісты і творчыя калектывы з краін блізкага і далёкага замежжа. І гэта мы пачалі ўжываць яшчэ задоўга да пандэміі. Можаце сабе ўявіць, што ў нашых фестывальных мерапрыемствах прымаюць удзел прадстаўнікі беларускіх суполак з Італіі, Украіны, Фінляндыі, краін Балтыі і іншых краін блізкага і далёкага замежжа.

Нам, вядома, не хапае жывых зносін і тое, што раней пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расіі праводзіўся фестываль беларускай культуры, мы — многія кіраўнікі — пра гэта ўспамінаем з цеплынёй і надзеяй на яго адраджэнне.

— Культура — тая сфера дзейнасці, якая па сутнасці з’яўляецца візітнай карткай любой краіны. Пры дапамозе культуры больш паспяхова ўсталёўваюцца, развіваюцца і эканамічныя сувязі. Беларусы, якія жывуць за мяжой, могуць спрыяць будаўніцтву краіны, мэтай якой стануць сур’ёзныя вышыні па многіх паказчыках у шэрагу сектараў эканомікі. Якія культурныя праекты, на ваш погляд, маглі б гэтаму садзейнічаць?

— Упэўнена, што да найбольш эфектыўных праектаў у вырашэнні гэтых задач варта аднесці Дні беларускай культуры ў тым ці іншым рэгіёне Расіі, а разам з гэтым арганізацыя беларускіх нацыянальных кірмашоў.

На жаль, у апошнія гады па рэгіёнах Расіі “падарожнічаюць прадпрымальнікі”, якія рэалізуюць нібыта беларускую прадукцыю, а на самой справе — кітайскі шырспажыў. Падобны гандаль, лічу, толькі падрывае імідж беларускіх прадпрыемстваў. І гэта вельмі сумна...

— Ці чытаеце вы нашу газету “Культура”, наш сайт kimpress.by?

— Мы не толькі чытаем Партал штотыднёвай грамадска-асветніцкай газеты “Культура”, але часам накіроўваем свае матэрыялы на адрас рэдакцыі гэтага выдання. Нам падабаецца аператыўнае размяшчэнне інфармацыі на сайце газеты. Практычна сайт газеты — гэта наш даведнік па мерапрыемствах культуры, якія праходзяць у Беларусі і гэта для нас вельмі важна.

Мы былі б вельмі рады, калі б паміж Самарскай абласной грамадскай арганізацыяй беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” і газетай “Культура” былі б усталяваны ўзаемавыгадныя партнёрскія адносіны.