Анімацыйная сімфонія Ігара Воўчака

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

У беларускім кіно жанр анімацыі займае асаблівае, пачэснае месца — ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць. Сёлета беларуская анімацыя адзначае сваё 50-годдзе, а адзін з самых яе заўважных і знакавых людзей рэжысёр Ігар ВОЎЧАК адзначае 75-годдзе — прыпала яно на майскія дні. На кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Віктаравіч працуе 53 гады! Ён зняў безліч работ, атрымаў мноства прызоў, напісаў музыку да вялікай колькасці анімацыйных і дакументальных стужак, атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, а яшчэ ініцыяваў з’яўленне фестывалю “Анімаёўка”, узначальваў Беларускі саюз кінематаграфістаў, агучваў сабак і ваўкоў на ўсіх студыях Савецкага Саюза, кіраваў аркестрам і іграў у ВІА… Спіс можна працягваць. Вось і паважны юбілей Ігар Воўчак сустракае ў самай што ні на ёсць актыўнай дзейнасці — заканчвае новы фільм.

/i/content/pi/cult/852/18091/7.jpg— Як ні дзіўна па цяперашнім часе, новая стужка ў вас не забаўляльная, не для дзяцей, а з галіны так званага аўтарскага кіно.

— Скажу, магчыма, нечаканую рэч, але неяк я аблашчаны лёсам, ніколі не меў перашкодаў здымаць, што хачу. І здымаў нярэдка фільмы эксперыментальныя, няпростыя для ўспрымання, маючыя большы поспех на фестывалях, а не ў пракаце. У мяне ёсць прыказка, што я працую для інтэлектуальна развітых людзей — дзяцей і дарослых, многія мае работы патрабуюць пэўнай падрыхтоўкі. Так і новы фільм “Прэлюдыя і фуга” — мае дзіцячыя ўспаміны, мае ўжо дарослыя нейкія ацэнкі. Я рэжысёр, аўтар сцэнарыя, сам выконваю Прэлюдыю і фугу до мажор Іагана Себасцьяна Баха. Такім чынам, гэта маё аўтарскае эсэ, мае ўласныя ўспаміны — пра дзяцінства ў Ташкенце, дзе я рос да сямі гадоў, пра Мінск, куды мы пераехалі і для якога бацька, заслужаны архітэктар БССР, спраектаваў нямала знакамітых будынкаў, пра людзей, што жылі ў Савецкім Саюзе. У любыя часы ў дзяцей бываюць моманты шчасця і радасці, і фільм менавіта пра гэта. Каб людзі прызадумаліся, што, можа, у нашым мінулым не ўсё толькі дрэннае, што нешта варта было б і пакінуць, каб з вадою не выплюхнуць і дзіцёнка.

— І вы працягваеце сваю традыцыю даваць стужкам музычныя назвы…

— Так. Калісьці гэта было проста данінай маёй першай спецыяльнасці — я скончыў кансерваторыю як піяніст, і маёй любові да музыкі, якую лічу найвышэйшым мастацтвам. Калі паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве, то вельмі здзіўляўся таму, што прайшоў такі неверагодны конкурс — 74 чалавекі на месца. Натуральна, потым спытаў у сваіх выкладчыкаў — а гэта былі легендарныя Юрый Нарштэйн, Фёдар Хітрук, Раман Качанаў — чаму, маючы такі багаты выбар, вы ўзялі менавіта мяне? Мне сказалі, што я быў адзіным з вышэйшай музычнай
адукацыяй, і яны чакаюць ад мяне музычных фільмаў. Праўда, што гэта такое, не растлумачылі. (смех) І каб хоць нейкім чынам спраўдзіць чаканні маіх настаўнікаў, я пачаў прыдумляць музычныя назвы — “Капрычыа”, “Канчэрта гроса”, “Скерца”... А вось потым ужо свядома, абапіраючыся на змест, абіраў належныя музычныя формы.

— Хоць тыя фільмы і не назавеш камерцыйнымі, прафесіяналамі яны былі ацэненыя, і прызнанне вы атрымалі…

— Сапраўды, у нейкім сэнсе я ўлюбёнец лёсу, і ніколі не працаваў дзеля грошай. Але здымаў, канешне, для гледачоў, як жа інакш. Найбольш каштоўнымі для мяне былі нават не шматлікія прызы на фестывалях, а прызнанне ад людзей неабыякавых, дасведчаных. Напрыклад, я быў шчаслівы, калі на міжнародным фестывалі “Крок” у Расіі ў 2014 годзе на раніцу пасля паказу майго “Ронда-капрычыёза” гледачы прынеслі мне свой прыз, які зрабілі ноччу, ляльку — Ікара з вышытым надпісам “За палёт” (гэта фільм пра чалавека, які марыў лятаць). І было вельмі балюча, калі па
нейкім недаглядзе мой іншы фільм — “Капрычыа” — у 1986 годзе выпусцілі ў шырокі пракат, не думаючы, ці падыходзіць ён для таго, і ва ўсе органы адразу пайшлі гнеўныя лісты — на што, маўляў, ідуць дзяржаўныя грошы, што гэта за трызненне! Для мяне тады ўсё магло скончыцца нават суіцыдам — не перабольшваю, калі б не “выратавалі” перамогі “Капрычыа” на фестывалях.

— Але ж у вас многа і дзіцячых фільмаў, цалкам зразумелых, лёгкіх, яскравых.

— Тым не менш, забаўляючы, я заўсёды думаў яшчэ і пра змест, стараўся нечаму навучыць, адукаваць. Напрыклад, кожная з сямі серый “Несцеркі” заканчваецца беларускай прымаўкай, і менавіта ёй прысвечана. А прымаўкі — гэта народная мудрасць. З нядаўніх магу згадаць “Цуды ў дзень нараджэння” — без ніякага дыдактызму дзеці даведваюцца пра пэўныя фразеалагізмы, а ў “Акіянах” — дзе праходзіць мяжа паміж акіянамі. Ці ўзяць увесь гэты праект — “Аповесць мінулых гадоў” пра гісторыі беларускіх гербаў, дзе я быў і аўтарам ідэі, і мастацкім кіраўніком — не сумна і захапляльна. Увогуле, у мяне многа самых розных работ, я не прытрымліваюся нейкай адной лініі. Хіба што міжнароднае, фестывальнае прызнанне, а таму і нейкая больш гучная вядомасць прыйшлі да маіх “дарослых”, умоўна кажучы, фільмаў. Бо я люблю жыццё “ў асартыменце”, так бы мовіць. (смех) І ў мастацтве хачу паспрабаваць усё, мне гэта падабаецца.

Насамрэч анімацыя — гэта глыбокае, сур’ёзнае мастацтва, а не толькі тое, што я называю “анімацыйнымі чыпсамі”. Нічога не маю супраць “чыпсаў”, гэта асобнае ўменне — іх вырабляць, якім я, мабыць, не надзелены. Але не будуць жа нармальныя бацькі карміць малых толькі чыпсамі! Анімацыя можа ўзнімацца да сапраўдных філасофскіх, паэтычных, мастацкіх вяршыняў. І я заўсёды эксперыментаваў, спрабаваў розныя тэхнікі, намагаўся знайсці новую эстэтыку. Таму што мастацтва мае свае спецыфічныя эстэтычныя, духоўныя задачы. Цяперашні лозунг — прыбытак любой цаной — не можа тычыцца мастацтва, не ў гэтым яго прызначэнне.

— Але ж можа анімацыя прыносіць прыбытак, мяркуючы па сусветным вопыце? Нават незабаўляльная. А наша беларуская анімацыя?

— Несумненна! Пры правільным падыходзе і незабаўляльныя анімацыйныя фільмы могуць быць прыбытковымі. Вось як напрыканцы 80-х гадоў у мяне быў дыстрыб’ютар у Францыі, які вельмі добра зарабляў на маіх фільмах. І не, ён не пускаў іх у пракат, а прадаваў паказы ў музеях, інстытутах, кінашколах і гэтак далей. І за кошт таго, што ахопліваў ледзь не ўвесь свет, атрымліваў вельмі прыстойныя грошы. То проста трэба ўмець прадаваць, трэба ўмець працаваць з анімацыяй.

У беларускай анімацыі вялікі патэнцыял, але з ім неабходна беражліва абыходзіцца. Зараз мы практычна страцілі ўсіх студыйных спецыялістаў, аніматараў, моладзь сышла. Знікла тое, што я ў свой час ствараў і як выкладчык Акадэміі мастацтваў, і як кіраўнік Беларускага саюза кінематаграфістаў, і проста як патрыёт нашай студыі. “Прэлюдыя і фуга” — гэта самая “крывавая” мая работа за ўсе часы: не было людзей, здымачная група доўга прыціралася, з-за розных фінансавых пытанняў я ўсё яшчэ не магу атрымаць матэрыялы для мантажу. З аднаго боку — можна сесці і расплакацца, і нічога не рабіць. З другога — гэта не выйсце. Павінна быць надзея, што здаровы розум усё ж пераможа, і я яе маю.

— Часта можна пачуць згадкі пра так званы “залаты век беларускай анімацыі”, да якога далучаюць вас, Алега Белавусава, Міхаіла Тумелю… Ён ужо прайшоў?

— Такі век быў, сапраўды. І пачынаўся ён з Алега Белавусава, які зрабіў надзвычай многа для нашай анімацыі. Я падхапіў, а Міша Тумеля ўжо прадоўжыў. Менавіта Алег Белавусаў у нейкім сэнсе і прывёў мяне ў анімацыю, я многім яму абавязаны — гэта быў выдатны, унікальны, высокаадукаваны чалавек. Мы з ім, так здарылася, ледзь не вырашылі лёс студыі анімацыйнага кіно на “Беларусьфільме”. Калі ў 90-х Алег стварыў сваю незалежную студыю “АВС”, то ўсе перайшлі да яго. А дырэктар “Беларусьфільма”, дзе з мультыплікатараў засталося толькі 9 чалавек, сказаў мне тады — калі ты застанешся, мы не будзем закрываць анімацыйную студыю, сыдзеш — зачынім. Я застаўся. А праз
нейкі час усе вярнуліся.

А вось мой асабісты залаты век, я лічу, працягваецца. Пачаўся ён з таго моманту, калі я пабачыў новую, дзіўную, глыбокую анімацыю — творы таго ж Юрыя Нарштэйна, ці наш беларускі фільм “Хлопчык і птушка” 1973 года Валодзі Піменава і Ларысы Зіневіч, да якога я пісаў музыку. Тады я раптам усвядоміў, якія магчымасці хаваюцца ў гэтым мастацтве, зразумеў, што менавіта ў ім збягаецца ўсё, чаму я вучыўся да таго — і жывапіс, і музыка. Дарэчы, я быў першым з Беларусі, хто стаў прафесійна адукаваным рэжысёрам-аніматарам — не прыезджым, а нашым, мясцовым. Следам за мной пацягнуліся і іншыя, да анімацыі пачалі ставіцца сур’ёзна. Такім чынам, у 82-м выйшаў мой першы фільм — “Пра Ягора, пра варону…” Праўда, потым я пяць гадоў сядзеў без працы, але гэта ўжо іншая гісторыя. (смех)

— А кажаце, што вам заўсёды шанцавала…

— Але я не сумаваў — працаваў у ВІА “Дойліды”, успаміны пра які вартыя асобнай кнігі. “Дойліды” тады былі такім спецыялізаваным ансамблем, што абслугоўваў яўрэйскія вяселлі. А калісьці ж у мяне быў сапраўдны аркестр “Сябры”, з якім мы ігралі на танцах у парку Чалюскінцаў. І чатыры гады я адыграў у славутым па тым часе аркестры мінскага цырка. Увогуле, у мяне столькі ўсяго было ў жыцці, што хапіла б, як я кажу, на 850 гадоў, — і самых розных заняткаў, і безразважных учынкаў, і прыгод, якія я і зараз згадваю з захапленнем, — сапраўдны рок-н-рол! Ніколі не ведаю, чым дзень скончыцца, выйду з хаты —
абавязкова каго-небудзь сустрэну, зраблю для сябе якое-небудзь адкрыццё. У маладосці мог раптоўна, нікуды не збіраючыся ранкам, к вечару апынуцца ўжо ў Маскве, у Баку, ці яшчэ дзе. А аднойчы, у 90-х, я вырашыў імгненна разбагацець, і ўзяўся суправаджаць фуру з грузам у Валгаград — два разы пабываў на міліметр ад смерці. Дый у творчасці мой авантурызм адбіваецца. Вось тое, што я ўзяўся за “Прэлюдыю і фугу” — чысты авантурызм.

— Ці гучна вы адзначалі свой юбілейны дзень нараджэння? Ці думаеце над будучымі фільмамі?

— Асабліва ніяк не адзначаў. Я чалавек прымхлівы, і памятаю, як мой бацька вельмі чакаў свайго 75-годдзя, рыхтаваўся да яго, бо яму было чым ганарыцца і што паказаць. Але не дацягнуў да даты два месяцы. Канешне, мне было вельмі прыемна, што ў Музеі гісторыі беларускага кіно зладзілі рэтраспектыву маіх фільмаў, а тэлеканал “Беларусь 3” увесь дзень 18 мая прысвяціў мне і маёй творчасці.

Над новым фільмам не думаю, і наўрад ці буду яшчэ здымаць. У мяне іншая задача — я ж яшчэ і выкладаю ў Інстытуце сучасных ведаў! Хачу падрыхтаваць навагодні альманах з работ маладых творцаў, які б тэлебачанне з задавальненнем паказвала на кожнае свята. Як казаў Пушкін, “я молод юностью чужой”, мне цікава з маладымі. І я хачу паспець “заразіць” сваім стаўленнем да анімацыі як мага больш людзей.