Упрыкуску, упрыглядку і наўздагон

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Цікавая рэч: з цягам часу духоўнае паняцце “радзіма” набывала для мяне ўсё большую геаграфічную прастору. Спачатку радзіма абмяжоўвалася родным веткаўскім завулкам. Гадоў да сямі. Тут я гуляў у футбол з суседскімі хлопцамі і дзяўчатамі, тут зразумеў, што такое сяброўства, здрада, і нават — якімі душэўнымі выдаткамі абарочваецца першае каханне. Потым было “дзядзькаванне” ў матчынай Купрэеўцы. Вясковае вакацыйнае “выгнанне” давалася няпроста. Увечары я выбягаў за весніцы і ўглядаўся ў той бок, дзе дыхала пыльным летам маё мястэчка. Сумаваў па радзіме. Гадоў да дзесяці. Потым былі вучоба, практыкі ці не па ўсім Савецкім Саюзе і ўпартае і непарушнае ў часе перакананне ў тым, што лепшыя мужчынскія паясы ткаліся калісьці толькі ў Беларусі, а лепшым гуртом Саюза былі толькі нашы “Песняры”. Гадоў з дваццаці. Вось так паступова я станавіўся беларусам, для якога радзімай з’яўляюцца не толькі Нясвіж, Камянец, Жылічы з Оршай, але і самая маленькая вёсачка на паўадселенай Гомельшчыне. Вось такое практычнае краязнаўства з канкрэтнай высновай: для поўнага шчасця ўсяго свету мне не трэба, хопіць адной Бацькаўшчыны. Добрай, шчырай, справядлівай.

/i/content/pi/cult/852/18092/8.jpgПра любоў да Беларусі і яе насельнікаў я ўспомніў невыпадкова. Без гэтага пачуцця, я перакананы, няма чаго і брацца за работу ў сферы культуры. Усё будзе выглядаць фальшывым ды фармальным. Таму і люблю шчыра раёны ды сельсаветы, дзе добра памятаюць, што літары “ф” калісьці ўвогуле не было ў нашым алфавіце. Памятаюць, таму і традыцыі ашчаджаюць і выкарыстоўваюць пры гэтым самыя сучасныя тэхналогіі. Хто сумняваецца, няхай пачытае чарговае ліставанне.

Цытата ў працяг маёй думкі: “Музеі, тэатры, бібліятэкі, цэнтры культуры транслююць назапашаныя каштоўнасці папярэдніх пакаленняў пакаленню падрастаючаму. Але важна ўлічваць, што сёння мяняецца фармат падачы інфармацыі і ўстановы культуры павінны адпавядаць новым патрабаванням. Якой увогуле павінна быць установа культуры XXI стагоддзя? І як не заснуць падчас ночы музеяў?” Пытанні гэтыя задае добра вядомая вам Наталля Рамановіч — вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. І сама ўпэўнена дае адказ: “Такая ўстанова павінна стаць інавацыйнай шматфункцыянальнай пляцоўкай, якая набудзе статус цэнтра прыцягнення не толькі мясцовых жыхароў, але і турыстаў”. Наўздагон ночы музеяў аўтарка ўздымае вельмі важныя пытанні. “Нашы музеі не маюць музейнага статусу, — распавядае Наталля Рамановіч. — Аднак мы таксама прэзентавалі гасцям унікальныя экспанаты, незвычайныя этнаграфічныя прадметы ды загадкавыя гісторыі, звязаныя з імі”(правільна арганізаванае краязнаўства заўжды запатрабаванае — Я.Р.). Вы, натуральна, зразумелі, што гаворка — пра этнаграфічныя пакоі, якія з’яўляюцца вынікам шматгадовай краязнаўчай дзейнасці. Экспанаты тут “ажываюць”, і любы ахвотны можа паставіць гаршчок у печ з дапамогай “качаргі”. Такія інтэрактыўныя забаўкі ў стылі рэтра карыстаюцца павышаным попытам. У Індурскім Цэнтры культуры, да прыкладу, існуе такі асартымент паслуг музейнай ночы, як квэст, сувенірны салон, 3D-макеты старажытнага паселішча, гульні і конкурсы. А ў Абухаўскай сялянскай хаце вас навучаць піць чай упрыкуску, упрыглядку і наўздагон… На маёй Веткаўшчыне стараверы пілі чай “без цырымоній”: прывязвалі кавалак цукру на нітцы да столі, называлі яго “цырымоніяй”, глядзелі і пілі. Своеасаблівы варыянт чаяпіцця наўздагон. Вось такое практычнае краязнаўства ў маштабах рэспублікі. А “здзіўляцца” і “драмаць” — словы антонімы. Хоць у музеі, хоць у бібліятэцы.

Працягваюць паступаць лісты пра акцыі з нагоды Дня сям’і. Справа святая. У Сенненскай цэнтральнай раённай бібліятэцы мерапрыемства называлася “Сямейная ідылія”. Адпаведныя дзеі прайшлі і ў іншых установах раёна. Шанаваліся самыя сталыя сямейныя пары і самыя маладыя.

У вёсцы Гродзі Ашмянскага раёна адбылося пасяджэнне клуба выходнага дня для людзей сталага веку “Адпачываем разам”. На пасяджэнні дзяліліся сямейнымі кулінарнымі традыцыямі. Шкада, што ніводнага сакрэту беларускіх мясцовых страў раённыя метадысты раскрываць не захацелі. Так мы і не даведаемся, як на Ашмяншчыне фірмовыя дранікі гатуюць.

Працягваем гаворку пра Ашмянскі раён, дзе вельмі шануюць сямейныя традыцыі. Аграгарадок Гальшаны — не выключэнне. На канцэрт тут ішлі сем’ямі. “Камандна” ўдзельнічалі ў конкурсах і танцах. Гэтак жа дружна і прызы атрымлівалі. А ў Барунах дзеля сямейных урачыстасцяў аб’ядналіся работнікі адукацыйнай установы, сельскіх клуба і бібліятэкі. У выніку атрымалася культурна-спартыўнае свята, на якое быў запрошаны Хатнік, добры, гаспадарлівы і спартыўны.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч назвала Беразіно горадам узорных сем’яў. “520-годдзю раённага цэнтра, — распавядае аўтарка, — прысвечаны злёт-форум “Здаровыя сем’і — залаты фонд горада”. Адзін з ініцыятараў мерапрыемства — Бярэзінская райбібліятэка. Намінаваны на форум 16 сем’яў. Кожная пятая — мнагадзетная, у тым ліку адна сям’я — з двойняй. На свяце своеасаблівым тронам для ганаровых пар стала рамантычная лавачка, што дазволіла вывесці іх на арбіту ўсенароднага прызнання.”

І апошняя “сямейная” інфармацыя — пра чытанне ў Шчучынскім раёне. У мясцовай дзіцячай бібліятэцы зладжана свята сем’яў, якія чытаюць. Кожны з прысутных распавёў пра свае літаратурныя прыхільнасці.

Сярод лістоў іншай тэматыкі зноў лідзіруе Гродзенскі раён. Супрацоўнікі раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра паведамляюць пра адкрыццё турыстычнага сезона. Гаворка пра рэгіянальны адкрыты фестываль народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”. Мерапрыемства, як вядома, брэндавае і заўжды вабіць турыстаў. Гэтым разам фестывальная пляцоўка аб’яднала майстроў і аматараў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спартсменаў, якія паўдзельнічалі ў забегах з бабуліным вілашнікам і ў майстар-класах па распілоўванні бервяна ручной пілой “Дружба”… Прэзентаваўся і вясковы канцэрт з танцамі пад гармонік. Упершыню дзейнічала інтэрактыўная пляцоўка, дзе ахвотныя маглі маляваць, фарбаваць, канструяваць шлюзы і лодкі для Аўгустоўскага канала. Як заўжды, можна было з карысцю прагуляцца па бібліятэчным бульвары.

Крэатывяць і ў Карэліцкім раёне. Тут адбыўся фестываль “Ярэміцкія маскі запрашаюць”. Адбыўся, натуральна, у Ярэмічах. Справа ў тым, што мясцовыя артысты з народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” пад кіраўніцтвам Марыі Корань любяць збіраць вакол сябе людзей таленавітых і неабыякавых. Таму ў фэсце бяруць удзел вядучыя музычныя і тэатральныя калектывы раёна. На стыку музычнага і тэатральнага мастацтва часам нараджаюцца адмысловыя рэчы. Я даўно казаў, што сапраўдны брэнд здольны нараджаць брэнды.

Метадыст Слонімскага раённага Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Святлана Бушчык напісала пра штогадовы “Жыровіцкі фэст”: “На музычнае свята ў гонар з’яўлення цудатворнай іконы Божай маці “Жыровіцкай” з’ехалася 35 харавых, вакальных і вакальна-інструментальных ансамбляў, а таксама — салісты, аўтары-выканаўцы з розных куткоў Беларусі. Яны прэзентавалі прысутным творы духоўнай, народнай, эстраднай, аўтарскай музыкі на беларускай, грузінскай, сербскай, лацінскай мовах. Пераканаўча выступілі народны вакальны гурт настаўнікаў “Сугучча” з Мірскай дзіцячай школы мастацтваў, харавы калектыў узорнага ансамбля песні і танца “Званочкі” з сярэдняй школы № 1 Ашмян, узорны хор “Камерата” (Слонімская ДШМ)... У якасці спецыяльных гасцей выступілі іераманах Агафангел (Будзішын) з Сербіі і мужчынскі народны вакальны гурт “Дабравест” з Мінска”.

А цяпер — бібліятэчная навіна са Слоніма. Наталля Гурская, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа, назвала свае нататкі “Вялікі рамантык”. Гаворка — пра сына Слонімскай зямлі Алега Лойку, 90-гадовы юбілей якога адзначаецца сёлета. З гэтай нагоды ў райбібліятэцы прайшоў літаратурны вечар. “Так, — сцвярджае аўтарка, — Алег Антонавіч быў сапраўды вялікім рамантыкам, у тым ліку, і ў творчасці. Ён любіў жыццё ва ўсіх яго праявах. Некалькі гадоў таму ў нашай установе адкрыўся музейны пакой пісьменніка. Тут акрамя літаратурнай спадчыны сабраны і асабістыя прылады Алега Антонавіча.”

Пра творчы вечар “Мелодыі майго сэрца” напісала нам метадыст Смаргонскага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова. На вечары шанавалі мясцовага кампазітара Аляксандра Ляха, які “агучыў” вершы многіх беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і Мар’яна Дуксы, з якім Аляксандр Палікарпавіч сябраваў. На мерапрыемстве выступілі і ўдзельнікі абодвух хароў, якімі кіруе Аляксандр Лях.

І апошняя на сёння навіна — ад метадыста Ірыны Струмскіс. Яна паведамляе пра абласны фестываль побытавых танцаў, які ў чарговы раз адбыўся ў аграгарадку Дзітва Лідскага раёна. Удзельнікі узростам ад 7 да 70 гадоў супернічалі ў харэаграфічным майстэрстве. Наступны фэст адбудзецца праз два гады.

Пішыце і здзіўляйце!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"